Тэа і Оля. Музыка, сям’я, каханне

№ 7 (1446) 15.02.2020 - 22.02.2020 г

Абаяльныя, усмешлівыя, добразычлівыя — закаханыя! — сапраўдныя сонейкі на нашай сцэне: Вольга Рыжыкава і Тэа. Акрамя абаяння, якое моцна дапамагае ім у кар’еры тэлевядучых, вядучых музычных фестываляў і канцэртаў, артысты маюць і несумненны музычны талент — не толькі спяваюць, але і пішуць песні — для сябе і многіх іншых артыстаў. І песні гэтыя падабаюцца слухачам, гучаць па радыё і тэлебачанні. Тэа — Юрый Вашчук — як сольны выканаўца 6 гадоў таму ўдзельнічаў у конкурсе “Еўрабачанне”: сольную кар’еру ён працягвае, але цяпер ёсць ужо і папулярны дуэт — Тэа і Вольга Рыжыкава, а ў дуэта свой багаты рэпертуар — з прыгожымі, лірычнымі песнямі пра шчаслівае каханне. Прыкладна год таму артысты сталі бацькамі, і гэта яшчэ больш натхняе іх на творчасць. Яны — госці нашых “Суботніх сустрэч”.

/i/content/pi/cult/785/16926/13_1.jpg

Фота Святланы Курэйчык

— Ці бралі вы творчую паўзу, калі нарадзілася дачка, ці адбілася гэтая падзея на творчасці?

Вольга: — Працаваць мы не пераставалі. Яшчэ калі даведаліся, што станем бацькамі, дамовіліся — жыццё стане толькі лепей, і паспяваць будзем яшчэ болей. І наша цудоўная дачка Валерыя ўжо натхніла Юру на некалькі выдатных інструментальных кампазіцый, мы запісалі дуэтную песню “Ближе”, якая вось нядаўна стала лаўрэатам “Песні года”. Пасля з’яўлення дзіцяці ў нас усё ішло на такім пазітыве і эмацыйным уздыме, што і не было думкі пра нейкія творчыя паўзы. Але самае складанае ў бацькоўстве, аказваецца, гэта пастаянная трывога, пастаяннае перажыванне. Мы ўжо зразумелі, што гэта на ўсё жыццё застанецца, і змірыліся (смех).

Тэа: — Варта адзначыць, што нам вельмі дапамагалі і дапамагаюць бацькі, мы ім вельмі ўдзячныя, вельмі гэта цэнім.

— А калісьці, Юрый, вы многа працавалі менавіта як аранжыроўшчык, вялікая колькасць песень на беларускай эстрадзе зроблена менавіта вамі…

Вольга: — Юра атрымаў пару Нацыянальных прэмій як лепшы аранжыроўшчык і завяршыў кар’еру (смех). Але я вельмі радая, што ён прыняў такое рашэнне, і цяпер усе сілы і талент накіроўвае на кампазітарскую дзейнасць і працу на сцэне ў якасці артыста.

Тэа: — З аранжыроўкамі для іншых артыстаў я пакончыў адразу пасля “Еўрабачання”. Проста фізічна ўжо не ставала часу. Я памятаю, як бясконца сядзеў начамі, пакуль не сінеў ад стомленасці. Але тады ў мяне не было іншага выйсця, бо на той момант спевамі я асабліва не зарабляў — выступаў толькі з аркестрам Міхаіла Фінберга. Пасля “Еўрабачання” ўсё змянілася.

Вольга: — Магу расказаць гісторыю, як мы з Юрам толькі пачыналі нашыя рамантычныя адносіны. А ён на той час працаваў у тэлепраекце “Наперад у мінулае”, дзе народныя песні выконваюць і сапраўдныя вясковыя спевакі, і эстрадныя артысты ўжо ў сучаснай аранжыроўцы. Я яму кажу: “Давай сустрэнемся!” А ён мне ў адказ: “Не магу, у мяне бабулечкі!” — так іх называў. Гэта значыць, што ён будзе сядзець усю ноч і рабіць трэк, назаўтра прыйдзе артыст у студыю, праспявае, а Юра потым возьмецца за наступную кампазіцыю. Ён зрабіў такім чынам 110 песень!

Тэа: — Сапраўды, канвеер. І там былі цудоўныя, незвычайныя песні. Гэта такі фальклор, што жыве і зараз, і артысты з ім выступаюць — песні не забытыя. Многія, дарэчы, спачатку адмаўляліся ад прапаноў паўдзельнічаць у праграме — нецікавы ім быў фальклор, а потым наадварот — прасілі ў мяне зробленыя мінусавыя фанаграмы, каб выступаць з гэтымі народнымі творамі ў сваіх канцэртах. Так што недарма я рабіў.

— То зараз пішаце толькі для сябе і для Вольгі?

Тэа: — Не зусім так, калі ёсць нейкія цікавыя масштабныя праекты, то стараюся не прапускаць. Вось нядаўняе дзіцячае “Еўрабачанне” ў Мінску — усю музыку, увесь прадакшн я рабіў.

Вольга: — Не проста рабіў, а быў кампазітарам усяго мерапрыемства. Я яскрава памятаю момант, як мы сядзелі ў зале “Мінск-Арэны” — гасне святло, загучала інтра — а я ведаю кожны такт гэтай кампазіцыі, таму што яна пры мне стваралася. І агульная песня, і музычныя падложкі, і візітоўкі ўсіх краін — гэта ўсё ідэя і творчасць аднаго чалавека. І я так ганарылася сваім мужам, які сціпла сядзеў побач. Мне хацелася ва ўсе бакі “Мінск-Арэны” — і направа, і налева — крычаць: “Гэта мой напісаў!”

Тэа: — Мы і для дзяцей песні пішам, і для дарослых, і для розных праектаў. Для нядаўняй “Песні года” напісалі інтра да канцэрта, у якім трэба было зрабіць нешта даволі складанае — сумясціць у адной кампазіцыі і маладых артыстаў, і мэтраў, такіх як Анатоль Ярмоленка. І для ІІ Еўрапейскіх гульняў у Мінску я пісаў музыку да афіцыйнага прома. Але прызнаюся шчыра, больш за ўсё мне хочацца займацца нашым дуэтам і маёй сольнай кар’ерай.

— Вы згадалі нядаўнюю “Песню года”. У інтэрнэце яна выклікала пэўную цікавасць і крытычныя заўвагі наконт таго, што беларуская эстрада, маўляў, гэта “ўчарашні дзень”. І артысты не тыя, і песні…

Тэа: — А мне здаецца, што гэтым разам арганізатары ўлічылі самыя розныя густы, і з тэхнічнага, відовішчнага боку шоу было на высокім узроўні. Іншая справа — хто якую музыку слухае. Калі хтосьці любіць Red hot chilі peppers ці нешта падобнае, так гэтага там і не магло быць! Для такога ёсць іншыя праекты, іншыя фестывалі.

Вольга: — Тое, што “Песню года” некалькі дзён так актыўна абмяркоўвалі ў сацсетках і прэсе, гаворыць толькі аб тым, што сёлета яе паглядзела нашмат болей людзей. Так што падабаецца яна значна больш, чым не падабаецца. А мы, артысты, вельмі ўдзячныя арганізатарам і публіцы за гарачы прыём!

— А вам асабіста часта дастаецца ад крытыкаў, ці сутыкаецеся вы як артысты з негатыўнай рэакцыяй?

Тэа: — Нават і не прыгадаю чагосьці. Усе, з кім мы сустракаемся, да нас добра ставяцца — і гледачы, і калегі. Аднойчы, праўда, супрацоўнік ДАІ мяне спыніў і не дараваў штраф. А я сядзеў сабе сціпленька, маўчаў. А ён кажа: “Думаеце, я вас не пазнаў? Пазнаў. І нават адпусціў быў. Але 16-е месца — ну, гэта не сур’ёзна”. Пасля “Еўрабачання” выпадак быў. (смех)

Вольга: — А я лепей бы расказала, як часта таксісты цябе падвозілі бясплатна, хоць ты і не прасіў, колькі чызкейкаў мы з’елі ў якасці кампліментаў ад кафэ, як людзі падыходзяць паціснуць руку ці падзякаваць. Я запамінаю заўсёды менавіта добрае, і яго ў мільёны разоў болей, чым дрэннага. А колькі цяпер падарункаў для нашай дачкі перадаюць — прыходзяць на канцэрты не толькі з кветкамі, але і з цацкамі.

Тэа: — Часта чуем падзякі ад людзей за тое, што ім было лёгка з намі прачынацца і збірацца на работу — калі мы вялі ранішнія эфіры на тэлебачанні. Нехта дзякуе за “Славянскі базар”, нехта за тое, што песня “Нам очень” стала іх першым танцам маладых на вяселлі, і гэтак далей.

Вольга: — А я сама хачу падзякаваць нашым беларускім людзям за тое, што яны такія спагадлівыя. Мы ж многа выступаем не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах Беларусі — раз ці нават два на тыдзень абавязкова куды выязджаем. Жыццё круціцца не толькі ў Мінску, і не толькі вакол густаў двух-трох журналістаў.

— У вас ужо каля дзесяці дуэтных кампазіцый, у асноўным лірычных. Песні, што Тэа выконвае сольна, моцна адрозніваюцца?

Тэа: — Мае песні, мабыць, больш вясёлыя, пазітыўныя, з гумарам нейкім. Але і нашы дуэтныя песні я не назаву сумнымі — адкуль там узяцца суму? Мы так сядзім вечарком на кухні, п’ем гарбату, і разам пішам песні. І нам зусім нясумна.

Вольга: — Увогуле, у жыцці хапае праблем, а на сцэне хапае артыстаў, якія спяваюць пра тое, як усё дрэнна ці якое ў іх нешчаслівае каханне. А мы ж пішам сабе самі, і пішам пра тое, што для нас актуальна, што для нас як для артыстаў арганічна і блізка, таму і атрымліваюцца дастаткова светлыя кампазіцыі. Магчыма, былі б у нас іншыя аўтары песень, мы паспрабавалі б і больш “няшчасную” ролю, але пакуль так.

— Калі казаць пра спевака Тэа, то яго візітоўка, канешне, Cheesecake. А ў Олі ёсць свая візітоўка?

Вольга: — Мабыць, гэта песня “Пока” — мая першая песня, якую мне прапанаваў Леанід Шырын, а я тады называлася спявачкай Данай. Было мне гадоў 18-19, і — вось што цікава — калі я нават уявіць не магла, што будзе праз дзесяць гадоў — і аранжыроўку песні рабіў, і бэк-вакалы на ёй запісваў менавіта Юра. Я яму тады за гэта яшчэ і грошы плаціла! Вось так мы доўга адзін да аднаго падбіраліся (смех). З дуэтных кампазіцый гэта, мабыць, песня “Нам очень”. А калі казаць пра візітоўку мяне як аўтара тэкстаў — то можна назваць песні, напісаныя ці з Леанідам Шырыным, ці з Тэа — Юрыем Вашчуком — для іншых артыстаў. Напрыклад, “Теряли высоту” для Іны Афанасьевай, “Небо знает” для Алёны Ланской, “Верное сердце” для Сашы Саладухі. Зараз мы з Юрам пішам песні і для Льва Лешчанкі, і для Аляксандра Сярова. Спяваюць нашы кампазіцыі Анжаліка Агурбаш, Анатоль Ярмоленка, Іскуі Абалян, Дзіма Калдун, Руслан Аляхно. Вось нядаўна Леў Валяр’яныч не паленаваўся, напісаў нам, што будзе выконваць нашу песню “Не теряйте любимых” у сваім сольным канцэрце на Першым расійскім тэлеканале. Аляксандр Сяроў з нашай кампазіцыяй “Женщина моя” стаў лаўрэатам “Песні года” ў Расіі, спяваў яе ў “Алімпійскім”.

— А як вы пачалі пісаць тэксты песень — выпадкова?

Вольга: — Леанід Шырын прапанаваў мне паспрабаваць — даў музыку, а праз тры гадзіны я напісала тэкст, і адразу ўдала — гэта была “Теряли высоту”. А так я, канешне, і да таго пісала. Самае галоўнае — калі вучылася ў музычным вучылішчы імя Глінкі, а потым ва Універсітэце культуры, я пісала многа музыкі, была захопленая гэтым. І калі студэнткай прыйшла ў студыю да Леаніда Шырына, я ж і не думала быць артысткай — прыйшла як салідны аўтар з вялікім стосам клавіраў, прыйшла паказаць сваю музыку. Леанід сказаў, што нешта зашмат кампазітараў на квадратны метр, але, можа, паглядзіць потым. А праз некалькі дзён патэлефанаваў і прапанаваў мне песню “Пока”. Так я і стала Данай, так стала і спявачкай. А Юра ж таксама піша не толькі песні — у яго многа і музыкі да кіно, і інструментальных кампазіцый. Проста не ўсе пра гэта ведаюць.

Тэа: — У мяне па вялікім рахунку няма асаблівага імкнення папаўняць рэпертуар расійскай эстрады. Каб такое было гадоў дзесяць таму, я б падумаў — здорава! А зараз я ўжо думаю пра тое, як найперш напісаць добрую песню для сябе, для нас з Олей, а не для кагосьці іншага, няхай і вельмі папулярнага. І не сказаць, каб нам так моцна хацелася б заваёўваць расійскі рынак. Пераязджаць туды мы дакладна не збіраемся.

Вольга: — Мы па свеце многа ездзім, і нам хапае. Вось былі нядаўна ў Лондане, пагулялі выдатна, ці зляталі ў Парыж, Рым — і хутчэй дахаты. Да таго ж па працы бываем у цікавых месцах. З нядаўняга — восенню, напрыклад, былі ў Дубаі вядучымі вялікага фестывалю “Парус” з усімі магчымымі расійскімі зоркамі — ад “Ленінграда” да Земфіры. Былі членамі журы і спявалі песні на міжнародным фестывалі ў Растове-на-Доне, нарэшце пабывалі за Уралам — выступалі ў Екацярынбургу. З’ездзілі, папрацавалі, паглядзелі на цікавыя мясціны і цікавых людзей, і нам досыць. Усе нашы планы тут: у Юры хутка з’явіцца свая студыя, рыхтуем наш вялікі сольны канцэрт у Мінску. Галоўнае, у нас многа новых ідэй для песень.