Ad marginеm беларускай свядомасці

№ 7 (1446) 15.02.2020 - 22.02.2020 г

Ускраіна, памежжа — такой агульнай тэмай можна аб’яднаць апошнія стужкі такіх розных рэжысёраў як Віктар Аслюк і Дар’я Юркевіч, прэзентаваныя напрыканцы студзеня ў рамках адмысловага паказу на Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”. Дзіўным чынам “Абход” (Віктара Аслюка) і “Невядомы рай” (Дар’і Юркевіч), зробленыя на студыі дакументальнага кіно “Летапіс”, перагукнуліся, даследуючы тэрыторыю несамавітай правінцыі.

Калі казаць у катэгорыях апазіцыі: калі ў фільме Дар’і Юркевіч мы трапляем у “невядомы рай”, то ў карціне Віктара Аслюка — спукаемся ў пекла. Насельнікі апошняга не носяць рогі і капыты, яны ўсяго толькі заблукаўшыя душы, якія часам жывуць у лімбе, а часам спускаюцца на самае дно.

“Абход”

/i/content/pi/cult/785/16922/9_2.jpgПравадніком у той непрыглядны свет дзіўнаватых персанажаў у “Абходзе” з’яўляецца старшы ўчастковы інспектар міліцыі Мядзельскага РАУС Аляксандр Клемята. Цяпер зразумела, што гаворка ідзе пра маргінальны свет вёскі.

Хто ёсць такія вясковыя “крымінальныя элементы”? Як яны выглядаюць? Дзе жывуць? У чым іх злачынствы? Адпраўляючыся разам з міліцыянерам у руцінны абход па асобных кропках, мы атрымоўваем магчымасць убачыць той бок жыцця, што не прынята дэманстраваць чужому воку. Калі ёсць светлы бок месяца, то вось вам і яго цемра. Хтосьці апынуўся ў ёй па сваёй волі, а хтосьці — па недарэчнасці.

“Я ўжо стаў на пуць ісцінны, а тут такое здарылася”, — камера Аляксандра Казазаева фіксуе маладога чалавека невызначанай знешнасці, які распавядае пра свае прыгоды. Гледзячы на мужчыну, між волі ўзнаўляеш слова “тыпаж”, што пазначае людзей такой катэгорыі: алкаголь “размыў” прыкметы яго ўзросту і індывідуальныя асаблівасці. Чалавек выглядае карыкатурна, і адначасова жалка.

Вось Аляксандр заходзіць да Мікалая, які расстроены тым, што зноў трапіў на ўлік да міліцыянера. Мікалай выглядае ціхім і лагодным, цвярозы ён такі, напэўна, і ёсць. Але калі мужчына выпівае, пра яго “подзвігі” ведае ўся вёска. Пачынаюцца крадзяжы: трусікі, помпы, боты… Пры гэтым, Мікалай, падаецца, шчыра не памятае, што нарабіў.

А вось і новае месца інцыдэнту: адзін сябра атруціўся дрэнным самагонам, а другі выклікаў яму на дапамогу “Хуткую”. Праз колькі хвілін пасля станоўчага вырашэння сітуацыі першы пачынае чытаць вершы Расула Гамзатава, а другі намагаецца падпісаць пратакол, што не мае прэтэнзій да вытворцы алкаголю. Сваю “крыніцу” напояў сябры вырашылі не “здаваць”. Але подпіс у пацярпелага не атрымоўваецца ні з першай, ні з другой, ні і з трэцяй спробы...

Ходзячы па сваіх “падапечных”, старшы ўчастковы застаецца зацікаўленым і ўважлівым. Увогуле, ён — высокі і дужы, спачувальны і просты, ды, паміж тым, той, хто цудоўна разумее прыроду чалавечай слабасці. Часам злуецца, “ставіць на месца”, але абыякавым яго назваць нельга.

Камера невыпадкова спыняецца на твары Аляксандра, каб прачытаць яго эмоцыі — усё гэта ён бачыў ужо сто разоў, але раптам адбудзецца штосьці добрае. Інспектар-волат шчыра гэтага прагне. Не ўсе “крымінальнікі” аднолькавыя: хтосьці з іх — сапраўды, хоча пакінуць мінулае ў мінулым, на кагосьці немагчыма глядзець без смеху, але ж візіт да адной адзінокай бабулі нагадвае, што смех смехам, а зло — злом. І яно вельмі часта прымае выгляд не чагосьці абстрактнага, а залётнага п’янага вяскоўцы, які кажа цалкам пераканаўча: “Заб’ю!” Становіцца сапраўды страшна, калі старая жанчына пачынае галасіць на сваім пустым двары ад страху і гора. Перарывістым старадаўнім галашэннем, звяртаючыся да сваіх родных.

Віктар Аслюк не выкрывае грахі сваіх персанажаў, не шукае вінаватых, ён дзіўным чынам “прарываючы” сацыяльны пласт рэчаіснасці дасягае ў сваім кіно метафізічнага ўзроўню. Гэта тэрыторыя беларускіх экзістэнцыі і культуры: дзе бабулькі не з’язджаюць у горад, а застаюцца на сваёй зямлі, часам, у напаўразбураным доме, дзе побач з пастухамі жывуць вядзьмаркі, дзе вёска, заміраючы, прыцягвае і святло, і цемру, дзе кожны аказваецца і тым, і не тым, кім падаецца.

Доўгі і сэнсаўтваральны адзін з перадапошніх планаў фільма, калі Аляксандр Клемята ў дарозе да новай хаты, у машыне трапляе пад дождж, і спыняецца, каб прапусціць натоўп моладзі, што ў дажджавіках рушыць на свята. З радыёпрыёмніка гучыць знакамітая песня гурта “Троіца”, — пра рай, у якім жыць няма каму. Ды ці ёсць ён — гэты рай? І як не расчарвацца ўвогуле ў чалавеку?

Калі ўрэшце спускаешся ў пекла (а некаторыя жытлішча персанажаў выглядаюць без перабольшання цёмна і ўбога), — потым з асаблівай падзякай глядзіш на святло. Мы выходзім на яго, каб адпусціць людзям усе іх грахі, а потым зноў разам з Аляксандрам Клемятай пайсці па новым коле.

“Невядомы рай”

У Дар’і Юркевіч метафара памежжа знаходзіць цалкам канкрэтную прывязку — гэта тэрыторыя постчарнобыльскай зоны з правам/i/content/pi/cult/785/16922/9_1.jpg адсялення. Цалкам іншая інтанацыя, іншы канктэст, у рамках якога даследуецца жыццё людзей, што знаходзяцца ўдалечыні ад ўмоўнага “цэнтра падзей”.

Сям’я ў складзе мамы і чатырох дзяцей жыве у адной з вёсак Брагінскага раёна. У сям’і — гаспадарка, жанчыне раз на месяц прывозяць пенсію, дзеці ходзяць у школу. Здаецца, анічога асаблівага, але, як гаворыцца, справа ў дэталях. Яшчэ напачатку фільма можам бачыць як са старага хлява мужчына выводзіць кабанчыка. Мітусня на двары — і вось ужо забітая жывёла апрацоўваецца проста на месцы. Качкі, трусікі, куры, коткі — дзеці глядзяць за жывёлай, — і такая завядзёнка нікога не засмучае.

Першае, чым уражвае побыт галоўных герояў — гэта, свайго кшталту, пэўнай брутальнасцю. Карова выцягваецца пасвіцца ў поле — яе бакі ў брудзе; у цэнтры двара — несамавіты калодзеж, у пуні — праломлены дах, гаспадыня рэжа гору мяса на стале — вока “чапляецца” за такую фактуру. І літаральна адразу ў карціну амаль што традыцыйнага ладу “ўплятаецца” лінія прагрэсу: расповед мамы пра фокус з “сім-картамі” дзяцей, якія ёй трэба аднаўляць, узгадка пра планшэт, і там праз пэўны час у кадры ўзнікае тэлевізар.

Мы ўключаемся ў жыццё сям’і паволі, але ўжо праз колькі хвілін уцягваемся ў паўсядзённасць мамы, трох дачок і сына — і не можам адарваць вачэй ад іх такога, на першы погляд, экзатычнага, але знаёмага вясковага побыту. Праз колькі хвілін прызвычайваемся і да гарманічнага хаосу двара, і да цёмнага хлева, і пачынаем бачыць галоўнае: сям’я жыве ў суладдзі з сабой і светам, што іх атачае. Хатнія жывёлы насяляюць двор хаты, а зусім побач выходзяць на дарогу і ў поле — лясныя звяры. Гэта свет той самай ускраіны, калі прырода, адчуваючы сыход чалавека, займае вольныя тэрыторыі.

У карціне два планы: завядзёнка сям’і, у якой арганічным чынам месца “раскрывае” сябе, і свет прыроды. Над стужкай працавалі ажно тры аператары: Аляксандра Мяснікова, Ксенія Васілеўкіна, Яўген Цітко — маляўнічых планаў хапае. Ды хочацца адзначыць у стужцы і аўтарскі мантаж Дар’і Юркевіч. Мы пражываем з героямі амаль цэлы год, паспяваючы ўбачыць і пунсовыя восенькія світанкі, і зімнія відарысы, калі лес замірае ў халодным сцюдзёным паветры. Аўтарам карціны ўдаецца стварыць пэўны сусвет, дзе ў адно злучаецца жыццё людзей, іх атачэнне. Гэта парадыгма іншага парадку, у адрозненне ад кіно Віктара Аслюка — у “Невядомым раі” мы выходзім на паняцце “экалогіі” як суплёту культуры, свядомасці і каштоўнасцяў.

Нашы героі нібыта цалкам звычайныя: сёстры ў школе развучваюць беларускія песні, адна з трох дзяўчынак здала на права на трактар, вось сям’я едзе глядзець новую кватэру ў Брагіне… Так у чым жа яны адметныя? “Спецыфіка” месца пазначае сябе амаль выпадкова: то адна з дзяўчынак распавядзе пра колькасць самазагубстваў сярод школьнікаў, то маці па тэлефоне абмяркуе аперацыю па ўдаленні пухліны ў кагосьці са знаёмых, то, увогуле, высветліцца, што муж гаспадыні памёр ад “букета” хваробаў, калі яму не было яшчэ і сарака гадоў… Такая свая “адметнасць”, якая гаворыць, што мы ўсё ж знаходзімся не ў абстрактнай вёсцы паміж учора і заўтра, а ў амаль пакінутым сяле ў зоне з правам адсялення. А час можна пазначыць так: у постчарнобыльскую эпоху…

Дар’е Юркевіч удаецца стварыць цікавы і складаны партрэт сям’і і месца — не згушчаючы фарбаў (выключэннем, бадай, можна лічыць гук выбуху на фінальным кадры), але дазваляючы людзям і рэчам раскрыцца. Мы трапляем у сапраўды невядомы рай, дзе можна быць шчаслівым, задавальняючыся нямногім, але галоўнае пытанне ўсё роўна нікуды не знікне. Як так сталася, што гэты прыгажэйшы край і сёння пакутуе ад чарнобыльскай катастрофы? Як можна вымераць той урон? З чым мы маем справу?

Падключаючы нас да жыцця людзей на ўскрайку, кіно, вядома, падводзіць нас да пытання пра свядомасць. Ці змянілася яна пасля Чарнобылю? Ці ў стане мы гэта адсачыць?

Карціны двух розных кінематаграфістаў падыходзяць з розных бакоў да беларускага кантэксту. Але такімі мы сябе яшчэ не бачылі. Ad marginеm (“па краях” з лацінскай мовы) беларускай свядомасці.

P.S. Калі вярстаўся нумар, прыйшла звестка, што стужка “Невядомы рай” Дар’і Юркевіч трапіла ў конкурс аднаго з найпрэстыжных кінафестываляў дакументальнага кіно ў Еўропе. Віншуем рэжысёра!
Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"