Першы! А другі?

№ 7 (1446) 15.02.2020 - 22.02.2020 г

На Камернай сцэне купалаўцаў з’явіўся новы спектакль — “Першы”. І хаця ён пра тыя адчуванні, што напаткалі ці маглі напаткаць кожнага ў дзяцінстве, назва ўсё роўна асацыюецца яшчэ і з самім тэатрам. Бо Нацыянальны акадэмічны імя Янкі Купалы, які калісьці называўся БДТ-1, апрыёры застаецца першым — у гістарычным і, хочацца верыць, мастацкім плане.

Уразіла ўжо прэс-канферэнцыя перад пачаткам прагляду. Бо яна не толькі забяспечыла пішучыя колы інфармацыяй, але і стварыла атмасферу, неабходную для ўспрыняцця прэм’еры. А насамрэч, ператварылася ў дадатковы інтэрактыўны спектакль. Прычым з удзелам такой зоркі, як заслужаная артыстка Беларусі Тамара Міронава, якая, папярэдзім, у “Першым” не задзейнічана. Сустрэча адбывалася напярэдадні яе юбілейнай вечарыны, і актрыса, лічыце, добра адрэпетавала ролю гасціннай гаспадыні святочнага застолля. Праўда, для гэтага ёй давялося паўстаць нянечкай дзіцячага садка. А госці-журналісты прымерылі ролі выхаванцаў, якім спачатку завязалі на шыі маленькія фартухі-“слюняўчыкі”, а потым прынеслі тварожную запяканку і ўгаворамі, прыказкамі-прымаўкамі прымусілі ачысціць талеркі. Такі вось тэатральна-гастранамічны эксперымент. Не новы (ёсць у нас спектакль з пачастункамі-прысмакамі, толькі ў іншым тэатры), але душэўны. І прыемны.

Пры такой уверцюры ўласна прэм’ерны спектакль успрымаўся не столькі “першым”, колькі “другім”. Не па мастацкіх якасцях — проста па ліку. Апрача ўсяго, ён і сапраўды другі ў тэатральна-рэжысёрскай практыцы знакамітага купалаўскага артыста Рамана Падалякі: дагэтуль ён паставіў тут “Радзіва “Прудок”, якое карыстаецца вялікім попытам.

/i/content/pi/cult/785/16920/8_1.jpg

Спектакль “Першы” — гэта і першы зварот тэатра-юбіляра да навамоднай тэхнікі вербацім.

Цяперашні спектакль “Першы” — гэта яшчэ і першы зварот не толькі рэжысёра, але і ўсяго тэатра-юбіляра, які сёлета святкуе сваё 100-годдзе, да навамоднай тэхнікі вербацім, дзе тэкст п’есы складаецца з расшыфраваных запісаў-маналогаў рэальных людзей. Праўда, атрымалася не зусім тое, што мае дачыненне да гэтага азначэння, але ж разнастайныя міксты — адна з трывалых тэндэнцый сучаснасці.

Для стварэння спектакля была дадзена нататка ў газету, каб чытачы дасылалі свае гісторыі пра першыя дзіцячыя перажыванні. Адгукнуліся пераважна бабулі-дзядулі, на адзін толькі электронны адрас рэжысёра прыйшло каля 50 паведамленняў. Многія 80-гадовыя распавядалі пра вайну, але ў дадзеным спектаклі ад гэтай тэмы было вырашана адмовіцца: яна патрабуе асобнага разгляду. Астатнія ўспаміны, абмежаваныя 12-гадовым узростам, былі падзелены на тэматычныя блокі, некаторыя гісторыі ўвайшлі не цалкам, іншыя — спляліся з падобнымі. Зрабіць канчатковую “інсцэніроўку”, калі яе можна так назваць, дапамог яшчэ адзін купалавец — Міхаіл Зуй.

Акцёрскі “квартэт” (Валянціна Гарцуева, Крысціна Дробыш, Павел Астравух, Іван Кушнярук — другога складу няма) спраўна даносіць тэкст, не ствараючы асобных характараў, як гэта і прадугледжана жанрам.

/i/content/pi/cult/785/16920/8_2.jpg

Іван Кушнярук і Валянціна Гарцуева.

Пэўна, спектакль павінен быў атрымацца больш цэласным, “злітаваным”, з акрэсленым стрыжнем драматургічнага разгорту. Але ў ім ёсць іншае — атмасфернасць, чаго так прагне апошнім часам глядач. На гэта працуе і аўтарская музыка Андрэя Папкова, і фрагменты чужой, дададзеныя Юрасём Бачкаровым. А таксама мінімалістычная, але вельмі трапная, шматзначная сцэнаграфія Таццяны Дзіваковай: мастачка (зноў упершыню!) працавала над спектаклем іншага рэжысёра, а не свайго мужа Юрыя Дзівакова. Па яе словах, гэта спектакль пра сацыялізацыю дзіця і сямейныя каштоўнасці. Раман Падаляка, узгадаўшы свой дзіцяча-садкоўскі вопыт, з горыччам адзначыў: змена пакаленняў стварае замкнёнае кола, і ў выхаванцах па-ранейшаму не бачаць асоб.

Асабіста я вызначыла б крыху іншую тэму — думкі пра адказнасць дарослых. Любая дробязь у дачыненні да дзіця можа даць знакаміты “эфект матылька”, які перагарне сусветную гісторыю. Супакойваючы дзяцей гаджэтамі, мы ўсё менш размаўляем з імі — пра набалелае і радаснае, пра сваё і іхняе. І менавіта гэта становіцца першай праблемай, якая спараджае суцэльную чараду іншых, не атрымліваючы вырашэння. Таму гэты спектакль — яшчэ і сеанс псіхатэрапіі для тых, хто і дагэтуль хавае ў сабе прыдбаныя, напрацаваныя ў дзяцінстве страхі і комплексы: аказваецца, гэта было і ў іншых, а разам справіцца лягчэй.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"