Культура нацыі — клопат кожнага

№ 7 (1446) 15.02.2020 - 22.02.2020 г

З выступленняў удзельнікаў калегіі

/i/content/pi/cult/785/16916/4_1.jpgБібліятэкі ў віртуальнай прасторы

Першы намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алена Даўгаполава выступіла з дакладам аб стратэгіі развіцця публічных бібліятэк у кантэксце чаканняў карыстальніка. Карыстальнікі бібліятэк усё часцей імкнуцца атрымаць доступ да інфармацыі ў аддаленым рэжыме, аб чым сведчыць імклівы рост колькасці віртуальных карыстальнікаў і наведванняў сайта Нацыянальнай бібліятэкі.

Чытачы не толькі шукаюць і заказваюць дакументы з дапамогай электроннага каталога, але імкнуцца заказваць і атрымліваць паслугі ў анлайн-рэжыме. Колькасць паслуг, аказаных бібліятэкай праз інтэрнэт у 2019 годзе дасягнула 19 тысяч, сярод іх — бібліяграфічныя, інфармацыйна-аналітычныя паслугі, электронная дастаўка дакументаў.

Паступова развіваецца прадстаўніцтва ў інтэрнэце раённых бібліятэк. Калі ў 2010 годзе максімальны паказчык наяўнасці ў раённых бібліятэк уласных сайтаў не перавышаў 30 працэнтаў, то па стане на ліпень 2019 года ў трох абласцях краіны гэты паказчык дасягнуў 100 працэнтаў.

Нацыянальная бібліятэка на працягу апошніх гадоў распрацоўвае пытанне аб стварэнні рэспубліканскага сервісу для арганізацыі і кіравання інфармацыйнымі рэсурсамі бібліятэк. З 2018 года дзейнічае дамова Нацыянальнай бібліятэкі з кампаніяй “Беларускія воблачныя тэхналогіі” (beCloud) на прадстаўленне воблачнай інфраструктуры Рэспубліканскай платформы з магчымасцю захоўвання і перадачы даных. Стварэнне воблачнага сервісу забяспечыць тэхналагічную і эканамічную эфектыўнасць працэсу інфарматызацыі бібліятэчнай галіны.

Супольны клопат пра ўсе пакаленні творцаў

Старшыня Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык прысвяціў свой выступ праблеме ўдасканалення ўзаемадзеяння Міністэрства культуры з творчымі саюзамі. Ён падкрэсліў, што Беларускі саюз мастакоў імкнецца падтрымліваць старэйшае пакаленне творцаў, але не забываецца і пра таленавітую моладзь. Для моладзі саюз мусіць стаць стартавай пляцоўкай для творчасці, удзелу ў міжнародных выставах, атрымання заказаў, камунікацыі з пакупнікамі твораў мастацтва.

Сярод сумесных праектаў для моладзі, зладжаных саюзам у супрацоўніцтве з Міністэрствам культуры, можна адзначыць рэспубліканскі конкурс “Трыенале маладых мастакоў”. У 2017 годзе заснавана прэстыжная ўзнагарода — Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва. Цяпер Міністэрствам культуры распрацоўваюцца новыя рэкамендацыі аб парадку вызначэння памераў узнагароджання аўтараў і аўтарскіх калектываў, у якім улічаныя прапановы Беларускага саюза мастакоў.

Культурная сталіца запрашае

Начальнік аддзела культуры Лідскага раённага выканаўчага камітэта Наталля Леўшунова распавяла аб прыярытэтах і накірунках/i/content/pi/cult/785/16916/5_2.jpgразвіцця сферы культуры ў Лідскім раёне. Сярод іх былі адзначаныя захаванне і развіццё існуючага культурнага патэнцыяла рэгіёна, праца з насельніцтвам і аказанне турыстычных паслуг, у тым ліку ў рамках пашырэння бязвізавай зоны Гродзенскай вобласці.

Установамі культуры сумесна з сельскімі саветамі, старастамі вёсак, адміністрацыяй сельскагаспадарчых прадпрыемстваў ладзяцца святы і масавыя мерапрыемствы, такія як конкурс традыцыйных страў “Спазнай смак сваёй кухні”, фестываль песеннага фальклору памяці Земавіта Фядэцкага “Цёплыя вечары і халодныя ранкі” і гэтак далей. Надаецца ўвага захаванню, адраджэнню і папулярызацыі народных абрадаў і святаў у рамках праекта “Абрады маёй краіны”.

Сёлета Ліда абраная культурнай сталіцай Беларусі, у рамках гэтай акцыі адбудуцца рэспубліканскі фестываль нематэрыяльнай спадчыны “Скарбы Беларусі”, міжнародная выстава краін СНД “Арт-экспа”, фестываль культурных сталіц Літвы і Беларусі “Дзвюх сясцёр спрадвечныя скарбы”, які пройдзе ў рамках трансгранічнага супрацоўніцтва, маладзёжны фестываль андэграўнднага мастацтва “Нетыповы PARADIS”, фестываль-конкурс міжкультурнага ўзаемадзеяння імя Станіслава Манюшкі.

Захаваць усю разнастайнасць спадчыны

Аб мерапрыемствах па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ў Полацку распавяла дырэктар Нацыянальнага полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Тамара Джумантаева. Полацк — найстаражытнейшы горад нашай краіны, у горадзе больш за сотню аб’ектаў, якія маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Асноўную ўвагу ў сваім выступе дакладчыца звярнула на помнік сусветнага значэння — Спаса-Праабражэнскую царкву ХІІ стагоддзя, якая захавала не толькі сваю архітэктуру, але і ўнікальны жывапіс, і цяпер знаходзіцца ў працэсе рэстаўрацыі.

У 2019 годзе адбываліся археалагічныя даследванні помніка, архітэктурныя абмеры, праектныя работы. У працэсе раскрыцця фрэсак ХІІ стагоддзя адбываецца таксама адслаенне пазнейшага жывапісу і яго перанос на пастаянную аснову. Калі раней алейны роспіс ХІХ стагоддзя пры адкрыцці першапачатковых фрэсак вымушана знішчаўся, то новая тэхналогія дазваляе захаваць і пазнейшыя слаі роспісу 1833 і 1885 гадоў, якія перадаюцца ў музей. Такім чынам, захоўваецца жывапісная спадчына адразу трох эпох і трох мастацкіх стыляў.

перспектывы кінапракату ў прызме развіцця

Генеральны дырэктар КУП “Мінаблкінавідэапракат” Таццяна Дарашкевіч выступіла з тэмай аб стане і перспектывах развіцця дзяржаўных кінапракатных арганізацый. У кінавідэасетку “Мінаблкінавідэапракату” ўваходзяць 14 кінатэатраў, 20 лічбавых залаў і 119 кінавідэаўстановак, у тым ліку - 76 перасоўных відэакомплексаў, якія абслугоўваюць 519 месцаў паказу. У 2019 годзе даход ад відэапаказу і іншых паслуг склаў звыш чатырох мільёнаў двухсот тысяч рублёў, а рост у параўнанні з 2018 годам склаў 112,4 працэнтаў. У 2019 годзе дзяржаўнай кінавідэасеткай краіны выпушчаныя на экраны 139 найменняў беларускіх фільмаў, адбылося 32 200 сеансаў, якія наведалі 1,5 мільёна гледачоў.

Актывізавалася работа кінастудыі “Беларусьфільм” па ўзаемадзеянні з кінапракатнымі арганізацыямі ў сферы маркетынгу. У 2019 годзе ў кінатэатрах краіны дэманстраваліся 83 фільмы на беларускай мове айчыннай і замежнай вытворчасці, такая прадукцыя карыстаецца попытам у насельніцтва. У лютым 2020 года на экраны выйдуць больш за паўсотні беларускіх дакументальных і анімацыйных фільмаў, у сакавіку — мастацкі фільм “Авантуры Пранціша Вырвіча”, а ў маі — “Лёс дыверсанта”, агулам на працягу года чакаецца пяць прэм’ер мастацкіх фільмаў беларускай вытворчасці.

Раўняцца на найлепшых

Падсумоўваючы вынікі 2019 года і планы на 2020, намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігар Петрышэнка засяродзіў увагу прысутных на тым, што калегія з’яўляецца адпраўным пунктам для вызначэння планаў на пяцігодку і што варта зрабіць для выхаду на якасна новы ўзровень развіцця ўсёй галіны ды кожнай асобнай арганізацыі. Ігар Петрышэнка згадаў добрыя прыклады работы ўстаноў культуры, якія сведчаць, што дзяржава нездарма ўклала дзясяткі мільёнаў долараў ва ўмацаванне іх матэрыяльна-тэхнічнай базы. Напрыклад, Нацыянальны гісторыка-культурны запаведнік “Нясвіж”, які новымі цікавымі праектамі прываблівае наведвальнікаў. Не дзіўна, што запаведнік з’яўляецца адным з лідараў па аб’ёме пазабюджэтных даходаў ды іх долі ў агульным аб’ёме фінансавання, і па сярэдняй заработнай плаце сярод усіх устаноў культуры. Па выніках дзейнасці ансамбля “Песняры” рост пазабюджэтных даходаў склаў амаль 143 працэнта.

Ігар Петрышэнка адзначыў таксама неабходнасць узмацнення работы па падрыхтоўцы кіраўнічых кадраў і іх пошуку ў рэгіёнах, а таксама маладых творчых кадраў. Пачатае рэфармаванне дзейнасці моладзевага тэатра эстрады ў мэтах стварэння на яго базе цэнтра па пошуку таленавітых маладых выканаўцаў з наступнай падрыхтоўкай найбольш перспектыўных да ўдзелу ў нацыянальных і рэспубліканскіх конкурсах. Белтэлерадыёкампанія стала ўладальнікам правоў на правядзенне праекта “Х-фактар” у Беларусі, вядзецца падрыхтоўка да гэтага конкурсу.

У плане развіцця інфраструктуры галіны культуры 2020 год будзе надзвычай насычаным. Мусяць быць уведзеныя ў эксплуатацыю будынак гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, спартыўна-культурны цэнтр Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, два пускавых комплексы адзінага комплекса будынкаў Нацыянальнага мастацкага музея, Косаўскі палацава-паркавы ансамбль, асобныя аб’екты гродзенскага Старога замка.

Была звернутая ўвага і на патрэбу развіцця дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў сферы культуры. Намеснік Прэм’ер-міністра даў Міністэрству культуры шэраг даручэнняў, аб выніках выканання якіх трэба праінфармаваць Урад.