“Калі блытаць жыццё і тэатр — уся інтрыга згубіцца”

№ 37 (855) 13.09.2008 - 19.09.2008 г

Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Любоў РУМЯНЦАВА згодна з Указам Прэзідэнта краіны нядаўна ўганаравана ордэнам Францыска Скарыны. Яна запомнілася многім перадусім дзякуючы сваёй першай вялікай ролі — Джуліі ў фільме “Альпійская балада”. З таго часу мінула ўжо больш за сорак гадоў, але далейшы творчы шлях актрысы зусім не знівеліраваў тое першае кранальна-абаяльнае ўражанне — хутчэй, расквеціў яго ў свежыя колеры новых вобразаў, як у кіно, так і на сцэне Тэатра-студыі кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, дзе яна цяпер працуе.

Пра адценні святла рампы, гармонію паміж сцэнічным вобразам ды асобай акцёра і нават крышачку пра жыццё па-за тэатрам мы гутарым з вядомай актрысай.

— Ведаеце, усведамленне таго, што я авалодала сваёй прафесіяй, прыйшло да мяне толькі нядаўна, — прызнаецца выхаванка ГИТИСа, за плячыма якой многія дзесяткі роляў. — Цяпер я адчуваю, што магу сыграць усё, што заўгодна, нават табурэтку. Галоўнае — мець нейкую ўнутраную лучнасць з гэтай роляй. Нават калі яна зусім не супадае з маёй асобай, у ёй абавязкова павінна быць хаця б каліва таго, што нейкім чынам датычыцца майго асабістага жыццёвага досведу. Іначай нічога не атрымаецца.

Я вельмі баязлівая актрыса: ніколі не згаджуся на галоўную ролю толькі таму, што яна галоўная. Бо важны не столькі прэстыж, колькі менавіта гэтая ўнутраная далучанасць. Згаджаюся на ролю, толькі калі разумею, што яна для мяне ў нечым блізкая, па-чалавечы і як актрысе, бо на сцэне, асабліва тэатральнай, гэта вельмі адчуваецца, там не схлусіш. Таму асабістая зацікаўленасць, ужыванне ў ролю проста неабходныя.

— І таму ў свядомасці гледача роля нярэдка знітоўваецца з яе выканаўцам...

— Вядома ж, гэта няправільна. Не трэба думаць, быццам я такая самая, як хто-кольвечы з маіх гераінь. Яны ніколі дакладна не “супадалі” са мной сапраўднай. Увогуле, жыццё і тэатр блытаць не варта — іначай згубіцца ўся інтрыга...

— Акцёр — гэта перадусім пакліканне, або ўсё ж прафесія?

— Лічу, артыстам можа стаць абсалютна любы чалавек, незалежна ад сваіх знешніх даных ды мноства іншых фактараў, абы ў ім хтосьці быў зацікаўлены і раскопваў, “раскручваў”, развіваў ягоны патэнцыял. Акцёр тады раскрываецца, нібы кветка, і паспяхова самарэалізуецца. А вось калі чуйнай увагі рэжысёра бракуе, гэтая “кветка” вяне. Без кіраўніцтва рэжысёраў складаная праца па самаўдасканаленні немагчымая. А значыць, і поспех на сцэне — таксама.

— Таму ёсць рэжысёры, якія патрабуюць ад акцёраў гэткай “вернасці”, і ў выніку атрымліваюцца “тандэмы”, непарушныя цягам цэлых дзесяцігоддзяў. Аднак, здаецца, гэта зусім не ваш выпадак...

— Калі ты ўвесь час працуеш з адным рэжысёрам, вельмі складана раскрыць увесь свой патэнцыял, той максімум, на які ты здатная, і зразумець, куды трэба імкнуцца. А калі з рознымі, ды яшчэ і спалучаючы тэатр з кіно, гэта дае магчымасць хутчэй авалодаць акцёрскім майстэрствам.

— Звычайна за кожным акцёрам замацоўваецца пэўнае амплуа: скажам, “тэатральны дэман” альбо “герой-каханак”. Але вашы ролі даволі разнастайныя...— За што я вельмі ўдзячная лёсу. Унікнуць гэтай аднастайнасці было для мяне ад пачатку жыццёва важна. Пасля поспеху “Альпійскай балады” мне сталі несупынна прапаноўваць ролі “італьянак”: сыграць Джулію яшчэ раз і яшчэ. Гэты мой вобраз спадабаўся гледачам, запомніўся...— І вы адмовіліся ад спакусы скарыстацца з гэтай папулярнасці? Чаму?

— Бо разумела: спыніцца на адным вобразе — гэта вельмі небяспечна. Так, у першы раз увасобіць на экране Джулію было для мяне цікава, у другі мо таксама, а вось у трэці... Тут пачынаецца творчы застой, ты трапляеш у сапраўдную пастку, топчашся на месцы і не можаш рухацца наперад. І заўсёды чуеш у спіну: маўляў, мы гэта ўжо бачылі! Таму наступныя мае ролі былі ўжо зусім іншыя: гэта і гуцульская дзяўчына, і Марына Крывец з Караткевічавага твора...

Ведаеце, бываюць “лянівыя” рэжысёры: яны бачаць, што акцёр выканаў нейкую ролю, якая атрымалася вельмі ўдалай, і пасля выкарыстоўваюць яго ў тым самым амплуа ў іншых спектаклях і стужках, і раз ад разу гэты вобраз прынцыпова не змяняецца. Заўсёды лягчэй ісці па правераным шляху, ці не так? Пытанне толькі ў тым, куды ён прывядзе. Таму ёсць нямала акцёраў, да якіх нібы прыклеіліся ролі немцаў, ваенных, або, скажам, злых цешчаў. Уявіць іх па-за гэтымі вобразамі мы не можам. А спрабаваць раскрыць іншыя грані іх таленту ніхто не бярэцца. Вядома ж, гэта вельмі сумна, у першую чаргу — для іх саміх.

— А цяпер, маючы ўжо такі вялікі досвед, ці адчуваеце вы гэтую радасць новых уражанняў?

— Безумоўна! Без яе ніяк. Вось, напрыклад, расійскі серыял “Павшая звезда”, які зняў беларускі рэжысёр Аляксандр Колбышаў, — ён павінен у хуткім часе выйсці на экраны. Я там іграю вельмі неардынарную, дасціпную, па-свойму нават хуліганскую жанчыну. Атрымала вялізнае задавальненне ад удзелу ў гэтай рабоце, бо такой ролі ў мяне не было ніколі.

Для мяне вельмі важна, каб ролі не паўтараліся. Я настолькі найгралася ў маладосці сонечных, вясёлых гераінь, што цяпер хацелася б нечага іншага — скажам, увасабляць гэткіх спецыфічных, характарных персанажаў. Калі мне давалі дыплом, я “значылася” ў якасці лірычнай, драматычнай актрысы. Але мне заўсёды было цікава іграць і камедыйных, смешных герояў. Таму вельмі пашанцавала, што я працую ў Тэатры-студыі кінаакцёра. Наш тэатр дае магчымасць паспрабаваць сябе абсалютна ў розных іпастасях.

— Ці вялікую ролю для вас маюць партнёры па сцэне?

— Калі здымаўся фільм “Зала чакання” Астрахана і маімі калегамі былі Ціханаў, Ульянаў, Баярскі, я атрымлівала неймаверную асалоду, задавальненне ад кожнай хвіліны працы на пляцоўцы. Але бываюць і “драўляныя” партнёры: я да іх “стукаюся”, а яны не рэагуюць, не адгукаюцца ніяк, таму даводзіцца іх “абыгрываць”, працаваць і за сябе, і за іх.

— Дзе вам працавалася складаней: у тэатры альбо ў кіно?

— Без сумневу, у тэатры. Праца на здымачнай пляцоўцы прадугледжвае шматлікія дублі, мантаж, пераагучку... А тут ты сустракаешся з гледачом твар у твар, вочы ў вочы. Гэта куды складаней і патрабуе значна больш унутраных высілкаў. Але яны акупляюцца. Стужку можна паглядзець і забыць, а з тэатрам — іншая справа: тут суперажыванне куды больш глыбокае. І менавіта таму ён неўміручы. Ніякія высокатэхналагічныя вынаходніцтвы не здатныя замяніць гэтага непасрэднага кантакту акцёра і гледача.

— Калі б у вас была магчымасць пражыць жыццё нанова, ці пагадзіліся б вы сыграць усе свае ролі яшчэ раз?

— Я не стала б нічога змяняць, не адпрэчыла б ніводнага фільма або спектакля. Дэбют у “Альпійскай баладзе”, па сутнасці, перадвызначыў увесь мой лёс: я паставіла сабе за мэту не апускацца ніжэй узятай планкі — пры гэтым не паўтараючыся.

— Ці рэалізавалі свае задумы, ці сыгралі тых герояў, пра вобразы якіх марылі?

— Рэалізоўваю. Цяпер у нашым тэатры ідзе спектакль “Філумена Мартурана”. Шмат у чым ён рабіўся “пад мяне”. Таксама па маёй прапанове быў пастаўлены спектакль “Галубчык”, і гэтая мая роля вельмі мне падабаецца. Спецыяльна да майго юбілею рэжысёр Рыд Таліпаў прапанаваў паставіць п’есу “Калет”, яе прэм’ера будзе ў лістападзе. Гэта спектакль пра моцнае, незвычайнае каханне.

— Мы ж скіруемся ў іншы бок. Якія вашы хобі і ўпадабанні за сценамі тэатра?

— Люблю прыроду, кветкі, кнігі. Усё гэта можна лёгка спалучыць, выпраўляючыся на лецішча.

— Якое значэнне для вас маюць узнагароды — у тым ліку і ўганараванне вас ордэнам Францыска Скарыны?

— Мы, артысты, — людзі эмацыйныя. І паверце — гэтыя эмоцыі праяўляюцца не толькі на сцэне. Вельмі важна, калі тваю работу годна ацэньваюць. Гэта моцны стымул для далейшай працы.


Алена САБАЛЕЎСКАЯ,
Ілля СВІРЫН