Час, павязаны ручніком

№ 6 (1445) 08.02.2020 - 15.02.2020 г

Пісаў калісьці пра інтэр’еры бібліятэк, якія павінны настройваць чытача на лад спакойнага сузірання ўласнай душы. Маўляў, найлепшая аздоба кніжных стэлажоў і паліц — рэчы-творы з нацыянальным каларытам, што выйшлі з-пад рук беларускіх майстроў. І ўстаноў такіх бачыць мне давялося вельмі шмат. Пра яшчэ адну напісала бібліятэкар з аграгарадка Каменны Лог (Ашмяншчына) Алена Таўкінь. У яе бібліятэцы захоўваецца калекцыя ручнікоў і посцілак-вышыванак, зробленых мясцовымі бабулямі. Пэўным рэчам — за 80 гадоў. Усе яны арганічна ўпісаліся ў бібліятэчны інтэр’ер і стварылі непаўторнымі сваімі фарбамі атмасферу хатняй камфортнасці і душэўнага спакою.

/i/content/pi/cult/784/16907/10_1.jpgАлена Таўкінь распавядае далей, што імправізаваны музей сярод кніг — жывы і пастаянна працуе на папулярызацыю нашай мастацкай спадчыны. Апошні прыклад таму — правядзенне ў бібліятэцы этнаграфічнай гадзіны “Повязь часоў — беларускі ручнік”. Сабраліся чытачы, гаварылі пра ролю ручніка ў радзінна-хрэсьбіннай, вясельнай, пахавальна-памінальнай абраднасцях. Бібліятэкар дала характарыстыку тыпаў ручнікоў, характэрных для пэўных гісторыка-этнаграфічных раёнаў. Прысутныя актыўна ўключыліся ў размову аб сімвалічных сэнсах ручніка. Згадвалася, што ручнік — гэта шлях, гэта повязь пакаленняў, увасабленне дабрыні і зашыфраваны ў арнаментах код сялянскага жыцця. Колькі гадоў прайшло, а ніткі на вышыўцы — гэткія ж яркія. І не ў фарбах, напэўна, справа, а ў вышэйшым прызначэнні: не можа быць сімвал жыцця цьмяным.

Ручнік на вяселле майго малодшага сына вышывалі па маёй просьбе ў Неглюбцы. Большай святыні, чым гэты цуд, у яго пакуль няма. Калі прыязджаю ў госці, люблю глядзець на гэтую “сцежку для шчасця”. Уражанне такое, што круглы год растуць на ёй яркія лугавыя краскі. Вось такая веліч магутнага неглюбскага ткацтва.

А бывае яшчэ гістарычная веліч. Пра ейныя карані распавяла загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Ашмянскай раённай/i/content/pi/cult/784/16907/10_2.jpgбібліятэкі Святлана Галінская. Расповед гэты — па прычыне 80-годдзя з дня ўтварэння раёна. Складнікі згаданай велічы — слынныя людзі краю, што стварылі і перадалі спадкаемцам багатую культурную ды вытворчую спадчыну. Пра гэта ішла гаворка на краязнаўчым вечары “Шлях і лёс твой, Ашмяншчына”. “На мерапрыемства былі запрошаны вучні сярэдняй школы № 3, — піша Святлана Галінская. — Дзейнічала выстава “Мой край — часцінка вялікай краіны”, дзе былі прадстаўлены кнігі і матэрыялы перыядычных выданняў пра раён, яго знакамітых людзей, а таксама — творы мясцовых літаратараў пра свой край. Дэманстраваўся відэафільм “Ашмяншчына мая”.

Шлях да Веры заўжды бывае пакручастым. Але толькі ў выніку яго ў сэрцы пасяляецца Бог. Да навучэнцаў Лідскай дзіцячай школы мастацтваў прыйшоў настаяцель храма Хрыста Збаўцы протаіерэй Вадзім Рубан, якому давялося бачыць насельнікаў Жыровіцкага Свята-Успенскага мужчынскага манастыра, жыць з імі, слухаць неверагодныя гісторыя збаўлення ад хвароб і немачы, дзякуючы малітвам да цудатворнага Жыровіцкага абраза Божай Маці. Да яго 550-годдзя юныя мастакі і іх настаўнікі адкрылі выставу работ, а спіс з цудатворнай іконы айцец Вадзім Рубан падараваў дзіцячай установе.

/i/content/pi/cult/784/16907/10_3.jpgПамянёны абраз — адна з найбольш шанаваных хрысціянскіх святынь на Беларусі. Школа іканапісу стараабрадскай Веткі — таксама беларуская святыня. У музейнай экспазіцыі дзейнічае майстэрня іканапісца. Тут шануюцца імёны майстроў. Да прыкладу, Рыгор Рагаткін пісаў сваю ікону “Іаан Багаслоў у маўчанні” ў 1929 годзе. На плячы ў Іаана — анёл, які забараняе яму казаць пра канец свету… Літаральна праз год ваяўнічыя атэісты ад савецкай улады пачнуць тапіць абразамі грамадскія лазні. А веткаўскія “багамазы” насуперак усяму не баяліся ствараць свае іконы ў акладах, разьба якіх нагадвала райскі сад, спісаны з сада веткаўскага. Не баяліся Рыгор Паўлікаў, Сімяон Зайцаў. Да слова, у гэтую нядзелю ў Нацыянальным мастацкім музеі намеснік дырэктара Веткаўскага музея Галіна Нячаева будзе выступаць з лекцыяй пра веткаўскіх іканапісцаў, якія былі да канца адданыя абранай справе.

І зноў Ашмяншчына. Але спачатку вось якая прэамбула. Раней у кожнай вясковай бабулі быў куфэрак, зроблены не абы-якім майстрам па вельмі важнай замове. І захоўваліся там такія цуды, што і ўявіць цяжка. Зніклі куфэркі — і народныя казкі сталі менш цікавымі. У вёсцы Баруны вырашылі вярнуць куфэркавае шчасце. Фальклорную праграму тут назвалі “Бабулін куфэрак” і дасталі адтуль і колішнія сялянскія апранахі ды старадаўнія кулінарныя рэцэпты, ручнікі ды сурвэткі, дываны ды посцілкі, а яшчэ — дзявочы бясцэнны пасаг… Акрамя ўсяго гэтага, як распавядае загадчык сельскага клуба Алена Альшук, прысутныя дзеці ўбачылі прас на вуглях, кацялок і маслабойку, газавую лямпу. А яшчэ выцягнулі з бяздоннага куфэрка кош, поўны… гульняў, прымавак ды прыказак. Хто з вас, да прыкладу, ведае гульні “Клёк”, “Падушачка” і “Каса”? А ў аграгарадку Баруны, аказваецца, ведаюць. Шчаслівыя.

Вельмі актуальны анонс з вёскі Жытомля Гродзенскага раёна. Напрыканцы лютага ў старасвецкім парку будуць клікаць вясну. У/i/content/pi/cult/784/16907/10_4.jpgдоўгачаканай акцыі возьмуць удзел народны тэатр народнай песні “Матуліна песня” Жытамлянскага дома фальклору, народны фальклорны гурт “Жывіца” Квасоўскага цэнтра культуры і развіцця народнай творчасці. У іх выкананні і прагучаць вяснянкі, кожны куплет якіх заканчваецца працяглым “Гу-у-у-у”. Гасцей просяць быць не гледачамі, а ўдзельнікамі, бо, па меркаванні мясцовых работнікаў культуры, “толькі так можна сапраўды адчуць і зразумепць традыцыю”. І не паспрачаешся.

Цягам года ва ўсіх публічных бібліятэках Навагрудскага раёна пройдуць мерапрыемствы абласной акцыі “Чытаем разам”. Загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Навагрудскай раённай бібліятэкі Іна Шаўчук піша: “Мэта акцыі — прыцягненне грамадства да чытання беларускай літаратуры. Адно з мерапрыемстваў праекта прысвечана майстру гістарычнай прозы Леаніду Дайнеку, якому сёлета споўнілася б 80 гадоў. У бібліятэку завіталі з гэтай нагоды мясцовы пісьменнік Міхаіл Зізюк і вучні сярэдняй школы № 1. Адбылася размова пра гісторыю, пісьменніцкі талент і культурную спадчыну нашай краіны”.

Нізка навін з Бабруйска. Метадыст культурна-масавага сектара палаца мастацтваў Ірына Аўсяннікава распавядае, што ў дыска-зале ўстановы для ўдзельнікаў узорнага харэаграфічнага калектыву “Крынічка” прайшла канцэртна-пазнаваўчая праграма “Талерантнасць — дарога да міру”. Гаворка ішла пра наяўнасць такіх якасцяў як адказнасць, добразычлівасць, стрыманасць, цярпімасць. Удзельнікам быў прапанаваны адпаведны тэст. Потым выступілі салісты вакальнай студыі “Крэшчэнда”.

Другая інфармацыя — пра канцэртную праграму “Музычны мікс” для насельнікаў санаторыя імя Леніна. Выступілі два калектывы палаца: народны эстрадны ансамбль “Саўнд” і ўзорны танцавальны гурт “Чабарок”.

Трэцяя навіна з Бабруйска належыць мастацкаму кіраўніку палаца мастацтваў Наталлі Шуліковай. Яна піша: “25 студзеня ў Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча адбыўся IV Рэспубліканскі конкурс танцавальнага мастацтва М&Dance. У ім бралі ўдзел харэаграфічныя калектывы ўстаноў адукацыі, культуры, прыватныя школы танца. Узрост удзельнікаў — ад 3 гадоў да 16-ці і вышэй. Бабруйскі палац прадстаўлялі ўзорны харэаграфічны калектыў “Крынічка” і студыя арабскага танца “Шахрызад”. Па выніках конкурсу нашы калектывы атрымалі дыпломы першай ступені ў намінацыях “Сучасная харэаграфія” і “Усходні танец”. Удзячныя пісьмы ўручаны кіраўнікам згаданых ансамбляў — Ірыне Міхневіч і Анжаліцы Прахарэнка”.

Адным радком навіны са Смаргоншчыны. Аўтар — дырэктар РЦК Галіна Крацянок. У Доме культуры Крэва падчас вечара адпачынку выступіла дзіцячае тэатральнае аб’яднанне “Дамавічок”… Супрацоўнікі Лылойцінскага сельскага клуба падрыхтавалі для састарэлых людзей філіяла цэнтра сацыяльнага абслугоўвання канцэртную праграму “Мая Беларусь”… Клубныя работнікі аграгарадка Жодзішкі правялі святочную праграму для ўсіх Таццян свету… Смаргонскі РЦК прапанаваў вучням 1 - 4 класаў музычна-гульнёвую праграму.

Дзякуй за ўзаемадзеянне! Сустрэнемся праз тыдзень.

На фота: “Музычны мікс” у дзеянні, М&Dance па-бабруйску, Акцыя “Чытаем разам” у Навагрудку, Баруны: рэчы

з бабулінага куфэрка.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"