Расціслаў Янкоўскі. Кароль на сцэне і ў жыцці

№ 6 (1445) 08.02.2020 - 15.02.2020 г

5 лютага споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння народнага артыста СССР Расціслава Янкоўскага. Чатыры гады таму ён пакінуў свет, да апошняга выходзіў на сцэну роднага Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага, іграў вялікія ролі. “Сышла эпоха” — мы часта чуем гэтыя словы. Але няма ў іх ніякага перабольшвання, калі гаворка пра Расціслава Янкоўскага. 60 гадоў на сцэне аднаго з лепшых тэатраў Беларусі, больш за 160 спектакляў, бліскучыя драматычныя і трагічныя ролі ў тэатры і кіно, адданая любоў гледачоў і калег, прызнанне крытыкаў, званні і ўзнагароды. Да таго ж Расціслаў Янкоўскі быў і шматгадовым старшынёй кінафестывалю “Лістапад”, і стаяў на чале славутага рэжысёрска-акцёрскага клана Янкоўскіх… Адзін з клана — Уладзімір Янкоўскі, сын, стаў знакамітым беларускім кінарэжысёрам. У дзень нараджэння бацькі мы папрасілі яго падзяліцца ўспамінамі і думкамі.

Уладзімір ЯНКОЎСКІ: “Тата быў сапраўдным рыцарам свайго тэатра”

/i/content/pi/cult/784/16900/6_4.jpg— Калі згадваеш Расціслава Іванавіча на сцэне і на экране, калі перачытваеш яго біяграфію, чытаеш успаміны пра яго ці слухаеш ягоныя інтэрв’ю, міжволі думаеш — у наш мітуслівы, прыземлены, падзелены на мноства дробных спраў і патрэбаў час, такіх людзей ужо няма. Прыгожы чалавек жыў прыгожа і цэльна…

— Маё глыбокае перакананне (хаця нехта са мной і паспрачаецца), што бацька быў адным з апошніх вялікіх драматычных артыстаў, “апошнім з магіканаў” вялікай тэатральнай школы. Разам з ім адышла эпоха, у якой былі і Аляксандра Клімава, Віктар Тарасаў, Генадзь Гарбук. У нашым часе я не бачу акцёраў такога ўзроўню, такога калібру і такой магутнасці. Найперш я кажу пра Беларусь, але ж так яно і ва ўсім свеце. Калі пераглядаеш старыя фільмы, напрыклад, з Марчэла Мастраяні, Алэнам Дэлонам, Жан-Луі Трэнціньянам, то разумееш, что зараз нічога і блізкага да іх па харызме няма. Нават у Галівудзе адыходзяць часы Аль Пачына, Джэка Нікалсана, вялікіх драматычных артыстаў. На змену ніхто не прыходзіць. Згадваю, як раней людзі глядзелі на тых жа Пола Ньюмана, Роберта Рэдфарда, Дэлона, Мастраяні — і былі шчаслівыя, што бачаць іх, вачэй не маглі адарваць ад экрана. Мужчыны былі закаханыя ў актрыс — Клаудзію Кардынале, Брыджыт Бардо, Сафі Ларэн, Мішэль Мерс’е. Вось я нармальны мужчына, але калі бачу маладога Алэна Дэлона, у мяне ўнутры з’яўляюцца дрыжыкі, а калі гляджу фільм “Басейн” з Ромі Шнайдэр — у мяне дух перахоплівае ад прыгажосці гэтай пары: акцёры даюць мне асалоду як твор мастацтва.

І мой бацька з ліку такіх артыстаў, ён быў харызматычным і неверагодна прывабнам для жанчын, якія хадзілі ў тэатр глядзець на мужчыну сваіх мар. Таму зала заўсёды была поўная. Калі хавалі бацьку, я бачыў гэтых бабулек — неверагодна кранальна.

— Як бы вы назвалі тую эпоху, якая сышла?

— Сышла эпоха куміраў. Кумірам быў Алег Янкоўскі — у кіно, Расціслаў Янкоўскі — у тэатры. Бацька ж таксама меў вельмі добрыя і тонкія работы ў кіно — “Кафедра”, “Володя большой, Володя маленький”. Але ён позна пачаў здымацца, гадоў у 50. І такі парадокс — шырокую вядомасць на ўвесь Саюз яму прынёс не фільм, а мой кліп “Как упоительны в России вечера”, які ў свой час круціўся па тэлебачанні нон-стопам.

— У мінскі тэатр імя Горкага ён прыйшоў у 1957-м годзе, і застаўся яму верным да канца.

— Тата быў сапраўдным рыцарам свайго тэатра. Размаўляць з ім было проста немагчыма, бо ўсе спектаклі — толькі выдатныя, а тэатр лепшы ў свеце. Я перыядычна спрачаўся, бо сам люблю большую аб’ектыўнасць, але бацька абараняў свой другі дом менавіта як рыцар, у руках якога меч.

/i/content/pi/cult/784/16900/6_5.jpg

А колькі ж разоў яго спрабавалі пераманіць у іншыя гарады! З Ленінграда славуты Ігар Уладзіміраў двойчы прыязджаў угаворваў, запрашалі бацьку і ў Малы тэатр у Маскву, з Кіева было нямала прапаноў. Ён мог бы даўно з’ехаць, але ў Беларусі яму хуценька давалі ці чарговае званне, ці ордэн, ці кватэру — толькі каб утрымаць.

— Але я чытала, што калі Расціслаў Іванавіч ужо, можа, і быў гатовы пераехаць у Ленінград да Ігара Уладзімірава, вы, маленькі, чарговы раз захварэлі на запаленне лёгкіх, і ў ленінградскі клімат вам тады было нельга. То ніхто нікуды і не паехаў…

— Гэта прыкрыццё. Хоць і пра маю тагачасную хваробу праўда, і клімат мне быў бы шкодны… Але асноўная прычына ў тым, што пры першым памкненні да ад’езду прыкладаліся ўсе намаганні, каб ён застаўся ў Беларусі.

— А потым Расціслаў Іванавіч ніколі не пашкадаваў аб тым, што ўсё жыццё правёў у Мінску і адпрацаваў — гэта ж неверагодная лічба — амаль 60 гадоў у адным тэатры?

— Канешне, не шкадаваў, ён жа тут быў нумарам адзін, быў каралём. І ўсе яго любілі. Бо сам ён любіў і клапаціўся пра акцёраў — увогуле быў чалавекам шырокай душы. Многім дапамагаў выбіваць званні — я сам не ўпэўнены, што гэта правільна — але так было. Яго паважалі ва ўладных структурах, прыслухоўваліся — таму ён здольны быў і з кватэрай камусьці дапамагчы, і пра рамонт у тэатры паклапаціцца. Тэатр быў менавіта яго другім домам, сапраўдным домам: я быў зачаты ў гэтым тэатры, бо сям’я ж па першым часе жыла ў грымёрцы, і толькі, калі мама ўжо зацяжарыла мной, мы пераехалі ў сваю першую кватэру на Кедышкі.

/i/content/pi/cult/784/16900/6_2.jpg

— Вы ж і самі нямала папрацавалі ў тэатры імя М. Горкага, і менавіта акцёрам.

— Я адпрацаваў там 8 гадоў, іграў у некаторых спектаклях разам з бацькам. Але тады тэатр быў ужо не ў лепшай форме: Барыс Луцэнка ўжо не быў галоўным рэжысёрам, на сцэну выхадзіць не хацелася, бо ў зале сядзела па 30-40 чалавек. І я пайшоў у кіно.

— Калі тэатр быў “не ў форме”, Расціслаў Іванавіч працягваў жа іграць…

— …і працягваў казаць, і даказваць мне, што яго тэатр самы лепшы і спектаклі самыя таленавітыя. А я, маўляў, толькі ў сваім кіно разбіраюся. Але тэатр усё ж вызначаюць не акцёры, а рэжысёр, лідар. Барыс Луцэнка, несумненна, быў яскравай фігурай, быў з’явай міжнароднага маштабу. Я памятаю шчаслівага бацьку пасля вяртання з фестывалю ў Штутгарце. Тэатр паказваў там “Макбета”, і артыстам уражаныя гледачы 15 хвілін апладзіравалі, не адпускалі — усё знятае на кінастужку, можна пабачыць. Для бацькі гэта быў самы сапраўдны тэатральны трыумф.

/i/content/pi/cult/784/16900/6_1.jpg

— Вы бачылі, думаю, нямала пастановак, дзе іграў Расціслаў Іванавіч. Што найбольш уразіла?

 — У мяне ёсць яскравы ўспамін з дзяцінства — я захапляўся бацькам у ролі Антонія ў шэкспіраўскім спектаклі “Антоний и Клеопатра”. Калі ён выходзіў у даспехах, у рымскім убранні з аголенымі нагамі, усе жанчыны ў зале абміралі, адусюль чуліся ахі і охі. І калі спектакль ужо знялі з рэпертуару, бацька прынёс мне гэты самы бутафорскі рымскі меч, я з ім гуляўся. Канешне, найвядомейшая яго роля ў спектаклі “Макбет”, але згадваюцца больш незвычайныя. Лічу, што адным з пераломных у татавай кар’еры быў спектакль “Последние” Максіма Горкага, спектакль Уладзіміра Маланкіна і Барыса Луцэнкі, — ён там іграў паралізаванага Якава. І гэта была менавіта характарная роля, што бацьку раней было не ўласціва. Па выніку ён сыграў выдатна — на прэм’еры я сам разам з залай умываўся слязьмі, так шкада было гэтага Якава. Вельмі здорова ў яго атрымаўся і спектакль “Гнездо глухаря”, трэба згадаць таксама “Земляничную поляну” і “День уходит в ночь”.

Думаю, бліскучым быў спектакль “Двое на качелях” — мяне, малога, яшчэ не пускалі — з таксама вялікай артысткай Аляксандрай Клімавай. Клімаву я потым бачыў у іншых спектаклях, і ўяўляю, як гэта было магутна, як гэта ўражвала: яшчэ ж глыбокі Савецкі Саюз, а тут амерыканская п’еса, героі на сцэне п’юць віскі, паляць цыгарэты, мужчына і жанчына, каханне, складаныя ўзаемаадносіны…

— З вашым бацькам такі рэдкі выпадак, што і па прашэсці гадоў пасля смерці не пачуеш аб ім дрэннага слова, як гэта здараецца са многімі вядомымі людзьмі, публічнымі персонамі.

— Таму што ён не быў інтрыганам, нікому не зайздросціў — быў цалкам самадастатковым чалавекам. Здавалася б, у брата Алега такая мегапапулярнасць, але ён і яму ніколі не зайздросціў, наадварот — вельмі шчыра любіў. Вось якая ў бацькі была дзіўная якасць — не зайздросціў і не плёў інтрыг. Заўсёды адкрыта казаў тое, што думаў. Ён быў каралём!

— Але як такі кароль з’явіўся з тых няпростых жыццёвых абставін, што былі, — Адэса, Рыбінск, Джэзказган, Ленінабад, рэпрэсаваны бацька, вайна і гэтак далей?

— Лёс, выпадак і гены. Мой дзед Павел Іванавіч Янкоўскі быў шляхцічам, штабс-капітанам лейб-гвардыі Сямёнаўскага палка, служыў у Пецярбургу. У нас быў маёнтак пад Віцебскам — усё, канешне, забралі бальшавікі. Дзеда двойчы арыштоўвалі, ён потым рана памёр. А я ж ніводнага свайго дзеда не бачыў, адну толькі бабулю. Канешне, жыццё сям’ю пакідала. І хоць нарадзіўся бацька ў Адэсе, давялося жыць і ў Казахстане, і ў Таджыкістане зусім не дваранскім жыццём. Бацька папрацаваў і на аўтастанцыі, і шмат дзе. Акцёрам стаў без спецыяльнай адукацыі, іграў у Ленінабадскім тэатры. А мінскі тэатр быў там на гастролях, пабачыў маладога таленавітага акцёра і запрасіў да сябе.

/i/content/pi/cult/784/16900/6_3.jpg

— Мабыць, гэтую самадастатковасць яму давала і сям’я — ён не стамляўся казаць, што галоўнае яго апірышча ў жыцці — жонка…

— Несумненна! Мама давала яму вялікі стымул, была верным памочнікам. Я цяпер і па сабе разумею, што сапраўдная жонка, якая цябе кахае і трымае сям’ю, гэта асноўны стрыжань жыцця. Калі ты разумееш, што дома ўсё ў парадку, што цябе не падвядуць і не падмануць, можна спакойна займацца творчасцю — што бацька і рабіў. Вось намі — дзецьмі маленькімі — ён не вельмі займаўся. Ды й увогуле мы раслі самі па сабе, бо і мама з ранку да ночы была на працы. Калі я раз у паўгода трапляўся бацьку на вочы, і ён быў не ў гуморы — то пачынаў правяраць школьны дзённік адразу за паўгода: мог, напрыклад, у сакавіку запатрабаваць справаздачу за вераснёўскую двойку ці выклік бацькоў у школу… У той жа час незабыўныя моманты, калі ты запаўзаеш яму на каленкі і разам з ім у абдымкі спяваеш: “Каховка, Каховка, родная винтовка!” І слёзы ліюцца. Гэта самыя дарагія моманты былі ў дзяцінстве. Канешне, калі я ўжо падрос, то ў нас з’явіліся агульныя творчыя інтарэсы — літаратура, музыка, жывапіс. Я ж вучыўся ў мастацкай школе, і бацька вельмі цікавіўся тым, як я малюю.

— А гэта сапраўды так, што менавіта Расціслаў Іванавіч па выніку прывёў сваіх братоў, дзяцей, пляменнікаў у тэатр і кіно, што тэатральны клан Янкоўскіх заснаваў ён?

— Несумненна. Я магу сказаць такую даволі страшную рэч — і сам клан Янкоўскіх існаваў толькі дзякуючы бацьку. Ён усіх збіраў, заўсёды быў лідарам сям’і, вельмі ёй ганарыўся. Як не стала яго, як не стала Алега, і клана больш няма — маскоўскія самі па сабе, мы тут у Беларусі самі. Няма таго, хто ўсіх любіў і аб’ядноўваў. Любоўю да тэатра, канешне, усіх заразіў ён, усе глядзелі на яго. Алега ж калісьці, калі ён не жадаў вучыцца, да нас у Мінск дасылалі скончыць 9-ты і 10-ты класы. І на сцэну ў Рускім тэатры Алег выходзіў. У такіх абставінах немагчыма было не захапіцца тэатрам.

— Расціслаў Іванавіч многа гадоў быў старшынёй міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”. І перажываў за лёс беларускага кінематографа, спадзяваўся, што калі-небудзь у нас з’явяцца маштабныя гучныя кінапраекты. Фільм “Купала”, які вы ў якасці рэжысёра знялі ў мінулым годзе, гэта, мабыць, як выкананне запаветаў бацькі.

— Бацька марыў, каб я зняў вялікае кіно, бо бачыў мой патэнцыял. Да “Купалы” я зняў 21 тэлевізійны праект — серыялы, тэлефільмы, а для вялікага экрана гэта мая першая праца. На жаль, бацька крыху не дажыў да здзяйснення сваёй мары, але, я думаю, ён мне зараз дапамагае зверху.

 

 

Тэатр адсвяткаваў юбілей артыста

90 гадоў з дня нараджэння народнага артыста СССР Расціслава Янкоўскага Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага адзначыў адкрыццём выставачнай кампазіцыі у фае тэатра і невялічкай імпрэзай, якая сабрала мноства знакамітых акцёраў, рэжысёраў, пачэсных гасцей і членаў сям’і Расціслава Янкоўскага. Перад гэтым госці і родныя ўсклалі кветкі да помніка вялікаму артысту на Усходніх могілках у Мінску.

/i/content/pi/cult/784/16900/6_6.jpg

Выстава ў сценах тэатра рыхтавалася сумесна з Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь. На ёй прадстаўлены не толькі мноства цікавых і рэдкіх фотакадраў з творчага жыцця акцёра, але і сцэнічныя касцюмы, мемарыяльныя рэчы, узнагароды, і прадметы з яго асабістага жыцця, перададзеныя на выставу сям’ёй. І хоць тэатр імя М. Горкага зараз знаходзіцца на рамонце, для вечара-прысвячэння Расціславу Янкоўскаму ў ім знайшлася ўтульная і атмасферная прастора — малая зала, так званы “Тэатр пад купаламі”. На сцэне — з аднаго боку фотапартрэт артыста, з другога — яго жывапісны партрэт у ролі Макбета, трон з мядзвежай шкурай і каронай на ім. Вечар для сваіх — акцёраў славутага тэатра, родных Янкоўскага, людзей, што хацелі падзяліцца ўспамінамі, распавесці якую гісторыю, прызнацца ў любові. Таму і атмасфера панавала нязмушаная — людзі і смяяліся, і заміралі ў смутку. Пачалася імпрэза з хвіліны маўчання. У дзень нараджэння Расціслава Янкоўскага, 5 лютага 2020 года пакінуў свет яго сябар, рэжысёр, з якім разам яны стварылі нямала выдатных пастановак, Барыс Луцэнка.

І нават выступленні афіцыйных асоб былі зусім неафіцыйнымі — не па паперцы казаліся шчырыя і вельмі цёплыя словы. У імпрэзе прынялі ўдзел намеснік міністра культуры Беларусі Наталля Карчэўская, прадстаўнік прэзідэнта Расійскай Федэрацыі па міжнародным культурным супрацоўніцтве, пасол па асобых даручэннях Міхаіл Швыдкой, старшыня Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі драматург Аляксей Дудараў. Настаяцель храма-помніка Усіх Святых протаіерэй Фёдар Поўны асабліва адзначыў адкрытасць Расціслава Янкоўскага да людзей і яго прыроджаную высакароднасць. Сваімі гісторыямі падзяліліся Старшыня гільдыі акцёраў Беларусі актрыса Святлана Сухавей, мастацкі кіраўнік тэатра імя М. Горкага Сяргей Кавальчык, дырэктар Эдуард Герасімовіч і рэжысёр Валянціна Еранькова, аўтар кнігі “Янкоўскі — артыст” крытык Таццяна Арлова. Актрысы Аксана Лясная і Вераніка Пляшкевіч расказалі пра найлепшага і свайго найлюбімейшага партнёра па сцэне. Вёў праграму Андрэй Душачкін.

Усе добрыя словы пра Расціслава Іванавіча госці адрасавалі і жонцы артыста Ніне Давыдаўне, якая з сынам Уладзімірам, нявесткай і ўнукам сядзела ў першым шэрагу. Усе ведаюць, што значыла жонка для гэтага артыста, як яна яго падтрымлівала не толькі ў жыццёвых, але і тэатральных справах. Ніна Давыдаўна адказала на шматлікія ўспаміны пра любоў і адданасць мужа тэатру імя М. Горкага, “рыцарам” якога ён быў, якому служыў і пра які клапаціўся, дапамагаючы хоць акцёрам, хоць самім сценам тэатра — калі “выбіваў” рамонт ці нешта падобнае (а і пра гэта з удзячнасцю неаднойчы згадвалася на вечары), блаславіўшы тэатр:

— Дарагія мае артысты, гледачы, драматургі… Ён усіх вас вельмі любіў, тэатр быў яго родным домам. Я ведаю, што ўсё, зробленае ім для гэтага тэатра, ён пакінуў тут, пакінуў у гэтых сценах, пакінуў у нашых сэрцах. І дай Бог гэтаму тэатру ўсяго найлепшага! Каб у вас было многа добрых спектакляў, каб у вас былі поўныя залы, каб глядач ішоў з тэатра заўсёды ў захапленні і з жаданнем вярнуцца ізноў. Дзякую вам за ўсё!