Браму гісторыі прачыніўшы...

№ 37 (855) 13.09.2008 - 19.09.2008 г

У рэдакцыйна-выдавецкім аддзеле Палескага дзяржаўнага універсітэта пабачыў свет чарговы нумар навуковага часопіса “Гістарычная Брама”. Гэтае выданне існуе на Брэстчыне з 1997 года. Высілкамі энтузіястаў, аматараў, даследчыкаў гістарычнай ды культурнай спадчыны Беларусі і ў прыватнасці Брэстчыны, падрыхтаваны ўжо 22 нумары.

І вось чарговы нумар выйшаў пад эгідай нашага універсітэта. Ён выйшаў абноўленым і, мабыць, як ніколі раней, рознабаковым па змесце і вялікім па аб’ёме — амаль 200 старонак. Галоўны рэдактар гэтага нумара — сталы аўтар “Гістарычнай Брамы”, дацэнт Палескага дзяржуніверсітэта Аляксандр Ільін. Ён плённа працуе ў архівах і выдае шмат цікавых матэрыялаў, а гэтым разам пад рубрыкай “Гісторыя і краязнаўства” апублікаваў сваё даследаванне “Панславіст Леў Сапега і бібліятэка Івана Грознага”.

Варта адзначыць, што ў склад міжнароднай рэдкалегіі ўваходзяць вучоныя як з навучальных і навуковых устаноў нашай краіны (Брэста, Гродна, Мінска), так і з Расіі, Польшчы і Украіны. Назавём толькі некалькі імёнаў: доктар філалагічных навук, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, пісьменнік Адам Мальдзіс, доктар гістарычных навук, віцэ-дырэктар Інстытута гісторыі з Беластока Войцэх Сляшынскі, доктар філалагічных навук, дырэктар Цэнтра беларусазнаўчых даследаванняў Інстытута славяназнаўства Расійскай акадэміі навук Юрый Лабынцаў, доктар філалагічных навук, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Украіны Іван Дзюба. Асабліва прыемна адзначыць, што разам з імі “Гістарычную Браму” прачыняла і наша зямлячка з Піншчыны, доктар філалагічных навук, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вольга Шарая. Тэма яе публікацыі — сацыякультурныя асаблівасці і сімволіка заходнепалескага абраду Куста.

У часопісе змешчаны разнастайныя матэрыялы з архіва беларускага лінгвіста, замежнага члена Польскай акадэміі навук Вячаслава Вярэніча, які да канца жыцця працаваў над складаннем палескага слоўніка. Апрацоўкай запісаў навукоўца заняліся яго сябры і аднадумцы: кандыдат філалагічных навук, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Фёдар Клімчук, доктар гуманітарныхнавук, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук Ганна Энгелькінг, мовазнаўца-славіст, прафесар Варшаўскага універсітэта, колішні Пасол Польшчы ў Беларусі Эльжбета Смулкова. Дзякуючы ім, а таксама Палескаму дзяржаўнаму універсітэту распачалася публікацыя звестак, сабраных Вярэнічам у экспедыцыях па нашым краі.


Вячаслаў ІЛЬЯНКОЎ
Пінск