Кася і Бася — сёстры Біг-Бэна

№ 6 (1445) 08.02.2020 - 15.02.2020 г

Кажуць, што Бог стварыў вёску, а чалавек пабудаваў горад. Вёска вонкава і насамрэч зліваецца з прыродай у гарызантальнай плоскасці, асабліва калі глядзець з аўтамабіля. А вось горад пнецца ўверх, усім сваім ладам і абліччам дэманструючы вяршынства вертыкалі над глебай, на якой тая вертыкаль паўстала. Не дзіўна, што кожны горад з выразным абліччам, амбіцыйнай ментальнасцю і годным статусам мае сваім сімвалам вежу — з гадзіннікам ці без, абарончую ці тэлевізійную, зрэшты — цалкам не функцыянальную, але дарагую як памяць, абярэг, амулет.

/i/content/pi/cult/784/16899/14_4.jpg

Кася і Бася — гарадзенскія вежы...

У Парыжы — башня Эйфеля, у Лондане —Біг-Бэн, а некаторыя горады, такія як Мінск і Гродна маюць сярод цікавостак вежы — блізняты. У нашай сталіцы гэта “брама горада” на Прывакзальнай плошчы, у Гродна — “Кася” і “Бася” побач з гістарычным цэнтрам. Гродзенскія блізняты пабудаваныя ў ХІХ і ХХ стагоддзях як воданапорныя. Менавіта яны доўгі час забяспечвалі горад пітной вадой. Па меры росту горада, з’явілася патрэба ў новых магутнасцях для задавальнення ягоных патрэб і новыя тэхналогіі, якія ім адпавядалі. Вежы ўжо не спраўляліся са сваім прызначэннем і з тэхнічных аб’ектаў ператварыліся ў офісныя будынкі, адначасова прыдбаўшы статус помнікаў прамысловай архітэктуры. Хто і калі аддаў вежам жаночыя імёны, сёння ўжо і не знайсці. Але гарадзенцы лічаць, што вежам яны пасуюць.

/i/content/pi/cult/784/16899/14_5.jpg

... і адна з майстэрань у іх.

А потым у іх засяліліся мастакі. Зараз у вежах працуюць дзесяць творцаў. Некаторыя з іх аўтару асабіста знаёмыя. Не памылюся, сцвярджаючы, што творчасць жывапісцаў Сяргея Грыневіча і Вікторыі Ільіной, графіка Юрыя Якавенкі і скульптара Уладзіміра Панцялеева ўвасабляе не толькі моцны патэнцыял гродзенскай школы, але і найлепшым чынам прэзентуе Беларусь і яе мастацтва ў свеце. Як па мне, “Кася” і “Бася” нічым не горшыя за славуты “Вулей”, што ў Парыжы на Манпарнасе. Там шчыравалі Лежэ, Мадыльяні, Шагал, Суцін, тут таксама працуюць не абы хто. Такі культурніцкі аб’ект цудоўна стасуецца з гарадзенскім Сярэднявеччам — замкамі і храмамі, дадае фарбаў у ментальную палітру горада. Калі яго як след раскруціць, дык папулярнае сярод гарадзенцаў выслоўе “Гродна — другі Парыж” будзе ў значнай ступені абгрунтаваным.

Спадзяюся, што ў новым турыстычным даведніку па Гродне і рэгіёну, патрэба ў якім раней ці пазней наспее, будзе раздзел, прысвечаны “Касе” і “Басе” — сваячкам Біг-Бэна і парыжскай Прыгажуні. Дальбог, гэтыя блізняты вартыя славы Манпарнаса.

Фота аўтара

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"