Барыс Іванавіч Луцэнка (16 кастрычніка 1937 — 5 лютага 2020)

№ 6 (1445) 08.02.2020 - 15.02.2020 г

5 лютага на 83-м годзе жыцця памёр вядомы рэжысёр, легенда беларускага тэатра — народны артыст Беларусі Барыс Іванавіч Луцэнка.

/i/content/pi/cult/784/16893/2_1.jpgЁн нарадзіўся 16 кастрычніка 1937 года ў Майкопе Краснадарскага краю Расіі. Скончыў у 1967-м Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (курс заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Маланкіна).

З 1967 па 1973 і з 1981 па 1982 год працаваў рэжысёрам Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Сярод лепшых пастановак гэтага перыяду — “Традыцыйны збор” Віктара Розава (1967), “Памяць сэрца” Аляксандра Карнейчука (1970), “Зацюканы апостал” Андрэя Макаёнка (1971), “Раскіданае гняздо” Янкі Купалы (1972).

З 1973 па 1982 год узначальваў Дзяржаўны рускі драматычны тэатр Беларусі. Залатым перыядам Рускага тэатра называюць гады, калі Барыс Луцэнка адзін за другім стварыў тры шэдэўра, якія сталі класікай беларускага тэатральнага мастацтва. “Макбет” Уільяма Шэкспіра (1974) быў прызнаны адной з лепшых пастановак гэтай п’есы ў свеце і атрымаў Гран-пры на фестывалі ў Штутгарце. Спектакль “Трохграшовая опера” Бертольда Брэхта (1976) карыстаўся вялізнай папулярнасцю ў гледачоў. Спектакль “Трагедыя чалавека” Імрэ Мадача (1979) атрымаў Гран-пры на фестывалі венгерскай драматургіі, і тэатр быў запрошаны на гастролі ў Будапешт і Сольнак.

З 1982 па 1991 год Барыс Луцэнка ўзначальваў Мінскі тэатр-студыю кінаакцёра. Яго пастаноўкі гэтых гадоў “Глядзіце, хто прыйшоў!” Уладзіміра Арро (1983), “Папяровы патэфон” Аляксандра Чарвінскага (1983), “Не баюся Вірджыніі Вульф” Эдварда Олбі (1986), “Гамлет” Уільяма Шэкспіра (1990) мелі вялікі поспех. Тэатр-студыя кінаакцёра пад кіраўніцтва Барыса Луцэнкі быў адным з самых наведваемых тэатраў Мінска.

Ажыццявіў шэраг пастановак за мяжой. Сярод іх — спектакль “Рэвізор” Мікалая Гогаля (1980) у Берлінскім драматычным тэатры імя Максіма Горкага, а таксама спектакль “Тры сястры ў Чарнобылі” Антона Чэхава, Святланы Алексіевіч (2001). Гэтыя пастаноўкі былі высока ацэнены крытыкай. Спектаклі Барыса Луцэнкі ўдзельнічалі ў розных міжнародных тэатральных фестывалях і адзначаны ўзнагародамі і Гран-пры.

З 1991 па 2008 год Барыс Луцэнка з’яўляўся мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага.

З 2008 года па наступны час — рэжысёр-пастаноўшчык Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага.

На сцэнах краіны і за мяжой Барыс Луцэнка паставіў больш за сто спектакляў. Яго творчаму почырку былі ўласцівыя імкненне да псіхалагічнай дакладнасці ў характарыстыках персанажаў, пошук выразных пластычных рашэнняў, вера ў асаблівую каштоўнасць чалавека і ачышчальную сілу мастацтва.

Нястомную творчую работу Барыс Луцэнка паспяхова сумяшчаў з педагагічнай дзейнасцю, карыстаўся вялікім аўтарытэтам сярод калег і таленавітай моладзі краіны.

Развітанне з народным артыстам адбудзецца 7 лютага а 12 гадзіне ў глядацкім фае тэатра імя Максіма Горкага. Светлая памяць аб цудоўным рэжысёры, грамадскім дзеячы, чалавеку вялізнай душы назаўсёды застанецца ў памяці родных, блізкіх, сяброў, калег і шматлікіх гледачоў.

Петрышэнка І.В., Бондар Ю.П., Дудараў А.А., Яфрэмаў А.В.,

Пінігін М.М., Дзянісава (Клебановіч) В.М., Аўсяннікаў Г.С., Елізар’еў В.М., Кавальчык С.М., Захарэвіч М.Г.