Ад любові да нянавісці…

№ 5 (1444) 01.02.2020 - 08.02.2020 г

У Маладзечне паставілі “Каралеву прыгажосці” Марціна МакДонаха. Навошта? Каб спакусіць недасведчаных назвай? Запрасіць быццам бы на конкурс прыгажунь, а потым “шандарахнуць” смяротным зыходам у непрымірымай вайне між дачкой і маці. Ды ў нас праблем і без таго хапае, каб на іх яшчэ ў тэатры глядзець…

/i/content/pi/cult/783/16882/8_2.jpgЗ апошнім меркаваннем сутыкаюцца многія тэатры, і Мінскі абласны драматычны, як мне паведамілі ў маладзечанскіх кулуарах, не стаў выключэннем. І гэта пры тым, што некалькі гадоў таму “нязручную”, складаную п’есу сучаснага ірландскага драматурга ставіў Народны тэатр “Метамарфозы” тамтэйшага Палаца культуры. Сярод першых беларускіх увасабленняў — колішні спектакль Новага драматычнага ў Мінску. Па-за межамі сталіцы — пастаноўкі ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа ў Віцебску, у Гомельскім гарадскім маладзёжным тэатры. Паўсюль — са сваімі складанасцямі ўспрыняцця, але разуменнем актуальнасці. Бо адзінокія маці, якія імкнуцца назаўжды прывязаць да сябе дарослае дзіця, — з’ява даволі распаўсюджаная, хаця далёка не ва ўсіх выпадках справа даходзіць да “ваенных дзеянняў”.

А як у Маладзечне? Нягледзячы на “постнавагодні сіндром”, калі сярэднестатыстычны глядач паспеў стаміцца ад святочнага марафону, зала запоўнілася амаль цалкам, з даволі рэдкімі прагаламі асобных вольных месцаў. Пасля ж спектакля (а гэта быў не першы паказ, які звычайна збірае аншлагі і асобую прэм’ерную публіку) пачаліся авацыі, крыкі “Брава!” Хтосьці, наадварот, сыходзіў сцішана, у задуменні. Асабіста я не пачула ніводнага абуранага водгуку. Прычынай зусім не асаблівая “падрыхтаванасць” публікі. Проста спектакль атрымаўся — цалкам “пра нас”.

Адкрытая сцэна дазваляе яшчэ да пачатку разгледзець раскіданыя на ёй побытавыя дэталі — тыповае лецішча дзесьці на перыферыі, “злепленае” з таго, што было, так і не адчуўшы руплівай мужчынскай рукі. Надакучлівы ў іншых пастаноўках поліэтылен тут цалкам апраўданы. Ён працуе і на гіперрэалізм збудавання, малюючы той “часовы” варыянт, што ператвараецца ў пастаянны, і на тэатральную ўмоўнасць, сімвалізуючы аблокі (мастак — Андрэй Жыгур). Беларускасць адчуваецца і ў абранай танальнасці: замест павышанай экспрэсіі — разважлівасць, ніякіх абвінавачванняў, бо ў кожным з герояў шчыльна спляліся супярэчлівыя, а часам і супрацьлеглыя рысы.

Рэжысёр Валерый Анісенка, цяперашні мастацкі кіраўнік тэатра, вельмі дакладна прасочвае кожную псіхалагічную дэталь: ніводная з іх не застаецца непатрэбнай дробяззю. Спектакль глядзіцца на адным дыханні, настолькі цікава назіраць за раскрытай падаплёкай паводзінаў і гутарак. Як ні дзіўна, але ў гэтай скрозь трагічнай гісторыі ўсё будуецца на любові і няўменні яе правільна выказаць. На невыноснай адзіноце, якую імкнуцца прыхаваць. На няўменні слухаць адзін аднаго і прыслухоўвацца да сутнасці, зняўшы непатрэбнае шалупінне. Усе гэтыя недарэчнасці выклікаюць не толькі ўсмешку, але і смех. Смяюцца і гледачы, і самі героі аповеду. Вось толькі апошнія зусім не весела развітваюцца з мінулым — яны трымаюцца за яго, бы за апошнюю саломінку. І гэта пры тым, што па волі рэжысёра яны сталі амаль удвая маладзейшымі — зноў-такі, як пры цяперашнім раскладзе пакаленняў. Такія змены ледзь не ўпершыню пераканаўча растлумачылі матывы закаханасці Пата Дулі ў дзіўнаватую Морын: яна яго першая дзяўчына, ён іншых пакуль не зведаў.

Пры поўнай захаванасці тэксту цалкам пераасэнсаваны фінал, калі дачка, пахаваўшы маці, становіцца яе “двайніком”, пераняўшы матчыны манеры. Рэжысёр даводзіць гэтую “паўторнасць” да поўнага абсалюту, ператвараючы ў абрысы класічнай рэпрызнай трохчасткавасці, што бывае ў музыцы. Узнікае адчуванне “дня сурка”: паўтараюцца ўсе мізансцэны. І спектакль узнімаецца з побытавага ўзроўню на філасофскі, вымушае гледачоў асэнсаваць, што адбылося, і пераканацца ў страчанай магчымасці іншай развязкі скамечанага клубка непаразуменняў.

Спектакль задумваўся як бенефіс да юбілею Алены Рахмангулавай. Але побач з таленавітай прымай запаліліся і маленькія зорачкі маладых артыстаў, уключаючы пачаткоўцаў. У такім творчым ансамблі яны, трэба верыць, будуць расці і ўдасканальвацца. А спектакль пачне паспяховы фестывальны шлях, не забываючыся і на маладзечанскую публіку.

Фота прадастаўлена тэатрам

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"