Галоўная “паездка” — на родную сцэну

№ 37 (855) 13.09.2008 - 19.09.2008 г

76-ы сезон Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра балета Рэспублікі Беларусь, які адкрыўся 4 верасня “Бахчысарайскім фантанам”, адметны найперш замежнымі паездкамі.

Пазаўчора артысты выправіліся ў Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку, дзе пад час Дзён культуры Беларусі пакажуць аднаактовы балет “Пахіта” і выступяць з канцэртнай праграмай. 8 кастрычніка ў Вільнюсе ў межах Дзён культуры Беларусі ў Літве пройдзе спектакль “Рамэа і Джульета”. Увесь снежань трупа правядзе ў Паўднёвай Карэі, дзе ў розных гарадах адбудзецца каля 20-ці спектакляў “Шчаўкунка”. У канцы ж сезона плануюцца гастролі ў Егіпце, Францыі, Кітаі.

Тым не менш, тэатр ужо паспеў здзівіць і беларускую публіку. 7 верасня партыю Пахіты ў аднайменным балеце ўпершыню станцавала зусім яшчэ юная салістка, лаўрэат міжнародных конкурсаў Кацярына Алейнік, скарыўшы гледачоў узнёслай адухоўленасцю, класічнай вытанчанасцю і бездакорнай прафесійнай падрыхтоўкай.

Калі юбілейны 75-ы сезон завяршыўся суцэльнай гронкай прэм’ер аднаактовых спектакляў і мініяцюр, дык у 76-ым чакаецца, нарэшце, прэм’ера маштабнага праекта — балета “Клеапатра”. Яго падрыхтоўка пачыналася некалькі гадоў таму, яшчэ да закрыцця будынка на рэканструкцыю: знакамітым беларускім кампазітарам Вячаславам Кузняцовым была цалкам завершана музыка, вядомым піцерскім мастаком Вячаславам Окуневым — распрацаваны сцэнаграфія і касцюмы. Але рэпетыцыі не пачыналіся, бо стала зразумела, што на сцэне Палаца Рэспублікі, дзе трупа часова паказвала свае спектаклі, гэтае рашэнне многае страціла б. Таму як толькі тэатр вернецца на родную сцэну, аснашчаную пасля рамонту самым сучасным абсталяваннем, праца над спектаклем адновіцца.

Больш яркімі фарбамі заззяе і “Шчаўкунок”, які так палюбіўся і нашым, і замежным гледачам усіх узростаў: дэкарацыі і сцэнічныя строі, нафантазіраваныя мастаком Яўгенам Лысікам, будуць цяпер існаваць у двух аднолькавых камплектах, каб гэты балет можна было адначасова паказваць і на гастролях, і ў нас, прычым не толькі ў сталіцы. У прыватнасці, аккурат роўна праз тыдзень “Шчаўкунка” ўбачаць госці і ўдзельнікі Міжнароднага тэатральнага фестывалю “Белая вежа” ў Брэсце.

Што ні кажыце, а любая харэаграфічная пастаноўка народнага артыста СССР Валянціна Елізар’ева “прачытваецца” не толькі на ўласна балетным, але і на рэжысёрска канцэптуальным узроўні.


Надзея БУНЦЭВІЧ
На здымку: Кацярына Алейнік у партыі Пахіты.