Свет без бар’ераў

№ 5 (1444) 01.02.2020 - 08.02.2020 г

30 студзеня ў Доме прэсы адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння прэміі “Чалавек безбар’ернага асяроддзя — 2020”. Заснавальнікамі прэміі выступаюць Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур і Мінская абласная арганізацыя БелТІЗ пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Як расказалі падчас мерапрыемства, штогод лаўрэатамі прэміі становяцца дзеячы мастацтва, якія ўнеслі свой уклад у развіццё прынцыпаў гуманізму і ідэй безбар’ернага асяроддзя для невідушчых і слабавідушчых людзей, а таксама тыя, хто развівае інклюзіўнае мастацтва. І як падкрэслілі арганізатары, гэта не вынік адміністрацыйных рашэнняў, а дзяржаўная падтрымка грамадскай ініцыятывы.

— Мы вельмі ганарымся, што летась падтрымалі гэтую прэмію, — адзначыла падчас цырымоніі дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольга Антоненка. — Сёння мы ладзім шмат мерапрыемстваў з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі, бо іх творчасць і талент сапраўды бязмежныя.

/i/content/pi/cult/783/16876/2_1.jpg

Зоя Падліпская (лаўрэат прэміі 2019 года), Ігар Кецкін, Аляксандр Калоша, Уладзімір Лісоўскі

Уручыць першую ўзнагароду даверылі Алене Маславай, лаўрэату мінулага года, якая кіруе інклюзіўным хорам “Радасць душы” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Кантакт”. Яна ўзнагародзіла дырэктара сацыяльна-культурнай установы “МоцАрт” Аляксандра Калошу. Гэтая арганізацыя займаецца адаптацыяй фільмаў і спектакляў для невідушчых, рыхтуе аўдыёкнігі. Сярод адаптаваных стужак — “Вянок санетаў”, “Белыя росы”, “У жніўні 44-га ...”

Другім пераможцам стаў Уладзімір Лісоўскі — акцёр Драматычнага тэатра Беларускай Арміі, які агучваў большасць праектаў “МоцАрта”. Трэцім лаўрэатам назвалі Ігара Кецкіна, стваральніка і кіраўніка Народнай вакальнай мужчынскай групы “Хорус” (Віцебск), сярод удзельнікаў якой ёсць невідушчыя людзі, а таксама тыя, хто слаба бачыць. Дарэчы, тое не першая ўзнагарода “Хорусу”, бо гэты калектыў ужо заваяваў Гран-пры некалькіх прадстаўнічых конкурсаў, у тым ліку — Другіх міжнародных Парадэльфійскіх гульняў, што ладзіліся ў 2018 годзе ў расійскім Іжэўску.

Фота аўтара

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"