Юлія ШПІЛЕЎСКАЯ: “У мяне ў руках журавель, а не сініца”

№ 5 (1444) 01.02.2020 - 08.02.2020 г

“Мне падабаецца такая магія лічбаў і супадзенняў — у 2000-м я прыйшла ў Купалаўскі тэатр, у 2020-м пачаўся мой 20-ты сезон, і як падарунак да дня нараджэння, што быў 17 студзеня, я атрымала пачэснае званне заслужанай артысткі Беларусі”, — гаворыць актрыса і тэлевядучая Юлія Шпілеўская. На пачатку года на адну заслужаную артыстку ў нашай краіне стала болей. І асабліва прадстаўляць яе не трэба — не толькі тэатральнай публіцы, якая, канешне ж, сочыць за спектаклямі і Купалаўскага — роднага для Юліі тэатра, і за пастаноўкамі “Тэрыторыі мюзікла”, у якіх яна іграе і спявае, але і самай шырокай — бо многа гадоў Юлія Шпілеўская літаральна не пакідае экранаў тэлевізараў: вядзе ранішняе шоу на канале СТБ, вядзе вялікія фестывалі, напрыклад, “Славянскі базар у Віцебску”, і гэтак далей. Усмешлівая, пазітыўная, энергічная — такой яе ведаюць тэлегледачы. А тэатральныя ролі, вядома ж, бываюць розныя. Пра сцэну і жыццё мы гутарым з артысткай з нагоды такой прыемнай падзеі.

/i/content/pi/cult/783/16875/7_1.jpg— Ваша першая роля ў тэатры — Паўлінка, і ігралі вы яе многа гадоў. Ці адчулі летась, што ўвайшлі ў гісторыю, калі даведаліся, што спектакль прызналі гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі?

— Сапраўды, я падумала, што “ўвайшла ў гісторыю”! У гісторыю ўвайшлі, мне падаецца, усе, хто іграў Паўлінку. Роля перадавалася ад актрысы да актрысы: я, напрыклад, атрымала яе з рук Зоі Белахвосцік — нязменнай Паўлінкі на працягу 20-ці з нечым гадоў, і сама потым адыграла больш за дзесяць гадоў. Такая пераемнасць, такая традыцыйнасць вельмі каштоўныя, і гэта ж адна з прычын таго, што спектакль прызналі нашай культурнай спадчынай. Але я ролю ўжо нікому не перадавала, таму што спектакль змяніўся — яго адрэстаўравалі, так бы мовіць, і цяпер ён ідзе з іншым мастацкім аздабленнем, з іншымі дэталямі.

Для мяне роля Паўлінкі, мабыць, самая дарагая, як самым дарагім бывае складанае дзіця, у якое ты ўкладваеш усе сілы, — і маральныя, і фізічныя. У мяне так і было, бо я была яшчэ студэнткай. І вось такая адказнасць! Хвалявалася страшэнна, баялася, што не змагу адпавядаць. Мне нават слова падабраць складана, як я тады хвалявалася — гэта быў нейкі свяшчэнны жах!

— З тых часоў, з тых прэм’ерных спектакляў фраза пра тое, што ў вашай Паўлінкі быццам тры вышэйшыя адукацыі?

— Нехта так напісаў, і мне запомнілася, я потым пра гэта неаднойчы расказвала. Тады мяне гэта крыху зачапіла, я паперажывала. Але потым падумала: “Затое запомнілі!” Канешне, з папярэдняй Паўлінкай, з Зояй Валянцінаўнай, мы розныя, ды й не трэба, каб былі аднолькавымі. Здараецца, мне нават на кастынгах гавораць: “А не маглі б вы паглядзець больш ласкава, больш лагодна, стаць больш добрай!” А я думаю: “Ну як так? Я ж насамрэч вельмі добры чалавек!” Проста такая ў мяне знешнасць, мабыць, больш нардычнага складу, а часам трэба быць мілай і рахманай як Алёнушка з казкі, ці як Снягурка. А я, хутчэй, Снежная каралева, а не Снягурка.

 — Мы згадалі вашу першую ролю, давайце цяпер пагаворым пра самую апошнюю па часе.

— Гэта роля ў спектаклі “Кароль Лір” рэжысёра Мікалая Пінігіна. Даволі складаны па ўспрыняцці спектакль, мне падаецца. Там многа тэкста, які вельмі важна чуць і разумець, вельмі многа эмоцый і напружанасці. У сэнсе, глядач мусіць быць падрыхтаваны. Мы паказвалі прэм’еру перад самым Новым годам, а я стаю за кулісамі і думаю: “Божухна! Перад Новым годам людзям — і такое!”

— Былі ж аншлагі, на “Кароль Лір” і трапіць немагчыма!

— Гэта праўда, спектакль з магутнымі сцэнамі і фіналам, як любіць Мікалай Мікалаевіч, уражвае і праймае. У мяне роля старэйшай дачкі караля — Ганэрыльі. І вось што значыць сапраўдны рэжысёр — яму адразу зразумела, хто можа сыграць ролю, і мяне ён у ёй убачыў. Хаця не ад аднаго чалавека давялося пачуць: “Як гэта Юля будзе іграць такую злосную Ганэрылью?” Але ведае рэжысёр, што ў мяне ёсць здольнасць, што я магу гэта зрабіць. І ўсё роўна Пінігін казаў: “Будзем змагацца з тваёй жаноцкасцю” — ён вечна кшталту змагаецца з маёй жаноцкасцю. Гэта напаўжартам, канешне, бо яна ж бывае і патрэбна на сцэне.

— Дзве такія процілеглыя ролі — Паўлінка і Ганэрылья…

 — А я б не сказала, што ролі абсалютна процілеглыя. Персанажы — можа быць, а вось ролі... Таму што ў Паўлінкі таксама характар вельмі моцны, і дзякуючы яму гераіня змагла дасягнуць мэты і нешта здзейсніць. Не стану хаваць, мне падабаецца іграць характар. Згадваю, калі вучылася ў Акадэміі, мы ставілі з аднакурснікам аповед Чэхава “Размазня”, і там у мяне была роля абсалютна бесхарактарнай дзяўчыны. Як жа мне цяжка гэта давалася! Сама я хацела забіць крыўдзіцеля гераіні, але даводзілася шукаць у сабе абсалютную “размазню”… Таму мой характар у жыцці, відавочна, дыктуе і маё амплуа на сцэне. Але, думаю, што з маім цяперашнім досведам і ўменнем я ўжо магу з сабой дамовіцца, і дзе трэба — быць стальной, а дзе трэба — аксамітнай і мяккай.

— Акцёрская прафесія, як вядома, не гарантуе нейкага стабільнага поспеху. Можна быць і геніем, але не мець дастатковай працы. Ці былі ў вас цяжкія перыяды? Ваш характар дапамагае ў творчай кар’еры — менавіта ў кар’еры?

— Магчыма, я так востра не адчула нейкіх творчых прастояў, бо заўсёды запаўняла паўзы іншай працай. Ёсць вольны час — я знайду, чым цікавым і карысным заняцца. Я не клублюся ў атмасферы толькі тэатра, таму што, сапраўды, па выніку можна апынуцца вельмі няшчасным чалавекам, калі раптам станеш непатрэбным. Акрамя таго, я чалавек дастаткова самаіранічны і градус пафаса стараюся зніжаць, стараюся не думаць пра сябе як пра вялікую актрысу, такую Актрысу Актрысаўну. Атрымліваецца — класна, значыцца, я абрала правільны шлях. Калі пра якую маю ролю ізноў кажуць — “роўная работа Юліі Шпілеўскай”, то з аднаго боку я радуюся, што ўтрымала планку і сыграла добра, а з іншага — часам і злуюся сама на сябе, маўляў — ізноў роўна, а трэба, как было wow! Але гэта як у жыцці: я стараюся быць вытрыманым чалавекам, і такая, магчыма, мая сутнасць, што я сем разоў адмераю, і толькі потым адрэжу.

— А лічыцца ж, што акцёр павінны быць проста фанатам сцэны…

— Я шчыра люблю гэтую прафесію, але, прызнаюся, не кладу галаву на плаху, бо ўсё ж Богам, прыродай, лёсам мне дадзена столькі магчымасцяў у жыцці, што было б проста злачынствам ісці па нейкай адной дарожцы. Я хачу сабраць усе грыбы ў лесе, а не толькі тыя, што вось тут, за бліжэйшай елачкай. (смех) Канешне, я расстаўляю прыярытэты, і мая прафесія, маё жыццё на сцэне для мяне вельмі важныя, але так, каб спыніцца і асесці ў нечым адным, мне не цікава. Таму ў мяне ёсць і музыка, і тэлебачанне (а было яшчэ і радыё), і фестывалі, і спорт, і падарожжы, і адукацыйныя курсы... Не кажучы ўжо пра маю сям’ю.

— Як вы думаеце, ці можна назваць нешта канкрэтнае — можа, самую значную вашу ролю — за што вам у першую чаргу далі званне заслужанай артысткі?

— Наўрад ці гэта нейкая адна роля. Самае галоўнае — сам тэатр, яго кіраўніцтва, якое прапанавала маю кандыдатуру на атрыманне звання. А мне па жыцці заўсёды шанцуе з кіраўніцтвам — што ў тэатры, што на тэлебачанні ці яшчэ дзе, хоць я і стараюся не хадзіць тымі калідорамі, дзе ходзіць начальства, не імкнуся да гэтага. А ўвогуле так склалася, што ў мяне многа рознай дзейнасці, якая на віду. І зараз я не столькі пра тэатр кажу, як пра іншыя рэчы. Я была, напрыклад, вядучай “Славянскага базару ў Віцебску”, я вяла “Дажынкі”, уручэнне прэміі “За духоўнае адраджэнне” і гэтак далей: усё мерапрыемствы вельмі адказныя і публічныя. Мяркую, што маё тэатральнае кіраўніцтва бачыць і цэніць маю работу ў тэатры, але потым падключаюцца нейкія іншыя фактары кшталту “а вашу маму и там и там показывают!”: я і ў тэатры, і на тэлебачанні, і на фестывалях. Магчыма, людзі, што прымаюць рашэнне далей, гэта ўсё таксама ўлічваюць. Я цалкам цвяроза гляджу на свае поспехі, на сваю папулярнасць і вядомасць. Дзякуй Богу, у мяне хапае самаіроніі, і магу сказаць шчыра, што ніводную сваю ролю я не лічу нейкім непераўзыдзеным шэдэўрам ці нешта такое.

— Але ж вы радаваліся званню?

— Канешне, для мяне гэта сталася сапраўдным падарункам і да Новага года з днём нараджэння, і да пачатку майго 20-га сезона ў Купалаўскім. Зараз модна адсылаць запыты Сусвету — не тое, каб я нешта канкрэтнае прасіла, але ўсё атрымала, насамрэч я вельмі ўдзячны жыхар Сусвету, я ўдзячная за ўсё, што мне даецца. І вельмі шчаслівая, што мае бацькі могуць асэнсаваць зараз гэты момант, могуць парадавацца за мяне — гэта ўсё для іх у першую чаргу. Вельмі хачу, каб сын мной ганарыўся. Яму толькі дзесяць гадоў, і пакуль ён, магчыма, не да канца разумее маштабы.

— Ваша першая любоў — музычны тэатр. І да яе вы праз многа гадоў вярнуліся, калі пачалі выступаць у спектаклях “Тэрыторыі мюзікла”.

— Тэатр “Тэрыторыя мюзікла” арганізавалі мае аднакурснікі Насця Грыненка і Дзмітрый Якубовіч, муж і жонка, неверагодныя малайцы, рызыкоўныя людзі — у наш час адкрыць тэатр! Неяк мы пабачыліся, і я кажу: “Ну як так? Музычны тэатр і без мяне”. І ў 2015-м я ўпершыню выйшла на сцэну ў спектаклі “12 стульев”. Гэта тое, чым я хацела займацца заўсёды — мюзіклы, музычныя камедыі, рок-оперы. Я вельмі арганічна сябе пачуваю ў падобных спектаклях, іграю ў “12 стульев”, “Собака на сене”, “Страсти по Тилю”, “Обыкновенное чудо”. Гэта ж такі цудоўны матэрыял, з любімай усімі музыкай Генадзя Гладкова. Проста мара для любой артысткі.

— А стаць іграком на полі папулярнай музыкі не думалі? Вы вядзеце “Славянскі базар у Віцебску” і стасуецеся з усімі музыкантамі, зняліся ў кліпе “Баба-бомба” групы “Ленінград”, спяваць умееце — усе казыры ў вас..

— Такія думкі бываюць. Але прывяду прыклад, як калісьці хацела зрабіць тату, але потым падумала: “А што я хачу гэтым выразіць, што хачу сказаць найперш самой сабе?” Вось і ў гэтым выпадку — калі зразумею, што хачу сказаць, то ўсё будзе. А так мне вельмі падабаецца боса-нова, танга і ўвогуле лацінскія рытмы. А яшчэ ў Мінску ладзіцца фестываль Анны Герман “Эўрыдыка” — я і вядучая, і спявачка. З радасцю адгукаюся на прапановы паспяваць.

— А ці не марыце вы пра нешта большае, чым быць вядомай артысткай толькі ў Беларусі? У вас, як я разумею, ёсць магчымасці зацікавіць сабой тэатры і тэлебачанне хоць бы суседніх краін…

— Справа ў тым, што я вельмі люблю тое, чым зараз займаюся. Для мяне гэта не сініца ў руках, з-за якой я не мару пра жураўля ў небе — гэта якраз журавель. Нехта можа назваць мяне неамбіцыёзнай, а я лічу, што мне вельмі пашанцавала. Я люблю быць камусьці патрэбнай — сапраўды, дзе нарадзіўся, там і згадзіўся, — я прывязваюся душой да месцаў, дзе працую і жыву. Мой муж, напрыклад, за наша 15-гадовае з ім жыццё некалькі разоў змяніў працу, а я 20 гадоў у адным тэатры. Канешне, не выключаю, што можа быць нейкі праект і за межамі Беларусі, але ўпэўнена, што адпрацую — і назад дадому. Я ўвогуле вельмі беларускі чалавек, мне добра менавіта тут, на сваёй культурнай, ментальнай беларускай тэрыторыі, дзе жылі мае продкі. Гэта не пафас, а такія глыбінныя ў мяне адчуванні.

Фота Дар'і КАЛЯДА з архіва Юліі Шпілеўскай