Падземнае сонца транспартных артэрый

№ 5 (1444) 01.02.2020 - 08.02.2020 г

Да Дня незалежнасці Беларусі жыхары сталіцы і яе шматлікія госці атрымаюць каштоўны падарунак: плануецца адкрыццё першых чатырох станцый новай лініі метро. Апрача першаснай, чыста транспартнай функцыі, яны будуць мець і дадатковую — эстэтычную. Менавіта пра яе мы плануем распавесці ў цыкле артыкулаў, прысвечаных мастацкаму вобразу тых платформаў і вестыбюляў, па якіх многія з нас неўзабаве пачнуць спяшацца на працу.

/i/content/pi/cult/783/16872/1_1.jpgСкульптар Максім Пятруль перакананы, што яны здатныя стаць не менш паспяховымі выставачнымі пляцоўкамі за звыклыя галерэі і музеі. Прычым дэманстраваць там можна не толькі добрыя ўзоры дызайну або дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, але самыя што ні ёсць аўтарскія задумы.

— Я прапанаваў тыя аб’екты, якія цалкам адпавядаюць майму творчаму крэда і канцэптуальным арыенцірам, — кажа ён. — Гэта зусім не працы, зробленыя “на замову”. Гэта мае мастацкія працы, у якіх я вырашаю актуальныя для сваёй творчай практыкі задачы і захоўваю свае асабістыя коды, даючы гледачу магчымасць знайсці ўласныя. Проста так склалася, што людзі змогуць аглядаць іх на станцыях метро. І гэта выдатна: квіток у музей не кожны набудзе, а вось жэтон — іншая справа. У выніку, выйграюць усе — і заказчык, і пасажыры, і мастакі.

Ніць мовы

Максім Пятруль усталюе ў метро дзве свае манументальныя скульптуры — “Кнігу беларускую” на платформе станцыі “Плошча Францішка Багушэвіча” і “Сонца” на “Юбілейнай”. Мадэлі ён дэманструе ў сваёй майстэрні — у той час, калі работы па іх увасабленню ў натуральную велічыню ўжо вядуцца.

Першая — гэта павута нітак, з якіх сатканыя самыя вядомыя словы класіка — “Не пакідайце ж нашай мовы, каб не ўмерлі”.

— Я ўявіў культуру і мову як ніці, што з глыбінь сэрца бы артэрыі разыходзяцца навокал, ствараючы пэўныя сістэмы і суплёты сэнсаў, — тлумачыць сваю працу аўтар. — Выкарыстоўваючы адзіны модуль, я імкнуся адлюстраваць усю гісторыю нашай культуры. І нешта падобнае, дарэчы, раблю і ў працы “Сонца” — памнажаючы адзін і той самы геаметрычны элемент. Што цалкам адпавядае майму творчаму накірунку — “максімалізм”, які я маніфеставаў у 2018 годзе ў галерэі “Арт-Беларусь” на аднайменнай выставе ў дзень народзінаў мяне і Васіля Кандзінскага — 16 снежня 2018 года. Гэта свайго кшталту апазіцыя амерыканскаму мінімалізму, прадстаўнікі якога стваралі аб’екты, якія паказваюць выключна саміх сябе, без усялякіх рэферэнцый. Калі ты выяўляеш прызму, гэта проста прызма — і ўсё. А ў мяне ўсё мае канцэптуальны мэсэдж, і ў гэтым розніца. Я стараюся сказаць як найболей, выкарыстоўваючы пры гэтым як найменей выяўленчых сродкаў. Вось асноўны прынцып “максімалізму”.

Аб’ект, прызначаны для станцыі “Юбілейная”, таксама ўтрымлівае багата адсылак. Зрэшты, і само месца тут самавітае. Кажуць, яшчэ да таго, як плошча стала называцца гэткім чынам (а здарылася тое ў 1826 годзе, і з таго часу назва не мянялася — што для Мінска бадай неверагодна!), там была Змяіная гара, на якой жыў сапраўдны цмок — пакуль яго не перамог асілак Менеск. А яшчэ менавіта за гэтым пагоркам хавалася сонца.

— Мая скульптура нагадвае пра тыя гарадскія легенды, — кажа Максім. — Наогул, калі я задумваю той ці іншы твор, заўсёды вельмі шмат чытаю. Лічу, у творчай дзейнасці павінна быць найперш задзейнічана свядомасць, а ўжо потым — рукі.

Па словах аўтара, тэхнічна скульптура “Сонца” надзвычай складаная — розныя віды металу (нержавейка, латунь, медзь) не надта паміж сабой “сябруюць”.

— Каб злучыць іх у адзіны арганізм, даводзіцца выкарыстоўваць спецыяльныя прыпоі,  — дадае ён. — Зрэшты, выявіць і “ўтаймаваць” розныя ўласцівасці матэрыялаў я разглядаю як надзвычай цікавую творчую задачу.

Помнік або скульптура?

Між тым, з’яўленне станцыі метро “Плошча Францішка Багушэвіча” мае і яшчэ адно важнае значэнне: на карце сталіцы нарэшце/i/content/pi/cult/783/16872/1_2.jpgбудзе годна прапісанае імя аўтара “Дудкі” і “Смыка” (саму плошчу, што ні кажы, ведае далёка не кожны). На жаль, помніка гэтаму не толькі літаратурнаму класіку, але і, па сутнасці, ідэолагу беларускай дзяржаўнасці ў Мінску дасюль няма. Таму я павіншаваў Максіма з тым, што ягоны манументальны аб’ект будзе тут першым. Аднак мая неасцярожная фраза на гэты конт раптам спарадзіла ў адказ цэлую тыраду скульптара:

— Прабач, але я не ствараю помнік Багушэвічу — як і напрыклад, помнік сонцу! Думаю, наогул вельмі важна адрозніваць скульптуру ад помніка — а ў нас гэтага амаль ніхто не робіць. Нават маю працу на станцыі метро “Грушаўка” нехта ахарактарызаваў як “помнік грушы”! Здавалася б, гэта лінгвістычныя нюансы — але паняційны апарат моцна ўплывае на рэчаіснасць і грамадскую свядомасць. Вось таму пад відам скульптур у нас на вуліцах вельмі часта акурат і з’яўляюцца так званыя “помнікі” — нават калі яны не маюць канкрэтных прататыпаў. Магу прыгадаць тут, скажам, помнік рабочаму ў тупіку на станцыі Пралетарская і ў Завадскім раёне Мінска. Але я да гэтага не маю дачынення, бо ствараю менавіта скульптуры.

Фокус увагі

/i/content/pi/cult/783/16872/1_3.jpgУ чым жа розніца — калі не браць пад увагу відавочных аспектаў? Як я зразумеў са слоў Максіма, у помніку галоўнай “дзейнай асобай” з’яўляецца герой або падзея — менавіта яны ў фокусе ўвагі. А ў скульптуры — мастацкая мова і светапогляд аўтара.

— Мастацтва павінна быць… найперш мастацтвам. Манументальная прапаганда — гэта не маё, — кажа скульптар.

Як падаецца, такі падыход у дадзеным выпадку небясспрэчны — але магчымы. У тым выпадку, калі пры МАКСІМальным выяўленні аўтарскай самасці ўлічваюцца і іншыя фактары — а іх тут безліч.

— Натуральна, я ставіў перад сабой задачу арганічна інтэграваць свае творы ва ўжо зададзеную прастору, субадпарадкаваць іх архітэктуры станцый, — адказвае аўтар на маё пытанне. — Можа, не самае важнае, як скульптура будзе спалучацца, напрыклад, з колерам падлогі, але гэта таксама мае значэнне. І працуючы поплеч з архітэктарамі, мы знаходзім адпаведныя рашэнні. Але пры гэтым, скульптура застаецца менавіта скульптурай — самадастатковым аўтарскім творам, а не якімсьці прадметам інтэр’еру. Хачу падкрэсліць: я не выступаю тут як прадстаўнік сферы паслуг — кшталту цырульніка, якому вы кажаце, што за фрызуру вам зрабіць. Я — так ужо гістарычна склалася — займаюся творчасцю!

І менавіта таму Максім стварыў цікавы прэцэдэнт: ён запатрабаваў, каб яго скульптуры былі падпісаныя! Пакуль што ў выпадку з падобнымі творамі, усталяванымі ў гарадскім асяроддзі, такой завядзёнкі няма.

— Гэтага ў нас, на жаль, няма, — парыруе Максім. — А вось калі ты трапляеш у барселонскае метро і бачыш там твор Тапіеза, або проста на вуліцы сустракаеш творы Міро ці Пікасо, то побач абавязкова будзе адпаведная шыльдачка. Для таго, каб адрозніваць творы мастацтва ад смецця, дрэваў або ліхтароў, іх трэба маркіраваць. У нас, на жаль, не ўсе гэта разумеюць. Мяне вось папракаюць у пыхлівасці ды марнаслоўнасці. Але ж я проста імкнуся ўкараніць нармальныя, сучасныя стандарты функцыянавання арт-аб’ектаў у гарадской прасторы!

Пра тое, чым завершыцца гэтая палеміка, пакуль меркаваць рана. Але ў кожным разе відавочна адно: шыльдачка хіба прыцягне да аб’екта болей увагі мінакоў.

Па словах скульптара, праца над гэтымі творамі стала для яго сапраўдным выклікам — прычым у добрым сэнсе слова:

— Ты мусіш праяўляць сябе не толькі як мастак, але і як арганізатар. Ездзіць на сустрэчы, дамаўляцца з людзьмі розных прафесій, часам далёкімі ад творчасці, шукаць новыя спосабы апрацоўкі металу. Таму я і кажу, што гэта сапраўдны “чэлендж”, адказваючы на які, ты вучышся і расцеш. Не толькі ў творчым плане, але і ў агульначалавечым таксама. Гэта складана, але гэта развівае. І асабліва прыемна, што гэта таксама развівае і той горад, дзе ты нарадзіўся і жывеш.

На астачу запытаў у скульптара: ці няма страху, што далёка не кожны знерваваны жыхар мегаполіса, прабягаючы міма ягоных твораў, будзе счытваць іх глыбінны змест? Ды і ахвотныя пакпіць таксама знойдуцца: так здаралася ў нас ці не з кожным мастацкім аб’ектам, усталяваным у грамадскай прасторы за апошні час.

— Гэта справа кожнага чалавека, — кажа Максім. — Рэакцыя гледачоў ад мяне не залежыць. Калі жонка толькі што выліла табе на галаву талерку баршча, пэўна, ніводная скульптура не спадабаецца. Але займацца псіхатэрапіяй — не справа мастака. Яму трэба займацца, уласна, мастацтвам — і гэтага даволі.

 

На здымках: Праекты афармлення будучых станцый метро (Прадастаўлены Максімам Петрулём)