Рух мусіць быць сустрэчным

№ 4 (1443) 25.01.2020 - 01.02.2020 г

На мінулым тыдні ў сталічнай галерэі “Універсітэт культуры” ў межах выставы “Адвечная прыгажосць” адбыўся круглы стол “Нашы традыцыі і плынь часу”. Поле дыскусіі — сучасны стан беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Сваім бачаннем сітуацыі падзяліліся выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў (БДУКіМ), музейшчыкі, прадстаўнікі Беларускага саюза мастакоў.

І сама выстава, і круглы стол былі прысвечаны 45-годдзю БДУКіМ, заснаванага ў 1975 годзе. Выставу “Адвечная прыгажосць” зладзілі майстэрні “Мастацкая кераміка” і “Мастацкае ткацтва” кафедры дэкаратыўна- прыкладнога мастацтва згаданай вну. Экспанаваліся на ёй студэнцкія работы. За керамічны сегмент выставы адказвала Тамара Васюк, за ткацтва — Ала Непачаловіч. Гэтыя мастакі валодаюць адметным почыркам і значным творчым досведам, і на прыкладзе ўласнай творчасці выхавалі нямала майстроў, якіх сёння можна сустрэць бадай ва ўсіх культурніцкіх асяродках Беларусі.

Калі ацэньваць стан і перспектывы нашага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва паводле твораў выставачнай экспазіцыі, дык складваецца ўражанне, што нібыта турбавацца няма падстаў. Значная частка гэтых студэнцкіх работ уяўляе з сябе не проста якасна выкананыя вучэбныя заданні, але творы, якія маглі б упрыгожыць грамадскія інтэр’еры і музейныя экспазіцыі. Ды і на нядаўняй вялікай выставе ў Палацы мастацтва, прымеркаванай да з’езда Саюза мастакоў, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва глядзелася ніяк не горш за жывапіс, графіку, скульптуру, а калі і больш эфектна. Але нездарма скарыстана слова “нібыта”…

З прамоў, што прагучалі на круглым стале, вынікае, што небяспека згубіць школу, не ўтрымаць высокую планку, усталяваную папярэднікамі, усё ж існуе. Ала Непачаловіч звярнула ўвагу на тое, што ў школьных праграмах не надаецца належнай увагі прадметам, якія мусяць спрыяць эстэтычнаму выхаванню моладзі, і праз гэта панізіўся агульнаадукацыйны ўзровень абітурыентаў вышэйшых навучальных устаноў кшталту БДУКіМ. Ды і ўвогуле сярод моладзі паменела ахвочых звязваць лёс з культурай і мастацтвам. Сёння адмыслоўцы нават з пэўнай настальгіяй згадваюць савецкія часы, калі статус мастака быў больш шанаваным, а самі творчыя прафесіі — больш запатрабаванымі.

На думку спадарыні Алы, выхаваць сапраўднага прафесіянала можна толькі тады, калі навучальны працэс стасуецца з рэчаіснасцю, з эстэтычнымі запытамі грамадства. Студэнт мусіць мець жаданне і магчымасці прадставіць свае творчыя работы шырокай грамадзе — браць удзел у разнастайных мастацкіх праектах за сценамі сваёй “альма-матэр”. Але ў нашай краіне творчых конкурсаў для студэнтаў устаноў культуры, на якіх тыя маглі б суадносіць свой прафесійны ўзровень з прынятымі ў грамадстве эстэтычнымі стандартамі і трэндамі, якраз і не стае. Наяўнасць маладзёжнага Трыенале гэтай праблемы не вырашае. Раз на тры гады — мала, трэба часцей. Да таго ж на згаданым Трыенале дэкаратыўна-прыкладное мастацтва выглядае “бедным сваяком” мастацтва выяўленчага. Тут жывапіс, графіка, скульптура прадстаўлены асобнымі намінацыямі, тым часам як шматаблічнае дэкарыўна-прыкладное мастацтва загнанае пад адзін “дах”. А як, скажыце, можна разглядаць і ацэньваць агулам кераміку, шкло, ткацтва?

У вышэйшых навучальных установах культуры і мастацтва эфектыўнасць выкладчыцкай працы сярод іншага вызначаецца яшчэ і колькасцю студэнтаў — лаўрэатаў усялякіх конкурсаў, выкладчыкамі падрыхтаваных. Калі-нікалі нават патрабуюць, каб лаўрэаты былі. А скуль ім быць, калі ў Беларусі конкурсы не ладзяцца? Кажуць, пасылайце на міжнародныя — у Расію, Польшчу… А на якія грошы? На свае ўласныя?

Сярод выпускнікоў БДУКіМ найбольш запатрабаваныя рэстаўратары. Іх, што называецца, рвуць з рукамі. А вось прадстаўнікоў іншых спецыялізацый з года ў год размяркоўваць усё цяжэй. Драматызаваць сітуацыю не варта. Зрэшты, у жыцці часам даводзіцца рабіць не тое, што ў дыпломе запісана. І гэта — справа натуральная. Аднак, каб падстрахавацца, вымушаны рыхтаваць адмыслоўцаў-“шматстаночнікаў”, якія пры патрэбе могуць быць і настаўнікамі, і метадыстамі, і мастакамі. Ды ўсё ж пэўная неакрэсленасць перспектывы адбіваецца на стаўленні студэнтаў да вучобы.

Выкладчыкі БДУКіМ не надта задаволеныя сітуацыяй, калі ў агульныя групы ўключаюць замежных студэнтаў. У шэрагу выпадкаў гэта замінае напрацаванаму навучальнаму працэсу, бо замежнікі, перш чым адаптуюцца да нашай рэчаіснасці, вымагаюць да сябе дадатковай увагі. А дадатковыя высілкі пры гэтым дадаткова не аплочваюцца.

Тамара Васюк лічыць, што асвятленне сённяшняга стану нашага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, тыя ж агляды выстаў і абарон дыпломных работ, ладзіцца на ўзроўні, недасткова прафесійным. У секцыі крытыкі і мастацтвазнаўства Беларускага саюза мастакоў нават няма тых, хто б на ДПМ спецыялізаваўся. Праз гэта ўсё, што робіцца ў ДПМ, абмяркоўваецца ў шчыльным коле саміх мастакоў. Штосьці важнае пры тым застаецца па-за ўвагай. Бо погляд на сітуацыю знутры непазбежна адрозніваецца ад таго, што бачна звонку, на адлегласці.

На падсумаванні гаворкі прагучала думка, што паколькі захаванне нацыянальнай мастацкай школы ДПМ — справа прэстыжу дзяржавы, мастакі гэтага творчага цэха маюць права разлічваць на дзяржаўную падтрымку сваіх намаганняў. Але не будзе лішнім і ім самім прапанаваць дзяржаве, грамадзе ідэі і праекты, ад якіх патэнцыяльныя замоўцы не здолеюць адмовіцца. Рух мусіць быць сустрэчным і скаардынаваным — справа ж агульная!

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"