Пакінуць нельга знішчыць. Дзе коска?

№ 4 (1443) 25.01.2020 - 01.02.2020 г

Рост гарадоў — працэс, бадай, адвечны, і гэтаксама вечныя праблемы, якія з ім звязаныя. Як знайсці баланс паміж стварэннем камфортных умоваў для развіцця гарадской прасторы ды жыцця гараджан — і захаваннем цікавых узораў архітэктуры мінулых гадоў? Як можа ўплываць на будучыню будынка ягоны гістарычны лёс?

Звяртаюць на сябе ўвагу актуальныя прыклады з шэрагу сталічных будынкаў міжваеннай пары. У Мінску аб’екты таго перыяду тым больш каштоўныя, што горад, як вядома, у гады вайны быў страшэнна разбураны — нават знішчаны ці пашкоджаны да 80 працэнтаў забудовы. А страты ў архітэктурным абліччы горада працягваліся ж і ў пасляваенны час.

Сёння ўсё часцей міжваенныя будынкі выклікаюць цікаўнасць у жыхароў Беларусі і турыстаў, па ўсёй краіне з’яўляюцца творчыя і даследчыя праекты, прысвечаныя ўзорам архітэктуры канструктывізму і функцыяналізму, ствараюцца тэматычныя экскурсіі. Вядома, далёка не ўсе аб’екты міжваеннай пары маюць выразныя ды цікавыя рысы і могуць быць унесеныя ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў — але сярод неабыякавых прадстаўнікоў грамадства назіраецца імкненне да іх захавання, робяцца новыя спробы надаць найбольш адметным ахоўны статус.

Мець значэнне ў гэтай справе могуць не толькі архітэктурная прывабнасць будынка, але і яго гісторыя, лёсы асобаў, з ім звязаных. Таму так важна дбайна вывучаць гістарычныя крыніцы і звяртаць увагу на старыя адрасы, звязаныя з выбітнымі постацямі. Але нават такія пошукі могуць застацца бясплённымі, калі адначасова не прымаць практычных захадаў па ратаванні цікавых аб’ектаў.

Варта прыгадаць хаця б лёс сумнавядомай дачы Лаўрэнція Цанавы — асабняка колішняга кіраўніка спецслужбаў БССР у мінскай Сцяпянцы. У 1990-я гады гэты будынак, які, безумоўна, быў звязаны з лёсам цэлага шэрагу гістарычных дзеячаў, зрабіўся ахвярай безгаспадарчасці, прыйшоў у занядбаны стан — і ў выніку не засталося іншага выхаду, як яго зруйнаваць, што і адбылося ў 2011 годзе. А як сёння выглядаюць справы з захаваннем узораў міжваеннай архітэктуры ў Мінску?

Ці можа гараж быць помнікам?

/i/content/pi/cult/782/16857/5_2.jpgНапрыканцы мінулага года прыйшла вестка пра з’яўленне праекта дэтальнага планавання ў межах вуліц Свярдлова, Ульянаўскай, ракі Свіслач і чыгункі ў бок Гомеля. У адпаведнасці з гэтым планам, нібыта, будынку па вуліцы Свярдлова, 23 пагражала зруйнаванне. Аб’ект той шараговаму мінаку наўрад ці кінецца ў вочы з-за свайго сённяшняга даволі непрыкметнага знешняга выгляду. Але адмыслоўцы звярнулі ўвагу, што гэты будынак быў узведзены ў 1930-я гады для гаража Савета народных камісараў, то-бок для аўтапарка тагачаснага ўраду БССР — што ўжо надае яму пэўнае гістарычнае значэнне.

Фактычна, гэта выдатна захаваны ўзор архітэктуры канструктывізму, накшталт размешчанай непадалёк і нядаўна адноўленай фабрыкі-кухні (вуліца Свярдлова, 2) альбо будынка Савета Рэспублікі на рагу вуліц Кірава і Чырвонаармейскай (колішняя Нацыянальная бібліятэка). Але статусу помніка будынак гаражоў СНК не мае — таму і існуе рызыка яго знікнення. Са з’яўленнем такой навіны пачаліся захады, каб паспрабаваць падаць заяўку на наданне будынку статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.

У працэсе збору інфармацыі для заяўкі раптам высветлілася, што пакуль пытанне зруйнавання востра не ўздымаецца, бо нават уласнік будынка зацікаўлены ў яго захаванні і ўсведамляе яго гістарычную важнасць. Такім чынам, трывога аказалася заўчаснай, але і спрычынілася да добрай справы — даўшы штуршок і звярнуўшы ўвагу на адсутнасць ахоўнага статусу ў цікавага і адметнага будынка.

Першы аэравакзал

/i/content/pi/cult/782/16857/5_1.jpgУ больш рызыкоўнай сітуацыі апынуўся іншы незвычайны даваенны будынак — колішні першы мінскі аэравакзал па вуліцы Караткевіча, 9А. Калі ў 2011 годзе шэрагу будынкаў на гэтай вуліцы быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, былому аэравакзалу так не пашанцавала. Рэч у тым, што ў 1990-х падчас рэканструкцыі яго знешні воблік быў значна зменены, і будынак страціў арыгінальную планіроўку ды іншыя рысы, неабходныя для атрымання ахоўнага статусу.

Ветэраны ды неабыякавыя грамадзяне і сёння выступаюць за захаванне гістарычнага будынка, непарыўна звязанага з гісторыяй грамадзянскай авіяцыі горада і ўсёй краіны — але пакуль сітуацыя застаецца без зменаў. Навокал старога аэравакзала актыўна вядзецца будаўніцтва новага жылога раёна, і пагроза зруйнавання выглядае даволі рэальнай — будынак планавалі знішчыць яшчэ ўвосень пазамінулага года.

Тым больш крыўдна гэта назіраць, улічваючы, што Музей грамадзянскай авіяцыі на вуліцы Караткевіча, 12 месціцца ў дужа сціплым памяшканні на першым паверсе жылога дома. А гісторыя старога аэравакзала звязаная ж таксама і з векапомнымі днямі апошняй вайны — менавіта сюды ўпалі першыя нямецкія бомбы ў чэрвені 1941, і сюды ж нацысты нанеслі адзін са сваіх апошніх авіяўдараў у ліпені 1944-га, калі горад ужо быў вызвалены. Няёмка будзе страціць маўклівага сведку тых падзей, калі набліжаецца 75-я гадавіна Перамогі.

Часам усведамленне гістарычнай каштоўнасці таго ці іншага будынка прыходзіць толькі пасля яго знікнення з карты горада. Але ж многае яшчэ магчыма захаваць, калі своечасова звярнуць увагу на невядомыя раней старонкі гарадской гісторыі. Варта больш ашчадна ставіцца да месцаў, якія звязаныя з трагічнымі і гераічнымі старонкамі нашага мінулага.

На фота: будынак колішняга гаража Савета народных камісараў БССР па вуліцы Свярдлова, 23 (здымак часоў нацысцкай акупацыі), першы мінскі аэравакзал на вуліцы Караткевіча, 9А (здымак 1950-х гадоў са збораў Музея грамадзянскай авіяцыі).