Альтэрнатывы “экскаватарнай археалогіі”

№ 4 (1443) 25.01.2020 - 01.02.2020 г

Тэма археалагічнай спадчыны апошнім часам несупынна прыцягвае ўвагу СМІ — ды, на жаль, зусім не з нагоды сенсацыйных адкрыццяў. Інцыдэнт у ваколіцах Гальшанскага замка, дзе “экскаватарным метадам” былі выяўленыя (і пашкоджаныя) старыя пахаванні, літаральна праз пару тыдняў бадай паўтарыўся ў Слуцку — падчас будаўніцтва супермаркета на тэрыторыі Ніжняга замка. У абодвух выпадках умяшальніцтва грамадскасці, а затым і Інстытута гісторыі НАН Беларусі, паўплывала на ход падзей і спыніла працы. Але асадак, так бы мовіць, застаўся. Пра тое, як палепшыць стан рэчаў у галіне, пра ўвагу да якой з боку дзяржавы сведчыць хаця б прыняцце Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у снежні 2015 года адмысловага Указа № 485, мы вырашыліі запытацца ў кампетэнтных экспертаў. Першым з іх запрасілі да гутаркі Ігара ЧАРНЯЎСКАГА. Думаецца, выбар зразумелы: археолаг, які шмат гадоў адпрацаваў начальнікам упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры краіны, ведае гэтую праблематыку з розных бакоў — як юрыдычнага, так і практычнага.

— Канфлікт у Гальшанскім замку падаецца даволі дзіўным. Без сумневу, мясцовыя ўлады, якія з’яўляюцца заказчыкам работ, маюць толькі самыя лепшыя намеры. Як пазбегнуць такіх выпадкаў у далейшым? І як дзейнічаць, калі коўш эскаватара раптам чапляе старыя пахаванні?

— Усё гэта вельмі дакладна прапісана ў Кодэксе аб культуры. Там ёсць нават спецыяльны раздзел, прысвечаны археалагічнай спадчыне. Згодна з артыкулам 130, пры правядзенні земляных і будаўнічых работы (падкрэсліваю: нават калі яны не праходзяць непасрэдна на помніку спадчыны) павінны быць распрацаваны меры па ахове археалагічных аб’ектаў. Яшчэ раз падкрэслю: не толькі помнікаў археалогіі або тых аб’ектаў, якія былі выяўленыя археолагамі, аднак статус гісторыка-культурнай каштоўнасці ім пакуль не нададзены, але і тых аб'ектаў, пра існаванне якіх мы можам нават не ведаць! Ды і да Кодэкса была адпаведная пастанова Савета Міністраў, прынятая яшчэ ў 2002 годзе. Таму казаць, што да гэтай інавацыі “на месцах” не паспелі прызвычаіцца, не выпадае. Адпаведна, яшчэ да пачатку работ трэба запрашаць археолага, чыя задача — правесці папярэдняе вывучэнне тэрыторыі і распрацаваць меры аховы.

— То-бок, нават туды, дзе археалагічныя аб’екты могуць быць хіба гіпатэтычна?

— Яны могуць быць дзе заўгодна! Паўнавартаснага даследавання ўсёй тэрыторыі ў нас — у адрозненне, скажам, ад Польшчы — пакуль не зроблена. Каб пазбегнуць форсмажорных сітуацый, калі археалагічныя артэфакты раптоўна выяўляюць у працэсе вытворчасці работ, будаўнікі, павінны быць папярэджаны адносна абавязку паведамляць пра факт такіх знаходак у мясцовы орган кіравання, а той, у сваю чаргу, павінен запрасіць спецыялістаў навуковай арганізацыі або музея — як і вымагае Кодэкс аб культуры. Зразумела, заказчыку гэта не зусім выгадна, бо павялічвае тэрміны работ — і, магчыма, выдаткі. Трэба ўлічваць і псіхалогію падрадчыка: навошта браць на сваю галаву лішні клопат?

/i/content/pi/cult/782/16856/4_1.jpg

— Сітуацыя, падобная да гальшанскай, пару гадоў таму была і ў ваколіцах Навагрудскага замка, прычым таксама позняй восенню. Даўно задаваўся пытаннем: чаму працы на такіх важных і складаных аб’ектах актывізуюцца менавіта напрыканцы года, калі і зіма блізкая, і выдаткаваныя фінансы як найхутчэй трэба засвоіць?

— Гэта хібы нашага фінансавання: асноўныя сродкі прыходзяць добра калі ў трэцім квартале. А тое і ў чацвёртым. Хаця з наступленнем халадоў работы на аб’ектах спадчыны, улічваючы спецыфіку іх выканання, увогуле нельга рабіць з увагі на прадухіленне пагрозы прычынення ім шкоды. Ды і выдаткі ўзімку істотна вырастаюць. Таму і сапраўды — чаму б не спланаваць такія працы на цёплы перыяд?

Зрэшты, у Гальшанах — усё ж трохі іншы выпадак. Звесткі пра тое, што сярэднявечныя могілкі непадалёк ад замка дзесьці ёсць (хай іх дакладнае месца невядомае), навукоўцы мелі. І такія звесткі павінны былі навесці на думку, што на гэтай тэрыторыі трэба паводзіцца асцярожна. Нагадаю: археалагічныя даследаванні — адзін з відаў навукова-даследчай дзейнасці на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці, якую катэгарычна вымагае заканадаўства перад пачаткам будаўнічых работ. Яшчэ адзін фактар — аўтарскі нагляд архітэктара. Ён павінен перыядычна бываць на аб’екце і абмяркоўваць з прарабам, якім чынам ідуць работы. Ці часта адбывалася гэта ў дадзеным выпадку — таксама пытанне.

У Гальшанах археолаг Яўген Уласавец апынуўся па шчаслівым збегу абставінаў — і дзякуючы гэтаму працы ўрэшце прыпыніліся. У адваротным выпадку, страты былі б куды большымі. Каго вінавіць у гэтым? Рабочых, якія нічога не цямяць у археалогіі ды не мелі адпаведных інструкцый?

— А каго?

— Гутарка, напэўна, і пра ўзровень прафесійнай адказнасці спецыялістаў, якія ў той ці іншай меры павінны ўплываць на сітуацыю. Такія работы заўсёды выконваюцца ў адпаведнасці з рашэннем мясцовага органа кіравання. І вельмі важна, каб падчас яго прыняцця выканкам уключаў туды і пункт, які датычыць пытанняў аховы спадчыны, і канкрэтна археалогіі. Каб падрадчык ад пачатку ўлічваў гэты нюанс. І таму пазіцыя спецыялістаў па ахове спадчыны — і, урэшце, аддзела культуры, якому яны падпарадкоўваюцца — павінна быць больш актыўнай. Ды і намеснік старшыні райвыканкама, у кампетэнцыю якога ўваходзяць і пытанні аховы спадчыны, на такіх пасяджэннях заўсёды прысутнічае.

— А ці здатная супрацьстаяць крохкая дзяўчына, якая адказвае за ахову спадчыны ў тым ці іншым раёне, намерам “сур’ёзных дзядзек”?

— Вось таму сітуацыя паўтараецца раз за разам: мы ізноў наступаем на тыя самыя граблі. І выйсце тут відавочнае: стварэнне Дзяржаўнай інспекцыі па ахове спадчыны, рэгіянальныя падраздзяленні якой падпарадкаваныя рэспубліканскаму органу. Гаворка пра яе ідзе не першае дзесяцігоддзе. Дзесьці ў годзе 2012 такая прапанова Міністэрства культуры нарэшце была прынятая Урадам для перспектыўнай прапрацоўкі. Але, на жаль, так і не ўвасобілася. Хаця вялізных выдаткаў інспекцыя не запатрабавала б: пяць штатных адзінак на вобласць — гэта не самыя вялікія выдаткі. Але тыя людзі мелі б прафесійна выконваць свае службовыя абавязкі кожны дзень, весці маніторынг стана аб’ектаў, працаваць з уласнікамі, што дазволіла б ім атрымаць патрэбную кансультацыю. Такая арганізацыя работы спрыяла б прадухіленню многіх інцыдэнтаў.

— Нядаўна члены Таварыства аховы помнікаў праінспектавалі стан “археалогіі” ў Асіповіцкім раёне. На некаторых з іх выявілі пашкоджанні, а некаторыя і наогул не выявілі... Пра выпадкі, калі такія аб’екты знішчаюцца падчас будаўніцтва кар’ера або яшчэ якой гаспадарчай дзейнасці, даводзілася чуць шмат.

— Паводле заканадаўства, ніводная будаўнічая арганізацыя не будзе, скажам, капаць кар’ер без рашэнння пэўнага органа/i/content/pi/cult/782/16856/4_2.jpgкіравання. У Кодэксе ж усё прапісана! Адпаведна, мы тут бачым элементарнае невыкананне заканадаўства.

— У тым жа Асіповіцкім раёне мяне ўразіў і іншы выпадак: на старадаўнім кургане — купы смецця. Хочацца верыць, людзі, якія яго пакінулі, проста не ведалі, што гэта курган. Памятаю, яшчэ гадоў пятнаццаць таму вы на пасяджэннях калегіі Міністэрства культуры не раз казалі пра інвентарызацыю ўсіх археалагічных помнікаў, іх маркіроўку адпаведнымі шыльдамі...

— Першапачаткова заказчыкам гэтай работы было Міністэрства культуры. У той час складаліся пашпарты з фіксацыяй, выканаўцы інвентарызацыі супрацоўнічалі з геадэзічнымі службамі, аб’екты наносіліся на карты, інфармацыя накіроўвалася для ўключэння ў зямельны кадастр. Але гадоў дзесяць таму было прынятае рашэнне даручыць інвентарызацыю мясцовым органам кіравання. Недзе — скажам, на Гродзеншчыне — да справы паставіліся адказна, і сродкі вылучаліся. А недзе — зусім фармальна. І хаця пра неабходнасць інвентарызацыі помнікаў археалогіі даводзілася неаднаразова напамінаць, але, падобна, работа да канца так і не завершаная.

— Ужо не першы год у грамадстве пільная ўвага да “чорных капальнікаў”. Наколькі паўплываў на сітуацыю скіраваны супраць іх Указ Прэзідэнта, які распрацоўваўся не без вашага ўдзелу?

— Для Беларусі гэта было прарыўное рашэнне. Скажам, да яго ў нас на нацыянальным узроўні не былі зацверджаныя нормы правядзення археалагічных даследванняў. Прапанова тады яшчэ загадчыка кафедры Магілёўскага ўніверсітэта Ігара Марзалюка рэалізавалася ў даручэнне Міністэрству культуры падрыхтаваць гэты нарматыўны прававы акт. Распрацоўваўся ён нялёгка і доўга — амаль два гады. Розныя ведамствы па-свойму бачылі асобныя прынцыповыя пункты. Прыкладам, нам не ўдалося рэалізаваць задуму ўвесці крымінальную адказнасць за прычыненне шкоды археалагічным аб'ектам. Спецыялісты аднаго з ведамстваў мелі катэгарычнае меркаванне, маўляў, не трэба “крыміналізаваць заканадаўства”. Хаця ў Расійскай Федэрацыі такая адказнасць ёсць, а ў нас — няма. Як вы думаеце, куды хлынуць “чорныя капальнікі”?

— Дзіўная атрымліваецца сітуацыя. Калі я зараз забяруся ў чыйсьці лядашчы свіран і скраду там граблі, гэта, хутчэй за ўсё, стане нагодай для ўзбуджэння крымінальнай справы. А калі нехта спляжыць старадаўні курган ды парушыць спакой нашых продкаў — атрымліваецца, што не?

— Так, адказнасць прадугледжаная толькі адміністрацыйная. Права складання пратаколаў нададзена супрацоўнікам органаў унутраных спраў. На спецыялістаў па ахове спадчыны мы яго ўскладаць нават не прапаноўвалі, бо гэтая справа звязаная з пэўнай небяспекай. Але сутыкнуліся з тым, што міліцыянеры “на месцах” не зусім падрыхтаваныя да такой працы. Прынамсі, я ніколі не чуў, каб нехта з “капачоў” панёс хаця б якую адказнасць. А вось тое, што археалагічныя аб’екты імі працягваюць разбурацца, а археалагічныя артэфакты выстаўляюцца на продаж на інтэрнэт-аўкцыёнах — ні для каго ні сакрэт.

Зрэшты, тут ёсць і іншае пытанне: а хто заяўляў пра пашкоджанні? Раз-пораз разгараюцца дыскусіі ў Фэйсбуку, але пра падачу належным чынам аформленых заяў для раследавання фактаў прычынення шкоды археалагічным аб'ектам чуць не даводзілася. Дый як можна ставіць пытанне пра супрацьдзеянне “чорным капальнікам”, калі мы сёння нават не маем пераліку пашкоджаных аб’ектаў! А гэта адна з прычын адсутнасці разумення маштабу праблемы — асабліва людзьмі, якія не маюць прафесійнага досведу ў справе аховы археалагічнай спадчыны.

Я прадчуваю звыклы аргумент калегаў: не хапае рэсурсаў. Так, але калі надаваць гэтай справе хаця б пару-тройку гадзінаў на тыдзень, за прамінулыя гады ўтварыўся б ладны спіс. Таму, на жаль, ёсць тут праблемы і ў прафесійнай супольнасці. Тое самае можна сказаць і пра супольнасць грамадскую, роля якой — падштурхоўваць уладу і супрацоўнічаць з ёю ў вырашэнні канкрэтных пытанняў. Асобныя арганізацыі нешта робяць на тактычным узроўні (кшталту згаданага вамі мерапрыемства Таварыства аховы помнікаў), але казаць адносна стратэгічнага бачання шляхоў вырашэння праблемы даволі складана.

Ну і вынік: археалагічная спадчына выглядае безгаспадарчай — і гэтым карыстаюцца.

— У наш век многія дбаюць пра карысць практычную. А такія “непрыкметныя” помнікі, здаецца, не могуць прынесці яе апрыёры (калі не казаць пра “капачоў”, вядома). Можа, адсюль і брак увагі тых самых мясцовых органаў?

 — Ну чаму не могуць? Калі добраўпарадкаваць гэтыя аб’екты, правесці праз іх турыстычныя маршруты, яны цалкам здатныя прыносіць якую капейчыну — хаця б нават апасродкавана. Але спярша, вядома, трэба хоць трошкі ў іх укласціся. Вось нядаўна з’явілася ідэя адбудаваць у Іказні на Браслаўшчыне ўнікальны замак на выспе. Але ж ёсць і іншыя дзейсныя спосабы ўключэння такіх помнікаў у турыстычны ўжытак. Гэта ўжо пытанне методыкі прац на такога роду аб'ектах і менеджменту.

— І такія спробы спакваля ўжо робяцца — напрыклад, у Радомлі, што ў Чавускім раёне, развіваюць модную сёння эксперыментальную археалогію. Але, думаецца, многія нашы чытачы з ліку работнікаў культуры зараз зададуць пытанне: дзе я магу набыць патрэбныя веды?

— На жаль, адказаць на яго не магу. На сёння ў нас (у адрозненне ад усіх суседзяў) няма ніводнай арганізацыі, якая б рыхтавала метадычныя матэрыялы па гэтай тэме — і вучыла, як, уласна, трэба рабіць. Лічу, такая структура не менш важная за Дзяржінспекцыю.

Фота Антона Астаповіча