Наш хакей як турыстычная прынада

№ 4 (1443) 25.01.2020 - 01.02.2020 г

Пасольства Рэспублікі Беларусь у Іспаніі паведамляе, што ў Мадрыдзе ў юбілейны, саракавы, раз адкрылася міжнародная турыстычная выстава “FITUR”, якая адбываецца ў іспанскай сталіцы з 22 па 26 студзеня. Мерапрыемства адкрывала Каралева Іспаніі Летыцыя.

У рабоце турыстычнага форуму бяруць удзел 918 экспанентаў з 165 дзяржаў свету.

Трэці год запар Нацыянальны стэнд прэзентуе наша краіна. Падзея застаецца вядучай у галіне турызму ў рэгіёне і ў свеце ў цэлым. Беларусь прадстаўлена Нацыянальным агенцтвам па турызме, а таксама шэрагам турыстычных аператараў. На адкрыцці стэнда прысутнічаў Пасол Беларусі ў Іспаніі, Пастаянны прадстаўнік нашай краіны пры Сусветнай турыстычнай арганізацыі Павел Пуставы.

Адным з важных элементаў Нацыянальнага стэнда Беларусі стаў Чэмпіянат свету па хакеі з шайбай, які мусіць адбыцца ў 2021 годзе ў нашай краіне і Латвіі. Актыўна прасоўваецца інфармацыя пра “бязвіз”. Наш стэнд выклікае інтарэс у наведвальнікаў выставы — патэнцыяльных замежных турыстаў.

У рамках “FITUR” будуць ладзіцца тэматычныя канферэнцыі, круглыя сталы, дзелавыя сустрэчы і перамовы.