Вёска Ала — сястра Хатыні

№ 4 (1443) 25.01.2020 - 01.02.2020 г

Гэтай вёскі ўжо няма на карце Светлагорскага раёна. Але памяць пра яе жыве. Да Вялікай Айчыннай вайны было тут 34 хаты, амаль 1700 жыхароў. 14 студзеня 1944 года вёску з яе насельнікамі спалілі фашысты. Загінула і 950 дзяцей. Гэта была адна з жорсткіх карных аперацый. Пасля вайны паселішча так і не адрадзілася. Некалькі гадоў таму на колішняй вясковай плошчы, дзе адбылася трагедыя, усталявалі паклонны крыж і мемарыяльны знак. Пачаўся збор грошай на будаўніцтва мемарыяльнага комплексу. Ідэю падтрымаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь.

Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Дзяніс Язерскі распавёў “К”, што рэалізаваць задуманае мяркуецца да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Зроблены першы крок: праект перададзены на разгляд старшыні аблвыканкама. Сутнасць праекта наступная: дапоўніць брацкае пахаванне мемарыяльнымі элементамі, сімвалічна адрадзіць вясковую вуліцу, што вядзе да паклоннага крыжа. Пасля канчатковага вердыкту мы распавядзем пра канцэпцыю будучага мемарыяльнага комплексу больш падрабязна.

Па словах Дзяніса Язерскага, рэалізацыя праекта будзе весціся за кошт грошай, заробленых падчас суботнікаў (летась пералічана сто тысяч рублёў). На апошняй нарадзе пры губернатары не выключана, што работы будуць весціся метадам маладзёжнай будоўлі. Не абыдзецца, напэўна, і без ахвяраванняў прыватных асоб. Для таго каб гэта адбылося, аблвыканкам распачынае маштабную інфармацыйную кампанію. “Культура” лічыць гонарам падключыцца да яе і абяцае трымаць чытачоў у курсе ўсіх спраў, звязаных з рэалізацыяй праекта ў памяць аб вёсцы Ала.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"