Кантактна-тэатральна

№ 4 (1443) 25.01.2020 - 01.02.2020 г

Большасць спраўляе пачатак новага года 1 студзеня. Наш Вялікі тэатр — 13-га, ладзячы баль. Кітайцы — сёння. Старадаўнія славяне — з надыходам вясны. А Магілёўскі абласны драматычны тэатр — штогод з 21 да 27 сакавіка: менавіта ў гэтыя дні, пачынаючы з 2006-га і незалежна ад надвор’я, тут праходзіць Міжнародны маладзёжны тэатральны форум “М.@rt.кантакт”. Сёлета яму спаўняецца 15 гадоў.

/i/content/pi/cult/782/16851/2_2.jpgАрганізацыя фестывалю адшліфавана за гэты час настолькі, што поўная праграма сёлетняга форуму з апісаннем усіх спектакляў (і, адпаведна, продаж квіткоў на іх) з’явіліся ў першыя дні студзеня. Так што гэтаму форуму, можна лічыць, удалося немагчымае — сумясціць навагоднія святы з вяснова-тэатральнымі. Літаральна за некалькі гадзін пасля старту былі раскуплены больш як тысяча квіткоў. А гэта — паказальнік даверу да тэатральнага форуму, на якім штогод дэманструюцца цікавыя пастаноўкі самых розных жанраў і кірункаў.

Усяго за мінулае 15-годдзе тут пабывалі больш за 50 тысяч гледачоў. Яны паглядзелі 237 спектакляў з больш як 20-ці краін свету — у тым ліку з Арменіі, Аўстрыі, Балгарыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Грузіі, ЗША, Ізраіля, Італіі, Казахстана, Кыргызстана, Латвіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі, Славакіі, Славеніі, Украіны, Эстоніі і інш.

Цяперашні ХІV “М.@rt.кантакт” мае свае асаблівасці. Упершыню на ім будзе прадстаўлена Сербія. Улічваючы пастаянныя аншлагі, больш стане паўтораў: у фестывалі заяўлены 24 спектаклі з 11 краін, а іх паказаў адбудзецца — 31.

Надзвычай багатая праграма стала магчымай яшчэ і дзякуючы больш шчодраму фінансаванню з боку Міністэрства культуры Беларусі, якое з’яўляецца адным з заснавальнікаў гэтага буйнога тэатральнага свята.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"