Кніга, адкрытая ўсім

№ 4 (1443) 25.01.2020 - 01.02.2020 г

З 5 па 9 лютага ў Мінску пройдзе XXVІІ Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш.

/i/content/pi/cult/782/16850/2_1.jpgЯк адзначыў 23 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі, сёлетні слоган прадстаўнічага міжнароднага форуму — “Беларусь — адкрытая кніга”.

— Удзел у выставе возьмуць каля 25 краін блізкага і далёкага замежжа, сярод іх — Германія, Аўстрыя, Азербайджан, Палесціна, Францыя, Турцыя, Узбекістан і іншыя, — сказаў Ігар Бузоўскі. — Ганаровым госцем выступіць Расійская Федэрацыя, цэнтральным экспанентам будзе ЗША.

Акрамя таго, па словах намесніка міністра інфармацыі, работа пляцовак выставы будзе ў асноўным акцэнтаваная на трох тэмах: Года малой радзімы, 75-годдзя Вялікай Перамогі, а таксама 90-гадовага юбілею Уладзіміра Караткевіча.

Натуральна, кожны дзень чакаецца і вялікая колькасць навінак. Галоўная сцэна свята будзе задзейнічана ў адпаведнасці з тэматычнымі днямі: напрыклад, другі — аўтарскі дзень — плануецца арганізаваць з акцэнтам на творчасць новых сучасных пісьменнікаў. А ў рамках беларускага дня мяркуецца прадэманстраваць праекты, прысвечаныя Году малой радзімы. Да слова, адной з навінак гэтага дня стане прэзентацыя кнігі Алены Мікульчык пра глыбінныя традыцыі беларускай нацыянальнай кухні.

Ігар Бузоўскі таксама сказаў пра тое, што ў дзіцячы дзень плануецца вялікая колькасць паказаў кніг для дзяцей і бацькоў. А яшчэ на адной з пляцовак выставачнага цэнтра пройдуць інтэрактыўныя спектаклі.

Цікава, што па праспекце Пераможцаў у кірунку ад Палаца спорту да павільёна БелЭкспа і назад усе пяць выставачных дзён будзе курсіраваць паэтычны аўтобус. У сталічных кінатэатрах адбудзецца паказ фільмаў па творах беларускіх аўтараў, а ў тэатрах — спектаклі адпаведнай тэматыкі.

Свае экспазіцыі на выставе прадэманструюць Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Прэзідэнцкая бібліятэка, Нацыянальная кніжная палата Беларусі. Таксама маштабную пляцоўку для сустрэч з аўтарамі зладзіць Саюз пісьменнікаў Беларусі.

Як мяркуюць арганізатары, XXVІІ Мінскую міжнародную кніжную выставу-кірмаш наведаюць прыкладна 60 тысяч жыхароў і гасцей сталіцы.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"