Ён здабыў тэму

№ 3 (1442) 18.01.2020 - 25.01.2020 г

Да 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Дамарада
20 снежня ў Бабруйскім мастацкім музеі адкрылася выстава-рэтраспекцыя “Уладзімір Дамарад. Да 100-годдзя з дня нараджэння”. Для гасцей урачыстасці супрацоўнікі музея падрыхтавалі відэапрэзентацыю з расповедам пра яго жыццё і мастацтва.

Творчасць Уладзіміра Аляксандравіча Дамарада непарыўна звязана з Бабруйскам. У яго жывапісных творах адлюстраваны многія падзеі, якія адбіліся на абліччы горада, захаваны вобразы гараджан. Стылістычна яго работы прыналежаць да розных плыняў рэалістычнага мастацтва, перш за ўсё — сацрэалізму.

/i/content/pi/cult/781/16847/14_3.jpg

Аўтапартрэт. 1981 год

Як партрэтыст Уладзімір Дамарад працаваў у розных тэхніках: алей, акварэль, пастэль. Яго лінейныя ў сваёй аснове алоўкавыя партрэты перадавікоў калгасаў і вытворчасці рэгулярна друкаваліся ў газетах 1940 — 1950-х гадоў. Яны былі больш якасныя за газетныя фотаздымкі таго часу, лепш даносілі вобраз і нават знешнія рысы. Ён таксама запомніўся як аўтар шматлікіх тэматычных карцін, як правіла, сюжэтна звязаных з мінулай вайной. Такія працы ўдзельнічалі ў многіх выставах, у тым ліку, самага высокага ўзроўню, пра іх пісалі ў газетах, добра адгукаліся мастацкія крытыкі.

Як сведка індустрыяльнага развіцця Бабруйска, Уладзімір Дамарад у сваіх акварэлях паказаў будаўніцтва новых заводаў і фабрык. У адрозненне ад чорна-белых фота тых часоў, яго акварэлі сталі маляўнічым летапісам, жывапісным сведчаннем развіцця нашага горада.

/i/content/pi/cult/781/16847/14_1.jpg

Без назвы

І яшчэ адна, вельмі прывабная, грань творчасці Уладзіміра Дамарада. У шматлікіх акварэльных пейзажах для нас адкрываецца тонкі лірык, які захапляўся прыгажосцю роднай прыроды, яе дзівоснай няспешнасцю, цішынёй і бясконцасцю. Пейзажы Бабруйшчыны — своеасаблівае люстэрка, у якім адбіваецца душа мастака.

Уладзімір Дамарад нарадзіўся ў Бабруйску ў 1919-м, калі горад быў заняты польскімі войскамі. Яго Аlma mater — Віцебскае мастацкае вучылішча. Дамараду пашанцавала вучыцца ў такіх выдатных педагогаў як Леў Лейтман, Фёдар Фогт, Валянцін Дзежыц, якія стаялі ля вытокаў віцебскай акварэльнай школы. Па завяршэнні навучальнага курса атрымаў накіраванне ў Бабруйскі калгасна-саўгасны тэатр, дзе ўдзельнічаў у афармленні шэрагу спектакляў. З 1942 года Уладзімір Дамарад на фронце, на працягу паўгода служыў снайперам на Цэнтральным фронце, затым быў пераведзены на камсамольскую працу: да самага канца вайны быў камсоргам палка. Пасля вяртання дадому зноў працаваў мастаком-пастаноўшчыкам, толькі ўжо ў Рускім тэатры Бабруйскай вобласці. Пачынаючы з 1950 года і на працягу ўсяго жыцця Уладзімір Аляксандравіч займаўся манументальнымі роспісамі, удзельнічаў у стварэнні мазаік у многіх школах Бабруйскага раёна.

/i/content/pi/cult/781/16847/14_5.jpg

“Раніца. Порт”

Мастак — гэта самааданасць, гэта найперш напісаныя і прадстаўленыя ў экспазіцыях карціны. На рэспубліканскай выставе 1953 года значную ўвагу гледачоў і крытыкі прыцягнула да сябе работа Уладзіміра Дамарада “Ускладанне вянкоў” — найбольшы творчы поспех мастака ў пасляваенныя гады. У той перыяд стварэнне вялікіх тэматычных карцін патрыятычнага зместу было агульнай тэндэнцыяй савецкага мастацтва, і Уладзімір Дамарад не заставаўся ў баку ад гэтага працэсу. Прывядзём цытату з артыкула В. Яфрэмава ў абласной газеце “Савецкая Радзіма”: “Сюжэт карціны просты. Знаёмы нам гарадскі сквер. У цені дрэў — помнік воінам, якія загінулі ў баях за вызваленне Бабруйска. Грозны танк як сімвал мужнасці і гераізму, узвышаецца над магільнай плітой генерал-маёра Бахарава. Каля яго група піянераў урачыста ўскладае вянок з жывых кветак. Недалёка ад іх у задуменні стаяць дарослыя. Іх твары суворыя і мужныя, позіркі насцярожаныя”.

Яшчэ дзве яго працы — алоўкавы партрэт свінаркі Кірпічовай і плакат “Больш сакавітых кармоў жывёле” — прайшлі адбор на рэспубліканскай выставе 1955 года і ўдзельнічалі ў экспазіцыі твораў беларускіх мастакоў на Дэкадзе Беларускай культуры і мастацтва ў Маскве. Вытрыманыя ў эстэтыцы сацрэалізму, яны мелі несумненныя мастацкія вартасці і звярталі на сябе ўвагу на выставах, чым і можна растлумачыць рэгулярнае згадванне яго імя ў прэсе. У першыя пятнаццаць пасляваенных гадоў Уладзімір Дамарад працуе ў розных тэхніках, аднак у канцы 1950-х у ягонай творчасці пачынае прыкметна пераважаць акварэль.

/i/content/pi/cult/781/16847/14_2.jpg

Без назвы

1960-я гады ў мастацкім жыцці Бабруйска мы разглядаем як новы самастойны перыяд, які атрымаў сваё “аблічча”, у першую чаргу, за кошт “прытоку” ў горад новых маладых сіл. У 1961 годзе ў Бабруйску з’яўляецца Сямён Абрамаў, у 1963 — Уладзімір Рубцоў, у 1964 — Уладзімір Самачарноў, праз два гады — Юрый Нікіфараў, неўзабаве — Эдуард Белагураў... Новая плеяда мастакоў была актыўная ў творчасці, шмат выстаўлялася і далёка не заўсёды працавала ў рамках сацрэалізму. Іх працы часта падвяргаліся крытыцы, аднак пра іх гаварылі, і прыкметна больш, чым пра мастакоў старэйшага пакалення. Новыя мастакі паступова, крок за крокам, адцяснялі сваіх старэйшых калег.

І толькі працы Уладзіміра Дамарада сістэматычна працягвалі адзначаць на выставах журналісты і мастацкія крытыкі. Неабходна аддаць мастаку належнае. Ён здолеў прачуць “новы час”, адрэагаваць і ўбудавацца ў яго. Уладзімір Дамарад здабыў важны складнік сваёй творчасці, тое, што спрыяе фармаванню індывідуальнасці. Ён здабыў тэму. Менавіта ў 1960-я гады акварэльныя віды Бабруйска, які адбудоўваўся, выкананыя ва ўжо складзенай акварэльнай тэхніцы сталага майстра, становяцца яго асноўнай тэмай на працяглы перыяд. Гэта найбольш вядомая частка творчасці і своеасаблівая візітная картка Уладзіміра Дамарада.

/i/content/pi/cult/781/16847/14_4.jpg

 

 

“Бабруйск пераўвасабляецца”.

У 1969 годзе на персанальнай выставе з нагоды 50-годдзя Уладзімір Дамарад паказаў калегам-мастакам і гледачам сваё “новае” аблічча. Індустрыяльныя пейзажы Бабруйска дамінавалі ў экспазіцыі. Абраная тэма прадставіла аўтара гледачу летапісцам, які адлюстроўваў гістарычны працэс, мастаком з выяўленым лагічным мысленнем. Творы дэманструюць упэўнены прафесіяналізм, следаванне традыцыям віцебскай акварэльнай школы. Наступныя персанальныя выставы пацвердзілі прыхільнасць мастака да абранай тэмы: індустрыяльныя пейзажы працягвалі займаць у экспазіцыі найбольш значнае месца.

У шэрагу твораў Уладзіміра Дамарада адзначаны акварэлі, прысвечаныя будаўніцтву шыннага і фанера-дрэваапрацоўчага камбінатаў, ЦЭЦ-2, Машынабудаўнічага завода імя Леніна, рачной прыстані і сударамонтнага завода. Працы, у якіх адлюстравана Бярэзіна, вылучаюцца не толькі колькасна, але і найбольш прыкметнай прысутнасцю ў іх жывой прыроды. Пра выставу Уладзіміра Дамарада бабруйскі журналіст Я. Гейкер пісаў: “Мастак умее перадаць убачаную гармонію індустрыяльнай прыгажосці і лірычнага рачнога прыволля. Ракой-працаўніцай мы бачым нашу Бярэзіну ў творчасці жывапісца...”

Творчыя перавагі Уладзіміра Дамарада складваліся на працягу доўгага часу. Ад выставы да выставы было заўважна, як фармавалася яго індывідуальнасць, як ён знаходзіў сваю пазнавальную манеру. У тэматычных карцінах, у індустрыяльных пейзажах мы бачым мастака, які працуе ў стылёвых рамках свайго часу. Але даследчыкі творчасці заўсёды імкнуцца знайсці эстэтычную сутнасць мастака, бо ў ёй перш за ўсё і праяўляецца асоба аўтара.

/i/content/pi/cult/781/16847/14_6.jpg

“Бабруйская прыстань”

Мы не сталі выключэннем і нашы пошукі прывялі да лірычных краявідаў, якія ў мностве прадстаўлены ў экспазіцыі нашай выставы-рэтраспекцыі. Іх шмат у розныя гады было створана ў ваколіцах Бабруйска. Пры разглядзе гэтых работ вылучаецца асаблівае кранальнае стаўленне мастака да прастораў роднай Бабруйшчыны. Акварэлі поўняцца захапленнем аўтара гэтымі цудоўнымі мясцінамі. Як рэзюмавала мастацтвазнаўца Таццяна Карчажкіна: “Гэта не аднасеансныя эцюды, а складаныя па кампазіцыі і тэхніцы выканання пейзажы-настроі”. Дадамо да гэтага, што для мастака — гэта Радзіма, дарагія сэрцу мясціны, з якімі звязана ўсё яго жыццё, якія абуджаюць у душы святло і мяккасць, перанесеныя аўтарам у творы. Лірычныя пейзажы Бабруйшчыны, асабліва віды Бярэзіны з яе прасторамі заліўных лугоў, прытокаў, азёр і крыніц кранаюць сваёй прыгажосцю, нікога не пакідаюць абыякавым.

Распавядаючы пра Уладзіміра Дамарада, нельга не сказаць аб яго дзіўнай працаздольнасці. Штодзень, пакуль на гэта былі сілы, мастак прыходзіў у майстэрню і працаваў. А вынікам упартай працы былі рэгулярныя персанальныя выставы, якія адбываліся кожныя пяць гадоў.

У кароткія радкі нельга ўмясціць аповед пра жыццё творчага чалавека. Можна толькі адзначыць нейкія асноўныя вехі доўгага шляху мастака, пройдзеныя разам са сваёй краінай, увабраць яе культуру, традыцыі і ідэалогію. Мастацкая творчасць стала адлюстраваннем гэтага шляху, перадавала жыццё Айчыны, як у трагічныя перыяды, так і ў гады аднаўлення і развіцця эканомікі, зберагала вобразы людзей блізкіх і далёкіх, адкрывала прыгажосць і лірычнасць роднай прыроды. Такім мы ўбачылі бабруйскага мастака Уладзіміра Аляксандравіча Дамарада.

Генадзь БЛАГУЦІН, вучоны сакратар Бабруйскага мастацкага музея

Фота аўтара