Фальклор для дарослых: туга па універсуме

№ 3 (1442) 18.01.2020 - 25.01.2020 г

Гэты фільм інтрыгуе ўжо з самага першага кадра — калі на чорным экране ўсплываюць лічбы “18+”. Здаецца, у выпадку з прадукцыяй Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” такі ўзроставы цэнз выстаўлены ўпершыню. Ды і назва стужкі — “Фальклор і жыццё” — не банальная (як спярша здаецца), а глыбакадумная: яна лішні раз нагадвае, што беззаганна зачатых сярод нас няма. Рэжысёр студыі “Летапіс” Юрый Цімафееў адважыўся даследаваць тыя аспекты народнай культуры, пра якія амаль усе чулі або здагадваліся, але нямногія казалі ўслых. Тэма, пагадзіцеся, слізкая, і раскрыць яе можна па-рознаму. Але вынік стаў для мяне прыемнай неспадзяванкай.

/i/content/pi/cult/781/16844/9_3.jpgЗрэшты, пра даследванне тут можна казаць хіба з доляй умоўнасці. І таму/i/content/pi/cult/781/16844/9_5.jpg этнографаў, схільных да строгага навуковага падыходу, фільм можа расчараваць. Яго тут няма. Аўтар не пазначае цітрам, дзе і калі рабіліся здымкі — што, канешне, немалаважна. Не ўключае тлумачальныя каментарыі спецыялістаў. І не праводзіць дэмаркацыйнай мяжы паміж аўтэнтычным абрадам і рэканструкцыяй або пастаноўкай — у стужцы яны почасту суседнічаюць.

Але, уласна, і задачы ставіліся іншыя. Фільм, без сумневаў, дакументальны (што ў наш век куламесы стыляў здараецца не так і часта), аднак прыналежыць ён менавіта да аўтарскай дакументалістыкі. Гэта найперш паэтычнае выказванне, схільнае не да катэгарызацыі і раскладання па дэфінітыўных палічках, а, наадварот, да інтуітыўнага пошуку цэласнасці, універсуму. Менавіта туга па ім абуджае цягу да традыцыйнай культуры ў спакутаваных праз свае ўнутраныя падзелы жыхароў мегаполісу.

Чаго яшчэ няма ў стужцы, дык гэта вульгарнага смакавання “салёненькіх” тэмаў. Затое ёсць густоўныя візуальныя метафары, якія пераўвасабляюць фізіялагічнае ў метафізічнае. Ёсць добры гумар — зразумела, “ніжэй за пояс”, але не пошлы. Ёсць прыгожыя здымкі — і з неба, і пад вадой, дзе ў нас, як вядома, водзяцца русалкі.

Нягледзячы на эратычную тэматыку, камера ў фільме факусуецца найперш на тварах. Вось рабаціністая вясковая дзяўчынка з/i/content/pi/cult/781/16844/9_1.jpgхітраватым позіркам. Вось маршчыністы сталы мужчына — задуменны і засяроджаны. Вось пасмешлівы патлаты бубнач, які ўдзельнічае ў рэканструкцыі абраду ў музеі народнай архітэктуры і побыту. А праз імгненне — пажылыя кабеты з талентам драматычных актрыс аплакваюць “дзеда” з моркаўкай. І гэты фрывольны абрад з глухой вёскі на Гарадоччыне — ужо не рэканструкцыя. Але неяк арганічна яно ўсё спалучаецца. Ненавязліва сведчачы пра тое, што народная культура яднае самых розных людзей — бо закранае яна вечна актуальныя для кожнага тэмы.

/i/content/pi/cult/781/16844/9_2.jpgТут увогуле — што ні твар, то шэдэўр! За тым, як вяскоўцы перажоўваюць хлеб падчас абраду на Юр’я, здаецца, можна з прыемнасцю назіраць бясконца.

У адвольнай плыні вобразаў людзі адвольна перамяжоўваюцца з прыгожымі сваім някідкім хараством прыроднымі краявідамі. Доўгія медытатыўныя планы, ненавязлівае гукавое суправаджэнне… Прырода — гэта яшчэ адзін складнік таго універсуму, які здолелі захаваць унутры сябе героі фільма.

А вось чаго няма ў стужцы, дык гэта выхаду на праблемы — хаця кожны ведае, што самі праблемы ёсць. Але аўтар не ставіць складаных пытанняў, як захаваць вясковую аўтэнтыку ва ўрбанізаваным свеце. Ён проста выяўляе яе ва ўсёй красе — і дзякуючы гэтаму адразу з’яўляецца стымул захоўваць. Кажучы мовай алегорый, традыцыйная культура ў фільме — гэта не лядашчая бабулька, за якой трэба даглядаць праз абавязак, а прывабная маладзіца, на спатканне з якой ногі цябе самі нясуць.

Фінальная песня фільма — наіўна-патрыятычная, трохі пафасная і яўна не фальклорная — спярша ўспрымаецца не надта дарэчнай. Ды, як падаецца, такі дзіўны выбар таксама адпавядае аўтарскай задуме — паказаць трохі іншую, незаўважную для беглага погляду Беларусь. Без неону і пластыку, еўрарамонту і “аграгламуру”.

І задача выкананая паспяхова. Фільм стварае і сапраўды прывабны (бадай эратычны) вобраз нашага краю. Жывы, не пафасны, не “адфоташоплены” — як на рэкламных плакатах. Таму стужку дакладна можна рэкамендаваць тым замежнікам, якім традыцыйная культура цікавая не толькі на ўзроўні першака і дранікаў.

Фота прадастаўлены Юрыем Цімафеевым