Аляксей Шадзько: “Цяпер я захоплены напісаннем п’ес”

№ 3 (1442) 18.01.2020 - 25.01.2020 г

Імя Аляксея Шадзько добра вядомае і меламанам, і аматарам тэатра. Яшчэ ў 1990-м годзе папулярнымі на савецкіх абшарах былі ягоныя песня і кліп “Прощай, мой мальчик”, а неўзабаве выпускнік Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута стаў акцёрам Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Горкага. І не проста акцёрам, а вядучым і любімым гледачамі, іграў у славутых спектаклях “Амфитрион”, “Христос и Антихрист”, “Раскіданае гняздо”, “Трехгрошовая опера” і так далей. Гэтак жа адзін за адным у яго з’яўляліся музычныя альбомы, добрыя песні, узнагароды і прэміі, і ў нейкі момант Шадзько-музыкант пераўзышоў у вядомасці Шадзько-акцёра. З 2008-га года на мінскія сцэны артыст выходзіў толькі з песнямі, толькі з канцэртамі, а не са спектаклямі, бо пераехаў у Маскву і пачаў працаваць у Маскоўскім мастацкім драматычным тэатры пад кіраўніцтвам Таццяны Даронінай. Але і гэтая гісторыя скончылася, і ўжо два гады як Аляксей жыве ў Лондане. Тым не менш традыцыя адыгрываць на Радзіме штогадовы сольны канцэрт не перапынілася, і на пачатку новага года артыст выступіў у Мінску. Мы ж сёння пагаворым пра яго тэатральны лёс, даведаемся, чаму праз 18 гадоў працы артыст пакінуў мінскі тэатр імя Горкага, што ён іграў у Маскве, чым займаецца ў Лондане, і чым яшчэ будзе здзіўляць сваіх прыхільнікаў, якіх у Беларусі засталося вельмі многа.

/i/content/pi/cult/781/16841/7_4.jpeg— Адзінаццаць гадоў як вы не ў Мінску. Што тады здарылася, чаму вы пакінулі тэатр?

— Мэты пакідаць тэатр у мяне не было. Проста адбыўся шэраг падзей, які і прывёў у выніку да ад’езду. Мы рыхтавалі спектакль “Женитьба”, дзе ў мяне была роля Падкалёсіна, якую я вельмі хацеў сыграць. І на рэпетыцыі падчас сцэны з танцамі вакол торта я парваў ахілесава сухажылле. Калі мне ў 6-й клініцы рабіў аперацыю вельмі добры хірург Цароў, я яшчэ казаў дактарам: “Давайце, лячыце мяне хуценька, мне ж прэм’еру іграць”. А яны: “Забудзься і пра прэм’еры, і пра спектаклі, і пра ўсё на свеце”. Я ў гіпсе быў ледзь не год.

І вось пасля бальніцы я застаўся ў самоце ў нашай мінскай кватэры — з моцным болем і на кастылях. Жонка на той час ужо працавала ў Маскве і прыязджала на выхадныя. А мой родны тэатр не цікавіла, што са мной. Хоць я і адпрацаваў на гэтай сцэне 18 гадоў, іграў там палову рэпертуару і на мяне хадзіла публіка, але на маё існаванне забыліся.

— Разумею, крыўдна.

— Не тое што крыўдна — паперажываў, канешне. Мне не было страшна, бо я ведаў, што буду ў парадку. А потым падумаў, што ўсё да лепшага — не сядзець жа да канца жыцця ў адным тэатры. Ну, быў бы я цяпер, можа, заслужаным артыстам... А так вось захварэў чалавек — і яго ціхенька спісалі і забыліся як зваць.

— І вас запрасілі ў маскоўскі тэатр?

— Не, ніхто не запрашаў. Проста я пераехаў да сям’і ў Маскву, і як толькі пачаў патроху хадзіць, падумаў, што трэба ж знайсці працу. Шчыра кажучы, я і не разлічваў, што мяне возьмуць у нейкі тэатр — на той момант мне было 47 гадоў, і сувязяў практычна ніякіх — але ажно тры тэатры мне прапанавалі працу.

— А як без сувязяў, толькі прыехаўшы ў Маскву, такога дасягнуць?

— Я проста хадзіў па тэатрах, са службовага ўвахода расшукваў загадчыка трупы. Магу расказаць нямала цікавых гісторый — як я і далей за вахцёра часам не мог прайсці, як хадзіў у МХТ імя Чэхава, якім кіраваў Алег Табакоў — а там, маўляў, “каб Табакоў вас паглядзеў, трэба рэкамендацыя нейкага ўплывовага чалавека”, як ў тэатры “Современник” мной на нейкае імгненне зацікавіліся, калі я па тэлефоне сказаў пра свае 47 гадоў — а ім тады тэрмінова трэба было замяніць Ігара Квашу ў “Трех сестрах”. Але потым загадчыца трупы мяне пабачыла і сказала, што нейкі я занадта малады.

— Іх можна зразумець — калі б усе акцёры пачалі так проста прыходзіць…

— У Англіі акцёры так і прыходзяць, і тэлефануюць — нічога страшнага. І ў нашым Рускім тэатры, калі галоўным быў Барыс Луцэнка, так прыходзілі — усіх выслухоўвалі, усім давалі шанс. І гэта нармальна. Тое, пра што я расказваю, гэта чыста маскоўская, як мне падаецца, фанабэрыстасць.

У рэшце рэшт праз майго знаёмага акцёра Юрыя Болахава я трапіў на праслухоўванне ў МХАТ імя Горкага, і са мной яго праходзіла каля 70 чалавек. Узялі толькі некалькіх. Я прачытаў маналог з п’есы Эрдмана “Самоубийца”, і Таццяна Дароніна — не звяртаючы ўвагі на мастацкі савет — сказала: “Я думаю, дзвюх думак тут быць не можа. Віншую вас, Аляксей Адольфавіч, вы — акцёр нашага тэатра”. Я выйшаў абсалютна шчаслівы — працую у МХАТе! Хаця насамрэч я люблю невялічкія, нават маленькія тэатры, бо там больш свабоды, а ў вялікіх тэатрах заўсёды інтрыгі. Так потым і аказалася, але ж я не шкадую пра свой выбар.

— Ці шчасліва склаўся лёс у гэтым славутым калісьці месцы? Калі верыць расійскім крытыкам, тэатр не самы модны ў Маскве.

— Я скажу так: канешне, ён акадэмічны, а значыць і дастаткова архаічны. І інтрыг хапала, і Таццяна Дароніна нярэдка “самадурствавала”, былі і фаварыты, і ад таленавітых акцёраў пазбаўляліся. Але ў гледачоў тэатр каціраваўся, і былі вельмі добрыя спектаклі. У МХАТе ж зала на паўтары тысячы месцаў, і калі прыходзіла 500 гледачоў, казалі, што зала напаўпустая. У той час як для большасці тэатраў 500 прададзеных білетаў — недасяжная мара. У мяне было 17 спектакляў і шэсць галоўных роляў. Самая любімая і важная — роля Ахава ў “Не все коту масленица”. Я іграў у “Женитьбе Белугина” бацьку Бялугіна, іграў Ігнатава ў арбузаўскай “Тане”, Рэпнікава ў вампілаўскай “Прощание в июне”, Корзуба ў “Контрольном выстреле” Гаварухіна і гэтак далей./i/content/pi/cult/781/16841/7_5.jpeg

— Публіка хадзіла на вас спецыяльна?

— Думаю, можна сказаць, што сярод гледачоў я быў чалавекам папулярным. Сапраўдны паказчык, калі пасля спектакля цябе абдымае расчуленая білецёрша ці гардэробшчыца, — а ў мяне такое было. Як калісьці ў маім родным тэатры, родным мінскім тэатры — успамінаю, ажно слёзы наварочваюцца — я здаў паліто ў гардэроб, а вешалка адарвалася. Пакуль ішоў спектакль, гардэробшчыца мне прышыла яе. Вось такія моманты для мяне вельмі значныя, вельмі каштоўныя.

— Ці не хацелася паіграць у больш актуальных пастаноўках, у больш медыйных, так бы мовіць, маскоўскіх тэатрах — пра якія часта піша прэса?

— Пра ўсё гэтае моднае і медыйнае я вам скажу так — за амаль дзесяць гадоў у Маскве я пабачыў усяго некалькі больш-менш прыстойных спектакляў. А “хвалёныя навамодныя”, на мой погляд, у асноўным займаюцца проста “развадзілавам”. Я глядзеў неаднойчы — і мне хацелася плявацца. Рэжысёры і крытыкі ў Расіі вельмі любяць расказваць пра новыя павевы драматургіі і рэжысуры, а мне хацелася ўзяць іх усіх ды перанесці на лонданскія сцэны, дзе б ім адразу сабралі грошы на білеты дадому. У Англіі тэатральны ўзровень проста недасяжны, бо ўсё лепшае, што ёсць у свеце, абавязкова паказваецца ў Лондане. Увогуле, у адной толькі брытанскай сталіцы працуе больш за 300 тэатраў, і ў кожным гарадскім раёне ёсць свой тэатр, які субсідзіруецца мясцовымі ўладамі, — тое самае, як у Ждановічах, напрыклад, быў бы мясцовы тэатр! Я кожны тыдзень гляджу новыя пастаноўкі. Канешне, трапляюцца і дзіўныя, эксперыментальныя рэчы, але многа проста цудоўных, ашаламляльных і неверагодных. На некаторыя спектаклі я потым і сям’ю ваджу, і малодшую дачку Марыну, калі прыязджае з Масквы — яна вучыцца ў МГУ. А старэйшая дачка Каця працуе ў Санкт-Пецярбургу ў трупе Тэадора Курэнтзіса, і мы ёй вельмі ганарымся. Канешне, і ў Расіі ёсць выдатныя тэатры, выдатныя спектаклі. Вось ізноў жа ў Лондане паглядзеў дзве бліскучыя пастаноўкі Льва Додзіна з яго Малым драматычным тэатрам — “Дядя Ваня” і “Три сестры”.

 

Але раздражняе, калі ствараецца “мода” на пустым месцы, калі падманваюць міфічнымі поспехамі, дасягнутымі на лонданскай сцэне, нейкімі “сусветнымі тэатральнымі прэміямі”, пра якія ніхто ў свеце і не чуў, — гэта я ўжо кажу пра адну тэатральную трупу беларускага паходжання. А я ж жыву ў Лондане, і выдатна бачу, які гэта блеф, проста на месцы магу ўсё спраўдзіць. А то ўбачу навіну, як “беларускія драматургі скараюць Захад”, — маўляў, у Лондане ў тэатры Royal court адбылася чытка п’есы нейкага аўтара. Справа ў тым, што няма такога тэатра, ёсць памяшканне Royal court з дзвюма сцэнамі, якое ты можаш зняць хоць на банкет, хоць на спектакль, хоць на дзіцячае свята. Бо ў Англіі тэатр — гэта не памяшканне, не будынак — гэта трупа. Ну, такіх гісторый у мяне многа…

— Як вы апынуліся ў Лондане, чым займаецеся?

— Мэты туды з’ехаць не было, так склаўся лёс, і я лічу — шчаслівы лёс. Супрацоўнічаю з тэатрам “Хамелеон”, у рускамоўным культурным асяроддзі я таксама добра вядомы, бо мяне час ад часу запрашаюць на розныя мерапрыемствы — спяваю, чытаю паэзію. Як музыкант выступаю ў клубах і даволі часта. Працую са студэнтамі — раблю з імі тэатральныя эцюды.

— Мабыць, гэта не тое, пра што вы марылі, будучы такім папулярным артыстам у Беларусі, ды й у Маскве. Як жа амбіцыі?

— А я і не чакаў ад Лондана адразу чагосьці большага, я не ехаў туды за кар’ерай, і добра разумеў, што ў маім узросце стаць на англійскай сцэне прызнаным артыстам практычна немагчыма. Хаця агенцтва перыядычна дасылае розныя прапановы, але я пакуль адмаўляюся, бо хачу дачакацца менавіта цікавай працы. Ужо з Лондана я, дарэчы, прыязджаў і іграў спектаклі ў МХАТе, нішто не перашкаджае мне і ў Мінску што-небудзь сыграць. Але цяпер я захоплены напісаннем п’ес — у мяне іх ужо тры. Адна — “Запах жареной рыбы” — спадзяюся, будзе пастаўлена ў Амерыцы. Не хачу хваліцца, не хачу сурочыць, але адзін чалавек з Чыкага, які прадзюсіруе тэатральныя пастаноўкі, проста закахаўся ў п’есу і сказаў, што зробіць усё магчымае, каб яна была на Брадвеі! Можа, пажартаваў. Ды я згодны і не на Брадвей. У Мінску я некаторым паказаў свае творы, і быў бы рады, каб хто зацікавіўся. Але мне кажуць — а як мы будзем рэпетаваць, на гэта ж трэба грошы! А я кажу — давайце пачнём, і грошы з’явяцца, яны звычайна аднекуль з’яўляюцца, у мяне заўсёды так.

Я лічу, што ў маім жыцці ўсё адбываецца правільна. Што казаць — я жыву ў Лондане, і гэта як ажыццяўленне мары, бо мне вельмі падабаецца Англія. А ўвогуле — мне хутка споўніцца 58 гадоў, і з 1983 года да 2017-га я безупынна працаваў у нейкіх арганізацыях. Цяпер жа атрымліваю асалоду ад свабоды, ад магчымасці нікому не падпарадкоўвацца і ні пад каго не падладжвацца. І музыкай, і тэатрам займаюся ў сваё задавальненне. Магчыма, гэта ў мяне такі творчы перапынак і праз год-два будзе нешта іншае, не выключана, што я вярнуся з Лондана, і ў Расіі ці Беларусі будуць новыя праекты, магчыма, напісаныя мной п’есы займеюць сваё жыццё. Ды й свет зараз такі, што межы дастаткова ўмоўныя. І традыцыйны раз на год канцэрт у Мінску я зараз адыграў, як і на працягу апошніх дзесяці гадоў, што не жыву тут. Канешне, амбіцыі ў мяне ёсць, проста цяпер яны ў нечым іншым.