Вінсэнт Ван-Гог палічыў бы за гонар...

№ 37 (855) 13.09.2008 - 19.09.2008 г

Нікога не здзіўлю тым, што слоўнікавы запас народаў грунтуецца, перш-наперш, на тых прадметах і з’явах рэчаіснасці, якія характарызуюць сукупнасць людзей як нацыі. Так, у арабскіх народаў ёсць некалькі соцень слоў для абазначэння вярблюда, ісландцы маюць дзесяткі тэрмінаў, звязаных з вятрамі. Для сучасных беларусаў такім неад’емным атрыбутам нацыянальнасці адназначна з’яўляецца бульба. Гэты прадукт нам звычна бачыцца вачыма і вытворцаў, і спажыўцоў, пакупнікоў і прадаўцоў.

 /i/content/pi/cult/174/1684/Bulba1.jpg
С.Шыла. “Крыніца энергіі”.

5 верасня мінчане і госці сталіцы атрымалі магчымасць убачыць бульбу так, як убачылі яе 55 мастакоў — жывапісцаў, графікаў, скульптараў, фатографаў, арт-дызайнераў, што падтрымалі сумесны праект прадстаўніцтва ААН у Беларусі і мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” пад назвай “Арт-бульба”.
Не выпадкова, што першы фестываль такой тэматыкі ў нашай краіне праводзіцца ў 2008 годзе: Генеральная Асамблея ААН абвясціла яго Годам бульбы.
Як казаў пад час урачыстага адкрыцця экспазіцыі афіцыйны прадстаўнік ААН у Беларусі Антоніяс Брук, неабходна прыцягваць увагу грамадскасці да бульбы як да важнага прадукту, які адыгрывае значную ролю ў забеспячэнні харчовай бяспекі насельніцтва свету. Але сталічныя мастакі сваімі работамі засведчылі, што бульба для беларуса — гэта не проста харч, а нешта значна большае.
Так, на выстаўцы прадстаўлены 80 твораў. І калі некаторыя падаюцца даволі спрошчанымі, то іншыя адразу ўражваюць неардынарнасцю задумы і высокім узроўнем майстэрства выканання. Не знікаў натоўп гледачоў ля арт-аб’ектаў Сяргея Шылы. Мастак цікава інтэрпрэтаваў некаторыя знаёмыя нам паняцці, правёўшы асацыятыўную паралель з бульбай. Арт-аб’ект “Крыніца энергіі” ўяўляе сабой бульбіну, да якой падключана зараднае ўстройства для мабільнага тэлефона, у “Вестцы з палёў” на яго месцы — тэлефонная трубка. Пад бульбінай, з якой напалову зрэзана лупіна, надпіс: “Ню”. А на вялікіх шалях, што знаходзяцца ў поўнай раўнавазе, з аднаго боку мастак размясціў пшанічнае зерне, а з другога — бульбу. Так званая “гульня ў асацыяцыі” прысутнічала і ў іншых аўтараў.
“Залаты запас Беларусі”, па меркаванні мастака Андрэя Хацяноўскага,— прадукт “вышэйшай пробы”, залатая бульбіна з адмецінай “585” (дарэчы, выкананая аўтарам з бронзы). Фантазія некаторых мастакоў адарвала іх ад самой бульбіны, і аб’ектам адлюстравання станавіліся бульбяныя лупіны, парасткі, бацвінне і нават каларадскія жукі.
Цікавымі былі творы фотамайстроў і мастакоў плакатнай графікі.
Антоніяс Брук пад час выступлення выказаў цікавую думку. “Калі б мой суайчыннік Вінсэнт Ван-Гог быў зараз жывы, упэўнены, ён палічыў бы за гонар выставіць сваю работу “Едакі бульбы” ў межах гэтага фестывалю”.
Застаецца спадзявацца, што выстаўка прыцягне ўвагу не толькі мастакоў, але і простых спажыўцоў нацыянальнага беларускага прадукту і атрымае шырокі грамадскі рэзананс.
Загадчык галерэі Дзяніс Барсукоў ужо сёння думае пра арганізацыю Другога бульбянога фэсту праз год.

Дар’я ДАНІЛЕВІЧ