Інклюзіўны спектакль на сцэне Купалаўскага

№ 3 (1442) 18.01.2020 - 25.01.2020 г

“Дапамажы дзецям з аўтызмам выступіць на галоўнай тэатральнай сцэне краіны!” — заклік да новай добрай справы, на якую распачаты збор сродкаў на адной з краўдфандынгавых платформ.

Галоўная сцэна — гэта сцэна тэатра імя Я. Купалы, на якой упершыню ў гісторыі плануецца паказаць інклюзіўны спектакль з удзелам дзяцей, хворых на аўтызм. 29 лютага сямейны інклюзіў-тэатр “І” пад кіраўніцтвам Ірыны Пушкаровай прадставіць 3D-пастаноўку “Аднойчы ў вялікім горадзе” паводле апавядання Фёдара Дастаеўскага “Мальчик у Христа на ёлке” пра хлопчыка, які страціў сям’ю і застаўся адзін у вялікім горадзе. Але потым цудам трапіў на чароўную анёльскую ёлку, і атрымаў надзею на лепшую будучыню. Пераклад на беларускую мову ажыццявіла Вера Жыбуль. У пастаноўцы будзе задзейнічана каля 100 дзяцей, у тым ліку і хор дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 10 імя Я. Глебава.

/i/content/pi/cult/781/16838/12_7.jpg

Падчас прэс-канферэнцыі ў тэатры імя Янкі Купалы: Леанід Дзінэрштэйн, Ірына Пушкарова, Вольга Кулікоўская

Сямейны інклюзіў-тэатр “І” працуе з 2016 года, ажыццявіў ужо некалькі пастановак. Ён дапамагае дзецям з аўтызмам сацыялізавацца і развівацца праз творчасць.

— На самай справе першыя тры гады мы, мабыць, яшчэ вучыліся, — кажа прадзюсар тэатра “І” Леанід Дзінэрштэйн. — А калі прыйшоў час спектакля “Аднойчы ў вялікім горадзе”, ужо многае ўмелі і нашы дзеці, і дарослыя, што з імі працуюць. Першыя паказы прайшлі з вялікім поспехам. І мы ўпэўніліся, што спектакль цікавы самаму шырокаму колу гледачоў — прычым людзям розных узростаў.

Сямейны інклюзіў-тэатр “І” не мае ўласнай пляцоўкі для рэпетыцый і выступленняў. Каб ажыццявіць пастаноўку на купалаўскай сцэне, патрабуюцца сродкі, і менавіта для гэтага створаны краўдфандынгавы праект, да якога падключыўся шэраг знаных асоб. Прапануецца мноства цікавых лотаў. Можна не проста ахвяраваць сродкі на добрую справу, але і, напрыклад, атрымаць індывідуальную трэніроўку па муай-тай ад шматразовага чэмпіёна свету Віталя Гуркова. Хтосьці зможа трапіць і на вялікі сольны канцэрт групы Nizkiz, а нехта будзе шчаслівы мець абанемент на ўсе прэм’еры Купалаўскага тэатра.

— Наш тэатр адчувае, што ёсць вялікая запатрабаванасць у праектах, звязаных з творчым развіццём дзяцей і падлеткаў, — расказвае кіраўнік аддзела развіцця тэатра імя Я. Купалы Вольга Кулікоўская. — Так, у межах праекта “Купалаўскі адкрывае сэрцы” мы дапамагаем дзецям, якім па розных прычынах складана трапіць у тэатр. Вельмі чакаем адкрыцця Малой сцэны, на якой будуць ставіцца менавіта дзіцячыя спектаклі. Яшчэ мы рыхтуем адукацыйны праект для старшых класаў — улетку правядзём два курсы па тэатральным мастацтве, зладзім конкурс рэцэнзій і гэтак далей. І мы з вялікай радасцю даем магчымасць выступіць на нашай сцэне інклюзійнаму тэатру “І”.

 

Фота Паўла МАРЦІНЧЫКА