На варце гістарычнага некропаля

№ 3 (1442) 18.01.2020 - 25.01.2020 г

У беларусаў калядныя святы заўжды былі звязаныя з памінаннем продкаў. Нездарма вечар перад Калядамі называюць Куццёй — а з гэтай стравы традыцыйна пачыналіся і вячэра на Дзяды, і памінкі па нябожчыку. Не забываюць у гэтыя дні аб шанаванні продкаў ды месцаў іх спачыну і энтузіясты аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

Напрыканцы снежня ў Мінску адбыўся чарговы круглы стол на тэму “Што каштоўнага ў беларускіх некропалях”, прысвечаны пытанням аховы гістарычных могілак Беларусі, які быў арганізаваны Беларускім камітэтам ICOMOS сумесна з Беларускім добраахвотным таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры, ініцыятывай “Добры горад” і альманахам “Гарадскія тактыкі”. Мерапрыемства сабрала спецыялістаў у галіне аховы спадчыны, археолагаў і некрапалістаў.

Як і на папярэднім круглым стале “Закон і могілкі”, што адбыўся ў кастрычніку (аб ім “Культура” пісала ў нумары ад 26 кастрычніка мінулага года), асаблівая ўвага была звернута на ролю і магчымасці ўдзелу грамадства ў заканатворчай дзейнасці па рэгуляванні аховы, інвентарызацыі і даследаванні гістарычных могілак. Калі мінулым разам актывісты вызначалі, як грамадская супольнасць можа дапамагчы дзяржаўным органам у паляпшэнні заканадаўчай базы па ахове могілак, то пасля новага пасяджэння намеціліся канкрэтныя крокі да вырашэння гэтага пытання.

Што маем — і чаго не стае

Круглы стол распачаўся выступам старшыні Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антона Астаповіча. Ён прадставіў увазе прысутных агляд і аналіз нарматыўна-прававых дакументаў, якія рэгулююць пахавальную справу і догляд за могілкамі ў Беларусі. Перадусім, вядома, гэта Закон аб пахаванні і пахавальнай справе, які, між іншага, змяшчае вызначэнні старых і выяўленых раней невядомых магіл. Закон прадугледжвае, што ўзвядзенне будынкаў, акрамя культавых і мемарыяльных, на месцы выяўлення старых магіл забараняецца, такія ўчасткі мусяць выкарыстоўвацца пад зялёныя насаджэнні.

/i/content/pi/cult/781/16835/4_1.jpg

Надмагілле на старых Залатагорскіх могілках у Мінску, зруйнаваных у 1960-х. Фота be.wikipedia.org

Таксама рэгулюе працу з гістарычнымі могілкамі і Палажэнне аб парадку і ўмовах надання статусу гісторыка-мемарыяльнага месца пахавання, зацверджанае пастановай Савета Міністраў ад 18 жніўня 2015 года. Між іншага, яно змяшчае крытэрыі, якія маюць значэнне для атрымання такога статусу: наяўнасць на тэрыторыі пахавання аб’ектаў, унесеных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, унікальных аб’ектаў культавага прызначэння альбо матэрыяльных аб’ектаў, якія валодаюць адметнымі духоўнымі, мастацкімі або дакументальнымі ўласцівасцямі. Таксама гэта могуць быць месцы пахавання знакамітых асоб і заслужаных дзеячаў, як і масавыя пахаванні, звязаныя з найважнейшымі падзеямі нацыянальнай гісторыі. Шэраг актаў рэгулююць пытанні аховы воінскіх пахаванняў, а таксама могілак, якія маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Але што тычыцца шэрагу нарматыўна-тэхнічных дакументаў, адзін з іх недахопаў палягае ў тым, што яны не прадугледжваюць нюансаў працы з гістарычнымі пахаваннямі. Адсутнічае не толькі юрыдычнае, але і метадычнае вызначэнне гістарычных могілак. Таму ўдзельнікі круглага стала выступаюць з прапановай увядзення тэрміна “гістарычны некрапалістычны аб’ект” — па аналогіі з “археалагічным аб’ектам”, вызначэнне якога змяшчае Кодэкс аб культуры. Важна вырашыць таксама пытанне размежавання гэтых паняццяў. Яшчэ адна з праблем захавання некрапалістычнай спадчыны заключаецца ў магчымасці ўзнікнення канфлікту між заканадаўствам аб ахове гістарычных пахаванняў і правамі ўласнасці, а таксама заканадаўствам у галіне пахавальнай справы — бо некаторыя гістарычныя пахаванні даглядаюць сваякі памерлых, захоўваючы іх у прыстойным стане і добраўпарадкоўваючы. Гэтыя супярэчнасці яшчэ патрабуюць вырашэння. Вядома, што для поспеху справы мусяць аб’яднаць свае намаганні як грамадскія арганізацыі, так і органы дзяржаўнага кіравання.

На думку Антона Астаповіча і ўдзельнікаў круглага стала, значна палепшыць сітуацыю з аховай гістарычных пахаванняў магло б унясенне змен і дапаўненняў у Кодэкс аб культуры, якія дазволілі б праводзіць пашпартызацыю гісторыка-культурных каштоўнасцяў не толькі навуковымі арганізацыямі, музеямі і праектнымі арганізацыямі, але надалі б такое права таксама грамадскім аб’яднанням, фізічным асобам і прадпрымальнікам. Такім чынам, можна было б эфектыўней уключаць у навуковыя пашпарты надмагіллі, вартыя захавання, на тэрыторыі могілак, унесеных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Што менавіта трэба захаваць?

Выступ прадстаўніка Беларускага камітэта ICOMOS Цімафея Акудовіча быў прысвечаны магчымасці з’яўлення ў Беларусі некрапалістычнай хартыі — своеасаблівай дэкларацыі намераў, якая вызначала б для спецыялістаў, што менавіта з’яўляецца каштоўным і патрабуе захавання на могілках Беларусі. Дакладчык адзначыў, што ў плане аховы пахаванняў сітуацыя ў Беларусі і на постсавецкай прасторы наогул істотна адрозніваецца ад стану рэчаў у Заходняй Еўропе. Хаця ў свеце і існуе мноства хартый, якія тычацца аховы спадчыны, ніводная з іх не прысвечаная тэме гістарычных могілак, як мяркуецца зрабіць на нашай Бацькаўшчыне.

Безумоўна, грамадская мараль і заканадаўства перадусім ахоўваюць недатыкальнасць пахаваных парэшткаў. Але якія яшчэ элементы вартыя аховы на могілках, што будуць аднесеныя менавіта да гістарычных? Перадусім, для вызначэння каштоўных аб’ектаў варта стварыць базу ўліку гістарычных могілак з поўнай і дакладнай інфармацыяй аб пахаваннях. На якія ж элементы пахаванняў варта звярнуць увагу? Перадусім — гэта інскрыпцыі, то-бок надпісы, сімвалы і выявы на надмагіллях, якія з’яўляюцца важнымі крыніцамі гістарычнай, этналагічнай і лінгвістычнай інфармацыі і патрабуюць максімальна дакладнай інвентарызацыі.

/i/content/pi/cult/781/16835/4_2.jpg

Старыя надмагіллі на каталіцкіх могілках у вёсцы Лучай Пастаўскага раёна. Фота Цімафея АКУДОВІЧА 

Што тычыцца самога надмагілля як фізічнага аб’екта, адпаведна прапановам выступоўцы, любыя аб’екты, старэйшыя за сто гадоў, маюць быць прызнаныя гістарычнай каштоўнасцю з увагі на свой узрост, і не могуць разбурацца, змяняцца ці пераносіцца без рашэння спецыяльных дзяржаўных органаў. Надмагіллі і іншыя элементы пазнейшых перыядаў, калі яны маюць мастацкую ці гістарычную вартасць, таксама могуць з’яўляцца каштоўнымі, і іх змяненне падлягае кантраляванню. У выпадку сутыкнення маёмасных правоў з заканадаўствам аб пахаваннях і па ахове спадчыны, калі, напрыклад, сваякі пахаванага пажадаюць замяніць надмагілле, варта, прынамсі, дакладна захаваць інфармацыю, якая была пазначаная на старым надгробку.

А як у гарадской прасторы?

Аб спецыфіцы існавання і праблемах захавання могілак у горадзе распавёў некрапаліст Сяргей Грунтоў. На ягоны погляд, існуюць тры негатыўныя тэндэнцыі, якія вызначаюць сітуацыю з могілкамі ў гарадской прасторы. Першая з іх — выцясненне: гістарычна склалася так, што з канца XVIII стагоддзя могілкі былі, збольшага, вынесеныя за межы населеных пунктаў. З ростам гарадоў, аднак, гэтыя некропалі апынуліся ў межах жылых масіваў. Але да могілак у грамадстве склалася стаўленне як да месцаў, якія перадусім асацыююцца са смерцю, а таму іх імкнуцца ўсяляк адмежаваць, прынамсі, ад жылой забудовы. Гэтым жа выкліканае імкненне да дэвізуалізацыі могілак, выдалення характэрных элементаў іх выгляду — масіўных надмагілляў, крыжоў, агароджаў.

Другая праблема — адчужэнне. Могілкі перастаюць успрымацца грамадствам як “свае”. Нават у традыцыйнай культуры памяць пра продкаў не сягала далей за тры — чатыры пакаленні, сёння ж яна робіцца яшчэ карацейшай. Гэта звязана і з павышэннем мабільнасці — людзі часта пераязджаюць у месцы, аддаленыя ад могілак, дзе пахаваныя іх сваякі. Урэшце, гістарычныя могілкі ў наш час перастаюць успрымацца “сваімі” ў сувязі са знікненнем цэлых сацыяльных груп: шляхты, карэнных гараджан, нацыянальных і рэлігійных супольнасцяў. Тым не менш, у грамадстве з гістарычнай свядомасцю варта выхоўваць пачуццё суаднясення сябе з людзьмі, якія жылі на нашых землях і тут пахаваныя.

Трэцяй праблемай, якая вынікае з дзвюх папярэдніх, з’яўляецца, на жаль, маргіналізацыя могілак. Яны ўспрымаюцца асацыяльнымі элементамі як месца са слабым кантролем з боку адказных асоб і грамадства, а таму ім у значнай ступені пагражае разбурэнне. Знайсці вырашэнне ўсіх згаданых праблем — задача няпростая. Як адзначылі ўдзельнікі круглага стала, у выпадку з гістарычнымі могілкамі ў гарадской прасторы, іх вяртанню ў грамадскую свядомасць можа спрыяць уключэнне некропаляў у турыстычны патэнцыял такіх мясцін, трактоўка іх як музейнага аб’екта з адпаведным стаўленнем.

Перспектывы супольнага абмеркавання

Для вырашэння пытанняў аховы гістарычных пахаванняў грамадскія арганізацыі, якія ўдзельнічалі ў круглым стале, звярнуліся з лістом да старшыні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па навуцы, культуры і адукацыі Ігара Марзалюка. Ён падтрымаў ідэю правядзення круглага стала па азначанай тэматыцы, у якім прынялі б удзел прадстаўнікі зацікаўленых ведамстваў. Застаецца спадзявацца, што падобнае мерапрыемства дазволіла б вырашыць усе спрэчныя моманты і ўрэгуляваць праблемы захавання некрапалістычнай спадчыны.

Начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Хвір, каментуючы вестку аб меркаваным правядзенні мерапрыемства, адзначыла: паколькі ў дадзены момант ідзе праца па ўнясенні зменаў і дапаўненняў у Кодэкс аб культуры, Міністэрства культуры заўжды гатовае да абмеркавання прапаноў, якія паступаюць ад грамадскіх аб’яднанняў у сферы аховы спадчыны.