Дзень “Маладняка”

№ 3 (1442) 18.01.2020 - 25.01.2020 г

16 студзеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыліся мерапрыемствы, прысвечаныя лёсам і творчасці ўдзельнікаў літаратурнага аб’яднання “Маладняк”, якое дзейнічала ў 1923 — 1928 гадах.

“Маладняк” адыграў значную ролю ў развіцці беларускай літаратуры міжваенных гадоў, зрабіўшыся першым прафесійным аб’яднаннем айчынных пісьменнікаў. Да 100-годдзя згуртавання, якое будзе адзначацца ў 2023 годзе, прымеркаваны доўгатэрміновы рэспубліканскі праект “На хвалі часу, у плыні жыцця”, які рэалізуецца з 2019 года. Яго ініцыятарамі выступілі Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва і Выдавецкі дом “Звязда” (часопіс “Маладосць”). Праект раскрывае гісторыю стварэння і дзейнасці “Маладняка”, прадстаўляючы ў электронным выглядзе кнігі, часопісы і альманахі, якія выдаваліся літаб’яднаннем, фотаздымкі ўдзельнікаў, распавядаючы аб іх жыцці і творчасці. Азнаёміцца з праектам можна на сайце Нацыянальнай бібліятэкі.

/i/content/pi/cult/781/16834/3_4.jpg

На архіўным здымку — сябры літаб’яднання “Маладняк”

У рамках Дня літаб’яднання “Маладняк” 16 студзеня адбыўся круглы стол “Маладнякоўскімі крокамі”, прысвечаны ролі гэтага літаб’яднання ў развіцці беларускай літаратуры. Таксама былі прадстаўленыя вынікі першага года рэалізацыі праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” і яго далейшыя перспектывы. Даклады выступоўцаў былі прысвечаныя дзейнасці пісьменніцкага згуртавання і спадчыне “маладнякоўцаў” — Адама Бабарэкі, Уладзіміра Дубоўкі, Зінаіды Бандарынай, Уладзіміра Хадыкі і іншых.

Увечары адбылася літаратурна-музычная імпрэза, на якой прайшла прэзентацыя віртуальнага праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” і яго новых раздзелаў. Адна з найноўшых старонак праекта прысвечаная 115-годдзю з дня нараджэння паэта і перакладчыка Уладзіміра Хадыкі (1905 — 1940).

Падчас вечарыны адбыўся выступ праекта Naka Piano (Анастасія Шпакоўская і Ірына Кліменка), у выкананні якога прагучала, між іншага, песня на словы ўдзельніка “Маладняка” Валерыя Маракова “Адышоўшым”. Музычныя і літаратурныя нумары прадставіў таксама народны літаратурны тэатр “Жывое слова”.

Завяршылася вечарына адкрыццём у музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі выставы, прысвечанай аб’яднанню “Маладняк” і яго ўдзельнікам — Валерыю Маракову, Паўлюку Трусу, Міколу Хведаровічу, Адаму Бабарэку і іншым, чые юбілеі з дня нараджэння прыпалі на 2019 і 2020 гады. Экспазіцыю выставы склалі кнігі і дакументы з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а таксама фотаматэрыялы і рэчы маладнякоўцаў, прадстаўленыя Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры і Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва. Выстава працягнецца да 16 сакавіка.