Кніга мае асаблівую структуру і пабудавана праз наступныя лініі напружання — інфраструктурныя персанажы, падзеі, уключэнне выключаных, супольнасці і аб’яднанні, аналіз фатаграфіі. “Для нас было важна глядзець на гісторыю як на жывы працэс, не ствараць адзінае маналітнае апавяданне, — каментуюць свой падыход да матэрыялу Ганна Самарская і Антаніна Сцебур. — Мы хацелі даць чытачу ключы для ўваходу і крэатыўнай працы з гістарычным матэрыялам”.
Кніга адметная тым, што паказвае, як можна прэпарыраваць гісторыю, якім чынам падыходіць да візуальнага аналізу фатаграфій, адначасова як да твораў мастацтва і гістарычнага дакумента, падкрэсліваюць стваральнікі.
У працэсе працы над выданнем “былі ўзятыя дзесяткі інтэрв’ю ў відавочцаў і ўдзельнікаў падзей, прагледжаны сотні дакументаў, прааналізаваны тысячы фатаграфій”. Важна, што злучаныя пад адной вокладкай аўтарскія тэксты (кніга мае асноўнай беларускую мову) перакладзены на англійскую.
Пазнаёміцца з этапамі стварэння аналітычнай фотаэнцыклапедыі (выданне можна апісаць і так), знойдзенымі дакументамі і выявамі, каманда праекта прапануе таксама на адмыcловай выставе “Гісторыя беларускай фатаграфіі. Backstage”, прымеркаваннай да прэзентацыі кнігі.
У рамках мерапрыемства запланавана і правядзенне міні-канферэнцыі “Гісторыя vs гісторыі. Як вывучаць беларускую фатаграфію”, праграма якой уключае выступленні экспертаў, круглыя сталы і абмеркаванні.
Нагадаем, што падзея ладзіцца пад эгідай Месяца фатаграфіі ў Мінску.