“Жоўтыя зоркі” музычнай прасторы

№ 3 (1442) 18.01.2020 - 25.01.2020 г

26 студзеня ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбудзецца канцэрт “Жоўтыя зоркі”. Ён у чарговы раз адкрые слухачам жудасную касмічную прастору памяці ахвяраў Халакосту.

Гэта тэма застаецца жывой, трапяткой, надзвычай актуальнай для кожнага. Бо згадванне тых падзей заклікае зрабіць усё, каб яны больш ніколі не паўтарыліся.

Упершыню праект з такой назвай здзейсніўся ў сталічнай філармоніі два гады таму. У фае адкрылася незвычайная выстаўка: мы бачылі фотапартрэты тых, хто ацалеў у гады жудаснай навалы, і быццам чулі іх галасы, бо побач з кожным здымкам паўставалі запісаныя ад іх успаміны. А на сцэне гучалі музычныя творы, прысвечаныя тым падзеям.

Традыцыі будуць захаваны і сёлета. Сярод іх — складанне да гэтага выступлення асобнага аркестра, гэткай “музычнай зборнай”, арганізаванай з інструменталістаў розных калектываў. Да аркестра далучыцца Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Рыгора Шырмы пад кіраўніцтвам Вольгі Янум. У праграме — класічныя творы кампазітараў яўрэйскага паходжання з розных краін. Сярод іх — знакаміты беларускі кампазітар-класік Генрых Вагнер. Выратоўваючыся ад фашысцкай навалы, ён патрапіў да нас, і распаўсюджаная фраза пра тое, што Беларусь стала для яго другой радзімай — зусім не трывіяльныя словы. Ён так і не пазбавіўся польскага акцэнту ў размовах, а творы пісаў — беларускія па сваім духу і ў лепшым сэнсе слова еўрапейскія па тых часах складаных музычна-выразных сродках, якія таксама былі яго мастацкай “мовай”.

Месца за дырыжорскім пультам зойме Бомсак Йі з Аўстрыі, запрошаны правесці гэтую незвычайную вечарыну. А ў фае, акрамя працягу згаданага фотапраекта “Лица общины” Дзмітрыя Шамяткова і фотавыставы “Промні святла. Лёс жанчыны ў Гады Халакосту”, унікальную інсталяцыю Валерыі Гайшун, якая вырабляе адметных лялек “з характарамі” і стварае з іх цікавыя кампазіцыі з яўрэйскага побыту.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"