З вяртаннем, Лялечны!

№ 37 (855) 13.09.2008 - 19.09.2008 г

На пачатку кастрычніка адбудзецца доўгачаканая беларускімі тэатраламі падзея: праз амаль дзевяць гадоў адрадзіўся Беларускі міжнародны фестываль тэатраў лялек. Заснавальнікамі форуму выступілі Мінскі гарвыканкам, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Беларускі дзяржаўны тэатр лялек. Канцэптуальнай адметнасцю V фэсту лялечнікаў стане тое, што ў Мінск сёлета запрошаны прызнаныя ў свеце спектаклі, якія складаюць залаты фонд сусветнага тэатра лялек.

 /i/content/pi/cult/174/1683/Lyalechny.jpg

Сцэна са спектакля “Чорная курыца, ці Падземныя жыхары” Беларускага тэатра “Лялька”.

— Мы рады, што ўсё ж дабіліся
ўзнаўлення фестывалю, — паведаміў дырэктар Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Яўген Клімакоў. — На ім аматары лялечнага мастацтва ды і, чаго ўтойваць, многія прафесіяналы пабачаць тое, на што, верагодна, ніколі б не патрапілі, бо, пагадзіцеся, наша тэатральная геаграфія і ўзровень фестывальнай афішы ўражваюць.
Галоўны рэжысёр Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Аляксей Ляляўскі падзяляе ўсе фестывалі на дзве плыні: на адны просяць прыехаць кожнага хоць з чым-небудзь, а на другія арганізатары запрашаюць прызнаныя калектывы з абранымі пастаноўкамі.
— Мінскі фестываль адносіцца да другой катэгорыі, — запэўніў Аляксей Анатольевіч. — На працягу года тэатр вёў перамовы з лепшымі на сённяшні дзень лялечнымі трупамі свету. Дарэчы, тыя, хто не змог сёлета знайсці час у шчыльным гастрольным графіку, ужо далі згоду на наступны форум.
Мінскія лялечнікі спецыяльна да гэтага свята падрыхтавалі прэм’еру: 3-га кастрычніка міжнародны тэатральны форум адчыніцца “Баладай аб белай вішні” Святланы Клімковіч. Зазначым, што сталічная публіка ў 80-х гадах мінулага стагоддзя ўжо бачыла гэтую п’есу ў пастаноўцы Анатоля Ляляўскага. Сын вядомага беларускага лялечніка Аляксей Анатольевіч выканаў старую гісторыю ў новай сцэнічнай стылістыцы, зрабіўшы акцэнт на відовішчнасць і яркую візуалізацыю.
На фестываль прыедуць амаль усе дзяржаўныя тэатры лялек Беларусі. У Мінск Беларускі тэатр “Лялька” прывязе спектакль “Чорная курыца, ці Падземныя жыхары”, Гомельскі дзяржаўны тэатр лялек прадставіць колішнюю прэм’еру “Памінальная малітва”, з Маладзечна прыедзе Мінскі абласны тэатр лялек “Батлейка” з пастаноўкай “Голы кароль”, Брэсцкі абласны тэатр лялек пакажа “Паляванне на зубра”, а Гродзенскі абласны тэатр лялек заявіў “Паэму без слоў”.
На працягу шасці дзён на сцэне Мінскага тэатра лялек гледачы таксама пабачаць “Пер Гюнта” Кемераўскага тэатра лялек імя А.Гайдара (Расія), “Асляня з Назарэта” Міні-тэатра з Любляны (Славенія), “Эгле — каралева вужоў” вільнюскага тэатра “Лэле” (Літва) і знакаміты эпас “Рамаяна” ў пастаноўцы трупы “Індыйскія лялечнікі” з індыйскага Ад’яра.Усе лялечнікі не змаглі змясціцца на адной пляцоўцы. Трупа Ірыс Мейнхарт (Штутгарт, Германія) пакажа “Патаемнае” ў Нацыянальным тэатры імя М.Горкага. На Малую сцэну Рэспубліканскага тэатра юнага гледача выйдзе Тэатральная акадэмія (Клайпеда, Літва) са спектаклем “Мора”. Дзве пастаноўкі тут сыграюць акцёры Тэатра Крэпска з Прагі (Чэхія): “Самая маленькая жанчына на зямлі” і “Крохкі”.
Шмат фестывальных спектакляў пройдзе ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. На гэтай сцэне выступяць Рускі інжынерны тэатр “Ахэ” (Санкт-Пецярбург, Расія) з “Фаустам у кубе”, тэатр “Агора” (Сен-Віт, Бельгія) з “Крыжаносцамі”, тэатр Ротта (Хастынгс, Велікабрытанія) з “Мадэллю”, тэатр “Гулівер” (Варшава, Польшча) з “Веліканам”, Дзяржаўны тэатр лялек з Беластока (Польшча) з “Кароткім курсам дзіцячай паэзіі”.Пастаноўкі будуць ісці без перакладу. Па словах Аляксея Ляляўскага, кароткага зместу, які будзе агучвацца на пачатку кожнага спектакля, дастаткова: усе яны відовішчныя, таму гледачы ўсё зразумеюць. А вось майстар-класаў, аб якіх шмат запытвалі журналісты, не прадугледжваецца. Аляксей Ляляўскі ўпэўнены, што няма лепшай школы для моладзі, чым асабістая гутарка са знанымі мастакамі і рэжысёрамі. Для такіх сустрэч у Мінску створаны ўсе умовы: лялечнікаў запрасілі прысутнічаць на фестывалі на працягу тыдня, а не толькі ў дзень выступлення, як гэта склалася на некаторых аналагічных форумах.
У мінскім тэатры лялек спадзяюцца, што з гэтага часу Беларускі міжнародны фестываль тэатраў лялек будзе праходзіць стала раз на два гады і вернецца на майскія тыдні. Сёлета ж тэатр адзначае 70-годдзе: 9 кастрычніка, на наступны дзень пасля закрыцця форуму, у тэатры адбудзецца юбілейны вечар.

Настасся ПАНКРАТАВА