Фестываль у Заслаўі

№ 3 (1442) 18.01.2020 - 25.01.2020 г

17 студзеня ў дваццаты раз Заслаўе прымала традыцыйны музычны фестываль. Як заўсёды, свята музыкі абяцала быць насычаным.

Першая частка фестывалю адбылася ў Заслаўскай дзіцячай школе мастацтваў. Традыцыйна фестываль пачаўся з конкурсу юных выканаўцаў. У гэтым годзе сцэна для творчага паядынку была прадастаўлена піяністам — навучэнцам дзіцячых школ мастацтваў Мінскай вобласці.

Далей адбыўся своеасаблівы майстар-клас, які прадставіў адзін з творчых калектываў Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэата прэміі Саюзнай дзяржавы, ганаровага грамадзяніна Мінскай вобласці, прафесара Міхаіла Фінберга. Салісты: на фартэпіяна — Ганна Брылёва, на кларнеце — Мікалай Мішчанка.

У рамках фестывалю прайшла прэс-канферэнцыя прафесара Фінберга з удзелам рэспубліканскіх і мясцовых СМІ. Таксама адбылося адкрыццё мастацкай выставы “Казачны свет Ганны Сілівончык”.

Адным з самых ёмістых блокаў фестывальнага дня быў канцэрт творчых калектываў Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі. Сярод выканаўцаў — струнны аркестр, ансамблі флейтыстаў, трубачоў, дуэт фартэпіяна і кларнета. Завершыў праграму фестывалю канцэрт у Заслаўскім гарадскім Доме культуры “Світанак” — “20 гадоў разам: музычны падарунак”.