Рывок з нізкага старту

№ 2 (1441) 11.01.2020 - 18.01.2020 г

Для новай кінастудыі выдзелілі вялікую тэрыторыю паміж паркам Чалюскінцаў і абсерваторыяй. Закладваюцца падмуркі пад будынкі адміністрацыйнага корпуса, пад склады касцюмаў, рэквізіту, мэблі, зброі, пад цэхі асвятляльнай апаратуры і апрацоўкі стужкі, пад гаражы спецтранспарту і майстэрні. І галоўнае — пад тры здымачныя павільёны рознай плошчы. Аднак улазіны будуць яшчэ няхутка: толькі ў 1960-м. А пакуль ідзе будаўніцтва, студыя па-ранейшаму месціцца ў ЧК — Чырвоным касцёле. Там у адзіным павільёне ставяць невялікія дэкарацыі. Але колькасць карцін расце, і гэтых плошчаў катастрафічна не стае.

Працягваем публікацыю цыкла матэрыялаў кінарэжысёра Уладзіміра Арлова, прысвечаную 95-гадовай гісторыі беларускага кіно. Дата адзначалася шырокай грамадскасцю праз увесь 2019-ы.

(Працяг Пачатак у №№ 43 — 51. 2019-га.)

Гадзіннік помсты

/i/content/pi/cult/779/16827/15_4.jpgТаму пакоі жыхароў камуналкі для “Нашых суседзяў” будавалі ў спарткомплексе за Домам афіцэраў і ў 100-метровай студыі “А”/i/content/pi/cult/779/16827/15_2.jpgтэлебачання на Камуністычнай. Мне, памочніку рэжыссёра, даводзілася лётаць па ўсім горадзе, збіраючы і суправаджаючы іншагародніх акцёраў.

А павільёны карціны “Гадзіннік спыніўся апоўначы” і наогул даводзілася будаваць на Адэскай кінастудыі.

Гэты фільм — пра няўхільную кару, якая спасцігла ката беларускага народа Кубэ на нашай зямлі. Сцэнарый і пастаноўка Мікалая Фігуроўскага — дэбют у такім падвойным стане маладога кінематаграфіста.

У галоўнай ролі — выдатны акцёр Дзмітрый Арлоў, жонкай гаўляйтэра стала Зінаіда Браварская, падпольшчыцай, якая падклала міну, — Рыта Гладунко, кухаркай Варварай — Лідзія Ржэцкая, эсэсаўцам Рыдэлем — Яўген Карнавухаў. Што цікава, гэтым разам масквічам (Козырава, Багалюбаў, Адоскін) адведзеныя ўжо другія ролі — хаця, па шчырасці, можна было б наогул без іх абысціся.

На Другім Усесаюзным кінафестывалі фільм атрымаў дыплом і прэмію. У дадатак першая прэмія дасталася і маладой Рыце Гладунко.

Дзясяткі два гадоў таму нашы дакументалісты адшукалі ў Германіі ўдаву забітага ў Мінску Кубэ. Вельмі старая жанчына ўзгадала балесныя для яе падзеі 1943 года і толькі папракнула нашых кіношнікаў: “Я вас даўно чакала. Што ж вы так доўга збіраліся?”

Да тэмы помсты захопнікам кінематограф вернецца праз шмат гадоў, калі будзе зняты гістарычны серыял “Паляванне на гаўляйтэра”.

Палітычны вестэрн

/i/content/pi/cult/779/16827/15_5.jpgЗ-за недахопу павільённай плошчы карціна “Чырвонае лісце” амаль цалкам здымалася ў Вільні і Ленінградзе.

Па традыцыі, якая склалася неяк выпадкова, у Корш-Сабліна пасля няўдалай стужкі “Пасеялі дзяўчаты лён” гэтым разам павінна было атрымацца. Так і здарылася. Слынны рэжысёр урэшце звярнуўся да беларускіх пісьменнікаў — Аркадзя Куляшова і Айзека Кучара — і атрымаў ад іх свой лепшы ў жыцці сцэнарый. Як вынік — лепшы ў ягонай творчасці фільм.

Сюжэт грунтаваўся на гістарычным матэрыяле: падпольная барацьба ў панскай Польшчы за аб’яднанне Заходняй Беларусі з Усходняй. У аснове — рэальныя падзеі (жыццё — найлепшы драматург!). Правобраз Андрэя Мяцельскага — падпольшчык, будучы дзяржаўны дзеяч БССР Сяргей Прытыцкі. Правакатар ад яго імя дае паказанні на адкрытым судовым працэсе, а герой, пераапрануўшыся ў вайскоўца, трапляе ў залу суда і страляе ў правакатара.

Стужцы “Чырвонае лісце” было наканавана стаць заснавальніцай новага цікавага жанра ў савецкім кіно, які я б назваў “палітычны вестэрн”.

Працаваць на гэтым фільме я пачаў раней за ўсіх — яшчэ нават да падрыхтоўчага перыяду. Дапамагаючы рэжысёру Сплашнову на “Нашых суседзях”, паралельна ўжо выконваў і заданні Корша. А адлічаць мяне са здымачнай групы апошнім — разам з дырэктарам Сямёнам Тульманам. Таму ўвесь працэс добра адбіўся ў маёй памяці і ў паўсотні фотаздымкаў, зробленых апаратам “Зенит”, які я набыў з першага ж заробку на “Лісці”.

Памятаю, усенароднага ўлюбёнца Міхаіла Жарава зацвердзілі на ролю адстаўнога кавалерыста пана Шыпшынскага нават без пробаў!

Свецкую “красуню кабарэ” Ядзвігу рэжысёр падчас проб убачыў у Клары Лучко. Але была і немалая праблема: яна казачка, што/i/content/pi/cult/779/16827/15_3.jpgспявае грудным “народным” голасам. А па ролі — рэстаранная “дзіва”. Рашэнне гэтай галаваломкі адклалі “на потым”.

Ужо дабудоўвалася на “Ленфильме” вялікая дэкарацыя, блізілася здымка аб’екта “Кабарэ “Жорж” — а ў нас ні песні, ні яе выкаўцы! Нехта з піцерскіх калег падказаў, што на леташнім Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў у Маскве бліснула маладая вакалістка Ленінградскага студэнцкага гурта “Дружба”. Прозвішча: Пеха… ці то П’юха… П’еха… Адшукалі.

І вось яна — яшчэ студэнтка ЛДУ, яшчэ са зрозшыміся бровамі, яшчэ нейкая няўклюдная і паўнаватая, бо яшчэ не набыла сваёй заўсёднай элегантнасці, — у тонатэлье “Ленфильма”. За раялем — ураджэнец Варшавы, колішні музычны кіраўнік легендарнага Дзяржаўнага джаз-аркестра БССР пад кіраўніцтвам Эдзі Рознэра маэстра Ежы Бяльзацкі!

Яны ўдвох хвілін мо сорак узгадвалі толькі ім, пэўна, вядомыя даваенныя польскія “пёсэнкі”. Здаецца, Бяльзацкі тут жа найграў мелодыю, якую П’еха неўзабаве напела і запісала. Гэта яе голас гучыць у фільме: “Белая, несмелая ромашка полевая…”.

Шмат папулярных тады акцёраў спрабаваліся на галоўную ролю — у тым ліку і “навабранец” нашага Рускага тэатра Расціслаў Янкоўскі, які толькі-толькі перабраўся ў Мінск з далёкага Ленінабаду. Але ў фільме яму дасталася адно другасная роля. І ўсё ж гэта — дэбют у кіно, першае “уваходжанне на экран” будучага народнага артыста СССР.

/i/content/pi/cult/779/16827/15_1.jpgІ яшчэ. Лічыцца, што ленінградку Ніну Ургант адкрыў для беларускага кіно Віктар Тураў. Дык не! У якасці доказаў змяшчаю яе фота на пробе з Янкоўскім.

Прэтэндэнтаў на ролю Мяцельскага ўсё перабіралі і перабіралі. Сцэнарыст Аркадзь Куляшоў настойліва прапаноўваў запрасіць артыста з латышскай карціны “Сын рыбака”. Урэшце, да яго прыслухаліся. Эдуард Павулс прыехаў, выдатна сыграў, усіх закахаў у сябе — і яго зацвердзілі.

Школа кавалерыста

Натурныя здымкі пад Вільняй. Конныя паліцыянты рыхтуюцца выправіцца ў пагоню за галоўным героем. Выстаўленая камера, асляпляюць пражэктары…

Корш недзе ўдалечыні: захраснуў ля коней. Я некалькі разоў падбягаў, запрашаў да камеры: маўляў, усе гатовыя, пражэктары пераграюцца.

А ён, аказваецца, уступіў у прафесійную гутарку з вершнікамі. Яны потым у мяне пыталіся: “Скуль ён так дасканала ведае сістэму сядлання, схему вупражы?” Давялося патлумачыць, што беларускі рэжыссёр у мінулым быў кавалерыстам 1-й Коннай Арміі Будзёнага! Магчыма, у “трывожнай маладосці” Корш, махаючы шабляй, ганяў тых, каго гэтыя коннікі цяпер у нашым фільме ігралі.

Пачалі здымаць натуру ў Вільні ў канцы жніўня, калі лісце яшчэ было зялёным. Тады фарбапультам перафарбоўвалі яго ў чырвоны — усё ж назва фільма абавязвае! Урэшце, надышла восень, і лісце займела натуральны чырвоны колер. Але затым і ўвогуле апала! Тады ўся здымачная група — у тым ліку і абодва памочнікі рэжысёра: мы з Валерам Рубінчыкам — прывязвалі на аголеныя галіны пластыкавыя лісткі. Балазе, прадбачлівыя рэквізітары вырабілі іх яшчэ ў Мінску. Тады да мяне і дайшла простая мараль: у кіно безвыходных сітуацый не бывае!

Яшчэ адна павучальная гісторыя здарылася ў апошні здымачны дзень на натуры: восень, трапяткое пластыкавае “чырвонае лісце” на галінах, назаўтра пойдзе полем масавая дэманстрацыя… Ды раптам незадача: уначы выпаў першы снег! Думаеце, здымкі сарваліся?

Пярэдні план пад кулямётчыкамі прысыпалі пяском, камеру крыху прыўзнялі, каб не трапляла ў кадр заснежаная зямля…

“Матор! Пайшлі дэманстранты!” — крычыць Корш. І неўзабаве выдых: усё, знялі! Корш пасміхаўся: у кіно не можа быць безвыходных сітуацый. Гэта — яго школа.

Ён, між іншым, павучаў: “Кінакамеру трэба адчуваць і халоднай, і цёплай!” Значыць, да здымак і пасля — на працягу ўсяго працэсу.

Цераспалосіца Корша

Ужо па вяртанні ў Мінск прыйшла першая, так званая кантрольная копія фільма.

І неяк — чамусьці ў нядзелю, калі ЧК быў пусты — Корш загадаў мне сустрэць некалькі чалавек па маім пропуску. Сустрэў невысокага сіваватага мужчыну з некалькімі спадарожнікамі. Правёў іх у кіназалу. Корш прыкметна хваляваўся, сам сеў за мікшарны пульт. Згасла святло. Пайшоў фільм. Я прытуліўся на прыступцы каля дзвярэй.

Дзіўна бачыць на экране тое, у арганізацыі чаго прымаў удзел…

Згас кінапрамень, запалілася ў зальцы святло.

У сіваватага чалавека — слёзы. Ён усхвалявана дзякаваў Коршу.

І тады я ўрэшце дапяў: дык гэта ж сам Сяргей Прытыцкі! Прататып галоўнага героя, які першым убачыў фільм разам са сваімі сваякамі!

Гэтым разам прэса не шкадавала дыфірамбаў:

“Ул. Корш-Саблін, паставіўшы фільм у рамантычна-прыгодніцкім жанры, падкрэсліў сваёй удалай і таленавітай працай, што справа не ў жанры, а ў змесце і яго мастацкім выражэнні кінематаграфічнымі сродкамі”.

“Хвалюючая жыццёвая праўда, нацыянальны каларыт, які выгодна адрознівае фільм ад аднадзёнак”.

А вось меркаванні пісьменнікаў Алеся Звонака і Міколы Хведаровіча:

“Возникает поэтический образ осени, символом которой и являются красные листья”.

“Воссоздана романтическая атмосфера революционного подвига и создан образ подлинного народного героя”.

Некаторыя рэцэнзіі наўпрост падказвалі рэжысёру, на чым трэба мацаваць поспех:

“Крепкий, почти детективный сюжет, положенный в основу серьёзной человеческой драмы, увеличивает интерес и волнение, с которым зритель следит за всеми перипетиями”.

Чаму б яму не ўзяць за аснову тыя “перипетии” пры выбары наступнага сцэнарыя? Але не! Спрацавала асаблівасць яго творчасці — цераспалосіца “удача — няўдача”.

Удача толькі што была…

Фота з архіва аўтара і з Сеціва

Працяг — у наступных нумарах "К".

Аўтар: Уладзімір АРЛОЎ
кінарэжысёр