Антоній Тызенгаўз вяртаецца ў Паставы

№ 2 (1441) 11.01.2020 - 18.01.2020 г

27 снежня ў Паставах Віцебскай вобласці адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка Антонію Тызенгаўзу, прымеркаванае да 610-годдзя першай згадкі горада.

/i/content/pi/cult/779/16824/14_1.jpgГісторыя Паставаў непасрэдна звязаная з родам Тызенгаўзаў. Яшчэ ў 2006 годзе тут быў усталяваны помнік Канстанціну Тызенгаўзу — унучатаму пляменніку Антонія, славутаму арнітолагу. Цяпер сваёй чаргі дачакаўся і славуты дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага Антоні Тызенгаўз, які валодаў Паставамі ў другой палове XVIII стагоддзя. Пры ім гэтае мястэчка дасягнула найбольшага росквіту — у цэнтры Паставаў з’явіўся архітэктурны ансамбль у стылі барока, тут пачалі дзейнічаць тэатр, балетная і музычная школы, народнае вучылішча і бібліятэка.

Конкурс эскізных праектаў помніка быў абвешчаны Пастаўскім раённым выканаўчым камітэтам у кастрычніку 2018 года, у ім удзельнічалі восем эскізаў розных аўтараў, а пераможцам быў вызначаны праект скульптара Аляксандра Фінскага, які вядомы, між іншага, такімі работамі, як мінскія мемарыял “Яма”, “Нулявы кіламетр” і іншыя. Архітэктарам і аўтарам праекта добраўпарадкавання прылеглай тэрыторыі выступіў Армэн Сардараў. Вартасць праекта склала 91,7 тысяч рублёў, з якіх 30,7 тысяч склалі бюджэтныя сродкі, а рэшта была атрыманая ў выніку суботнікаў.

Асноўная частка мерапрыемстваў, прысвечаных 610-годдзю Паставаў, адбылася ўлетку, між іншага, падчас 30-га Міжнароднага фестывалю народнай музыкі і песні “Звіняць цымбалы і гармонік”, а ўрачыстае адкрыццё помніка Антонію Тызенгаўзу зрабілася выдатным фінальным акордам напрыканцы года.

На цырымоніі ўрачыстага адкрыцця, распачатай літаратурна-тэатралізаваным прадстаўленнем, выступілі з вітальнымі словамі аўтары помніка і прадстаўнікі мясцовай улады, а таксама адбылося ўзнагароджанне заслужаных працаўнікоў памятнымі знакамі за значны асабісты ўнёсак у развіццё культуры Пастаўшчыны. У пастаўскім краязнаўчым музеі тым часам адбываецца выстава “Спадчына роду Тызенгаўзаў-Пшаздзецкіх”, якая была прапанаваная ўвазе ўдзельнікам цырымоніі.

Фота Ганны АНІШКЕВІЧ