“З цябе атрымаецца майстар!”

№ 2 (1441) 11.01.2020 - 18.01.2020 г

Вельмі важна, каб за вашым прафесійным сталеннем сачыў неабыякавы чалавек. Мне, да прыкладу, вельмі пашанцавала. Чытаць нагбом мяне прывучыла маці, а журналістам зрабіў бацька: параіў пайсці працаваць карэспандэнтам, і я пагадзіўся. У пэўных сённяшніх лістах гучыць тэма прафесійнай прадвызначанасці і ролі старэйшых таварышаў у вашым выбары справы на ўсё жыццё. У тым, што гэты выбар шчаслівы, сумнявацца не даводзіцца. Прынамсі, вашы лісты — яскравы таму доказ.

Наш сталы і неабыякавы аўтар Андрэй Струнчанка піша гэтым разам пра рамесніцу Ганну Перліну. А нагода для размовы такая: у сельскай бібліятэцы аграгарадка Мазалава (Віцебская вобласць) працуе персанальная выстава майстра, якая даўно займаецца выцінанкай. “Папяровыя ажуры” сталі пэўным падсумаваннем творчага шляху Ганны Вадзімаўны. Нарадзілася яна на Мёршчыне, скончыла аддзяленне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхала Клеафаса Агінскага, дзе вучылася ў знакамітых выцінаншчыц Лізаветы і Наталлі Чарвонцавых. Вышэйшую адукацыю набыла ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. Працавала метадыстам-майстрам у Дзісненскім доме рамёстваў, вядучым метадыстам у Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці, дзе сёння займае пасаду галоўнага мастака. А пачалося ўсё са слоў бабулі: “З цябе атрымаецца добры майстар!” “Гэтыя словы, — распавядае аўтар допісу, — і па сёння з’яўляюцца для Ганны Перлінай стымулам і арыенцірам, якія дапамагаюць ёй якасна рабіць сваю справу. Самую станоўчую ацэнку атрымала творчасць рамесніцы ў Літве, Германіі, Расіі. Асноўная тэматыка выцінанак Перлінай — арнаментальныя кампазіцыі ў квадраце, дэкаратыўныя кампазіцыі з расліннымі матывамі, птушкамі ды жывёламі, нашы архітэктурныя ансамблі і народныя святы”.

/i/content/pi/cult/779/16816/10_2.jpgХочам мы таго ці не, заўважаем або не вельмі, але цягам жыцця заўжды бяром з кагосьці прыклад. У мяне такое ўражанне, што жыву цяпер за адмысловага паэта Віктара Стрыжака, з якім разам працаваў не адзін год. Ягоныя словы “Бяссонне павінна быць творчым, а прафесія — шчаслівай” сталі пакрысе і для мяне дэвізам жыцця. Так, напэўна, для чытачоў Бярэзінскай раённай бібліятэкі ўзорамі ў пэўнай ступені з’яўляюцца мясцовыя літаратары. А іх, па словах яшчэ адной нашай сталай удумлівай аўтаркі Тамары Круталевіч, у раёне шмат. Мяркуйце самі, на мясцовым літаратурным Алімпе — 2 лаўрэаты Дзяржпрэміі БССР, двое ганаровых грамадзян, прафесар, тры кандыдаты філалагічных навук і адзін заслужаны дзеяч культуры, у гонар трох названы вуліцы (імя Рыгора Няхая і Міхаіла Хонінава — у Беразіно, імя Івана Маркевіча — у аграгарадку Уша). Франтавіка Рыгора Няхая лічылі загінулым. І калі напрыканцы 1945 на пленуме Саюза пісьменнікаў Беларусі ў жалобным спісе прагучала імя пісьменніка, скрушную цішыню залы парушыў хрыплаваты голас афіцэра-артылерыста ў старэнькім шыняльку: “А я тут!” Рыгор Няхай вярнуўся, каб сказаць праўду пра Вялікую Айчынную вайну. Пражыў 77 гадоў і ніколі не звяртаўся да ўрачоў. “Згадкі пра пісьменнікаў-землякоў, — працягвае Тамара Круталевіч, — сталі асновай для арт-прэзентацый “Партрэты загаварылі: малавядомае пра вядомых”. Цудоўны прыклад самага нефармальнага падыходу да арганізацыі бібліятэчных мерапрыемстваў!

Калі маці не прывучыла атрымліваць радасць ад чытання, на дапамогу павінна прыйсці бібліятэка. Гэта для мяне неаспрэчна. Варта і дахаты патэнцыяльнага юнага чытача схадзіць, і ягонымі жыццёвымі мэтамі шчыра пацікавіцца. Я асабіста на практыцы не раз пераконваўся: калі не чытаюць бацькі, не заглядваюць у кнігі і іх дзеці. І тут без настаўнікаў збоку не абысціся. На гэтую тэму ліст метадыста Алены Гушчы з Ашмянскай раённай бібліятэкі. Яна распавядае пра семінар “Роля бібліятэкі і чытання ў падтрымцы сямейных каштоўнасцяў”. Алена сцвярджае: “Бібліятэчную дзейнасць цяжка ўявіць без работы з сям’ёй. Кожны бібліятэкар — доктар душы”. Аўтар допісу спасылаецца на словы загадчыка аддзела бібліятэчнага маркетынгу Наталлі Садоўскай, якая зазначыла на семінары: “Сучасная бібліятэка пазіцыянуе сябе як сацыяльны інстытут, здольны аказаць уплыў на сямейнае чытанне”. Залатыя/i/content/pi/cult/779/16816/10_3.jpgсловы! Вось толькі каб яны з практыкай не разыходзіліся.

Калядная ды навагодняя старонка нашага агляду. “Каб вяліся цыпляткі, уцяткі ды парасяткі!” — так назвалі свой допіс ашмянскія метадысты з РЦК. І яны мелі рацыю. “Цыпляткі” тыя — з каляднай песні фальклорнага гурта сельскага клуба аграгарадка Станцыя Ашмяны. Гучала яна 25 снежня, лічы што, на кожным вясковым падворку.

Калядны кірмаш прайшоў у палацы мастацтваў Бабруйска. Загадчыца аддзела мастацкай творчасці Наталля Кулікова піша: “Традыцыйны кірмаш вырабаў народных майстроў карыстаецца павышаным попытам. Мерапрыемства ладзіцца ў дні паказу музычнай казкі “Ледзяное сэрца” ўзорнага музычнага тэатра “Слугі трох муз”. А набыць можна было вязаныя цацкі, тэкстыльныя лялькі, сувеніры са скуры, лоза- і саломкапляценне”.

А метадыст Палаца мастацтваў Бабруйска Вольга Амяльчук распавяла пра конкурс навагодніх шароў. Бралі ў ім удзел не толькірамеснікі, але і навучэнцы гарадскіх каледжаў. Па выніках конкурсу была арганізавана выстава. У экспазіцыі — шары з пап’е-машэ, скуры, фольгі, ваты, прыродных матэрыялаў.

Навіна з Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Работнікі культуры калядавалі ў вёсках і аграгарадках раёна: Тарнова, Гуды, Пескаўцы, Беліца, Міноіты…

Навагодні вечар падрыхтавала для маленькіх чытачоў Астравецкая дзіцячай бібліятэка. Удзельнікі аматарскага аб’яднання “Ветразь” апрануліся ў карнавальныя касцюмы і вадзілі карагод вакол ёлкі. “Госці, — піша бібліятэкар Ганна Керэль, — затрымаліся ў бібліятэцы да самага вечара”.

Руціна выклікае дэпрэсію, творчасць — толькі радасць. Менавіта з гэтым пачуццём юныя жыхары Карэлічаў бралі ўдзел у адкрытым рэгіянальным фестывалі-конкурсе дзіцячай творчасці “Крыштальная сняжынка”. Больш за сотню талентаў спаборнічалі ў вакальна-харавым, інструментальным, выяўленчым мастацтвах, у мастацкім слове і фатаграфіі. Метадысты Карэліцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці паведамляюць, што на “Крыштальнай сняжынцы” з поспехам выступілі ўдзельніцы тэатральнай студыі “Эксперымент” РЦК. Але гэта яшчэ не ўсё. Шосты рэспубліканскі конкурс маладых выканаўцаў “Беларускія таленты” таксама прынёс узнагароды ўдзельніцам “Эксперыменту”. З поспехам яны выступілі і на Міжнародным фестывалі мастацтваў Open MoloFantasy у Маладзечне. Кіраўнік калектыву Міхаіл Башко заслугоўвае самых высокіх слоў падзякі. Інакш кажучы, яго “Эксперымент” — надзвычай удалы. Дадам толькі неаспрэчнае: роля настаўніка ў фарміраванні вучнёўскай асобы — неацэнная. Таленавіты творца мяняе свет вакол сябе.

/i/content/pi/cult/779/16816/10_1.jpgВось таму яшчэ адзін прыклад. І зноў з Карэліцкага раёна. Метадычны аддзел распавядае пра леташняе выніковае шоу-канцэрт. На гэты раз у ім выступілі не толькі спевакі, але і танцоры. Дзевяць таленавітых пар з розных працоўных сфер і куткоў раёна выйшлі на сцэну, каб пазмагацца за званні “Лепшы песенны” і “Лепшы танцавальны” дуэты. Лепшымі танцорамі сталі заатэхнік Віктар Ківуля і зубны фельчар Алеся Каляда, а лепшымі спевакамі — рэжысёр Мірскага дзяржаўнага мастацкага каледжа Арсен Айкян і аператар ЭВМ, сакратар навучальнай часткі гэтай жа ўстановы Вераніка Крамко.

І завяршае сённяшні агляд пошты ліст добра знаёмага вам Андрэя Струнчанкі. Ён піша пра леташняе Рэспубліканскае свята-конкурс цыркавога мастацтва “Арэна-2019”, што прайшло ў Оршы: “23 калектывы з усіх абласцей краіны і Мінска, а таксама са Смаленскай вобласці спаборнічалі ў дзвюх узроставых катэгорыях і пяці намінацыях па розных цыркавых жанрах. Лепшымі сталі ўзорныя цыркавыя калектывы: студыя “Сонейка” Кобрынскага палаца культуры (акрабатыка), калектыў “Калейдаскоп” з горада Дарагабуж Смаленскай вобласці і заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь “Арэна” Аршанскага гарадскога палаца культуры (эквілібрыстыка). Лепшым таксама стаў народны эстрадна-цыркавы ансамбль “Рамантыкі” Мінскага палаца культуры аўтазавода (паветраная гімнастыка). “Калейдаскоп” заняў першае месца і ў намінацыі “Арыгінальны жанр”.

Пішыце пра цікавае! Сустрэнемся праз тыдзень.

На здымках: Каляда прайшла па Лідчыне, Вядучая бярэзінскіх арт-субот Тамара Круталевіч з самай актыўнай удзельніцай Інай Хадасок, “Каб вяліся цыпляткі, уцяткі ды парасяткі...”

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"