На выставе аўтарскай лялькі “Панна Doll’я”, што праходзіць зараз ў Нацыянальным цэнтры сучасных
мастацтваў (пляцоўка на праспекце Незалежнасці), і Шэкспіру, і Гаўдзі было б цікава ды ўтульна. Як на экскурсіі па тэатральным закуліссі. Рэч у тым, тут экспануюцца не тыя лялькі, у якія гуляюць дзеці, а тыя, у якіх дарослыя знакава ўвасабляюць свае філіі і фобіі. Гэта жартам пра сур’ёзнае. Гратэскны па форме расповяд пра тое, што хвалюе і вабіць, палохае і насцярожвае. Шматзначнасць прысутнічае нават у назве выставы, бо ангельскае слова dolly (лялька) сугучна беларускаму “доля”.
Усяго экспанатаў недзе паўтары сотні. Тут гістарычныя постаці, казачныя героі, літаратурныя персанажы. Кожная лялька ўнікальная, тыражаваных няма. Асобны раздзел складае праект “ПАРФЮМЪ”. Тут лялькі паводле аўтарскай задумы вобразна адпавядаюць таму ці іншаму “культаваму” парфуму. Асобна сабраныя і мядзведзі, якіх калісьці прыдумалі як адмысловую ляльку для хлопчыкаў.
Калі ў майстэрні Гаўдзі далёка не ўсім было ўтульна, а камусьці нават і страшнавата, дык у асяродку “Панны Doll’і” прасякаешся станоўчымі пачуццямі з пэўным даважкам іранічнасці. З выставай лялек добра стасуецца экспазіцыя жывапісу. Тут прадстаўлены работы Ганны Сілівончык, Васіля Пешкуна, Марыі Пяшкун, Ганны Фадзеевай, у якіх гледач знойдзе і зімовую казку (у рэчаіснасці мы, бывае, забываем, што зімою здараецца снег) і імітацыю рэчаіснасці ў прызме тэатралізаванай дзеі.
Выстава, на якой галоўныя героі — лялькі, у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў праводзіцца не першы раз і стабільна мае поспех у публікі. Яна ў роўнай ступені цікавая для дзяцей, якія засяроджваюцца на эфектным вонкавым абліччы лялек, а для дарослых, здольных у гэтых нібыта цацках убачыць панарамную карціну эмацыйнага і пачуццёвага досведу.
Фота аўтара