Сярод станоўчых з’яў паслясавецкага часу ці ні першай варта згадаць вяртанне ў грамадскую практыку свабоды сумлення, адным з чыннікаў якой з’яўляецца права адкрыта спавядаць тую ці іншую рэлігію. У Беларусі не толькі аднаўляюцца старыя храмы, але і новыя будуюцца. Адна з такіх святынь — храм-помнік на вуліцы Каліноўскага — стаіць у ганаровым шэрагу новых сімвалаў нашай сталіцы. Над яго аздобаю працавалі мастакі шмат якіх творчых спецыялізацый. Зразумела, не абыйшлося і без тых, хто стварае “каменны жывапіс” — мазаіку. Бо будынку, разлічанаму на стагоддзі, і ўпрыгожванне патрэбна такое ж трывалае.
У інтэр'еры храма.
Для Дзяніса Чубукова, з якім гутарыў наш карэспандэнт, гэта не першы такога роду аб’ект у ягонай творчасці. Ён разам са сваімі калегамі ўжо браў удзел у афармленні праваслаўных святынь у Беларусі і на Беласточчыне. У шэрагу выпадкаў выступаў у якасці куратара праекта. Аднак гэту работу вылучае асабліва. Найперш, зыходзячы з самога статусу храма. Аздабляць святыню, якую асвячаў сам Патрыярх — гонар для чалавека, што працуе ў сакральным мастацтве. Ды і сам маштаб работы ўражвае і натхняе. Алтар мае тры часткі. Два бакавыя прытворы па 80 квадратных метраў і цэнтр — 250.
Галоўнае ж, па словах спадара Дзяніса тое, што такая работа з’яўляецца ўнёскам у развіццё духоўнасці на нашай зямлі. Гэта адпавядае ягонаму разуменню творчага і грамадзянскага абавязку мастака. Акрамя таго, удзел выкладчыкаў кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва нашай Акадэміі ў такіх маштабных сацыяльна значных праектах — гэта прапаганда здабыткаў беларускай акадэмічнай школы, умацаванне прэстыжу БДАМ і яскравае сведчанне таго, што творчы патэнцыял выпускнікоў гэтай ВНУ (сам спадар Дзяніс вучыўся на адзяленні, дзе зараз выкладае) запатрабаваны грамадствам.