Усмешка для адчайных фантазёраў

№ 37 (855) 13.09.2008 - 19.09.2008 г

Колькі эстэтычнага павінна быць у жыцці і мастацтве, каб адчуваць задавальненне ад гэтага? І ці можа звацца мастацтвам твор, у якім няма традыцыйнай, звыклай эстэтыкі, вонкавай прыгажосці? Гэтыя пытанні міжволі ўзнікаюць, калі глядзіш на карціны Валянціна Губарава, выстаўка якога, што мае назву “Важна ўсё”, праходзіць цяпер у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва.

 /i/content/pi/cult/174/1681/Usmeshka.jpg

В.Губараў. “Тытанік”.

Большасць тэм, якія закранае мастак, паўсядзённыя: немагчымасць знайсці сэнс жыцця для старых людзей (дзядуля, які ловіць у
слоічак прусакоў), горкая халасцяцкая адзінота (недагледжаны мужчына сустракае вечар “у кампаніі” з жанчынай са старэнькага тэлевізара), людзі, якія прызвычаіліся да пустога, нецікавага існавання і жывуць толькі дзеля таго, каб забяспечваць свае побытавыя патрэбы. Вочы без аніякага выразу, карыкатурныя тварыкі з доўгімі насамі, смешныя пузатыя фігуркі — гэта гумарыстычны погляд Валянціна Губарава на людзей, што не могуць самі зрабіць сваё жыццё прыгожым. Нават калі ім даць грошы, гэтыя людзі не здолеюць выйсці на новы ўзровень, як паказвае карціна з ганарлівай жанчынай “Яна вартая гэтага”: багачка бессаромна стаіць аголеная на балконе на дарагім дыванку, але падаецца смешнай са сваімі далёка не мадэльнымі параметрамі і дзежкай, у якой растуць таматы.
Тут няма эстэтыкі, як няма яе ў жыцці многіх, але прывабнасць гэтых карцін — у шчырай усмешцы аўтара, у яго жалю да іх і лёгкай іроніі. На многія рэчы ён глядзіць арыгінальна, напрыклад, цікавая інтэрпрэтацыя сузор’яў: на сузор’і Вадалея кіпіць праца па мыцці і пераліванні, а ў Блізнят усе рэчы маюць пару, і вельмі весела шукаць у дастаткова вялікай карціне падабенствы. І жарптушка, тушаная з грыбамі, весела ўсміхаецца з талеркі. Многія рэчы, якія асэнсоўваліся раней сур’ёзна, выклікалі павагу, у мастака атрымліваюць пазітыўную рознакаляровую афарбоўку. Такімі яны могуць уяўляцца дзецям і адчайным фантазёрам.

Алена САБАЛЕЎСКАЯ