Хроніка катастрофы: не толькі факты

№ 2 (1441) 11.01.2020 - 18.01.2020 г

Пра трагедыі Другой сусветнай напісана і знята ўжо шмат. Але чым далей па часе, тым болей жудасці акупацыйнага рэжыму падаюцца нам нейкімі адстароненымі і несувымернымі нашаму досведу сюжэтамі — як быццам усё гэта адбывалася зусім не на тых вуліцах, па якіх мы ходзім. Стваральнікі дакументальнага цыкла “Хроніка Мінскага гета”, які атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва, ставілі перад сабой задачу аднавіць эмацыйную вастрыню ўспрыняцця тых падзей. Пра іх распавядаецца ад імя непасрэдных сведак — прычым не толькі тых, каму пашчасціла выжыць.

Ужо першы фільм серыі атрымаў цэлую гронку прызоў на прэстыжных кінафорумах. Уручаючы ўзнагароду, дырэктар Міжнароднага фестывалю гістарычных і ваенных фільмаў у Варшаве Анджэй Бжоза лаканічна выявіў галоўную вартасць работы: пра Мінскае гета вядома даўно. Але толькі цяпер мы здолелі зразумець і адчуць, як усё гэта было.

Менавіта дзеля такога занурэння ў мінулае рэжысёр Уладзімір Луцкі далікатна ўкрапляе ў тканку дакументальнага кіно пастановачныя эпізоды. Яны чаргуюцца са словамі сведак падзей — былых вязняў Мінскага гета. Зафіксаваць іх аповеды было архіважным хаця б таму, што з кожным годам тых людзей, на жаль, становіцца ўсё меней.

Але ў першым фільме цыкла гучаць не толькі інтэрв’ю тых нешматлікіх, каму пашчасціла выжыць. Разам з імі — і маналогі забітых, створаныя на падставе іх дзённікаў і лістоў. Гэтыя словы ад першай асобы агучваюць сучаснікі — нібы прымяраючы на сябе лёс іншага чалавека. Мастацкі прыём рызыкоўны, але дзейсны.

/i/content/pi/cult/779/16807/5_1.jpg

 

 

Кадр з фільма “Хроніка Мінскага гета-2”

Па словах аўтара ідэі праекта, вядомага пісьменніка і сцэнарыста Барыса Герстэна, менавіта з асабістай далучанасці ўсё і пачыналася:

— Тэма для мяне вельмі… мая: яна перагукаецца з гісторыяй уласнай сям’і. У першыя дні вайны бацька быў мабілізаваны як ваенны лекар, і калі пасля Перамогі ён вярнуўся ў свой родны гарадок Чорткаў у Заходняй Украіне, дык жахнуўся: амаль уся яго сям’я загінула ў гета! Толькі адна з сёстраў цудам ацалела: яе ў гады акупацыі хавала ў сябе ў падвале польская жанчына. Ён не хацеў пра гэта згадваць, нават калі я ўжо пасталеў.

Для стварэння чатырох стужак гэтага цыкла студыі гістарычных фільмаў “Майстэрня Уладзіміра Бокуна” спатрэбілася шэсць гадоў. Самім здымкам папярэднічала грунтоўная праца ў архівах і пошук непасрэдных удзельнікаў тых падзей.

— У спісе ўганараваных спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта — тры асобы: сцэнарыст, рэжысёр і я, — кажа Уладзімір Бокун. — Але насамрэч да стварэння цыклу спрычынілася вельмі шмат людзей з розных краін — думаю, не меней за сотню. Без іх удзелу — творчага, арганізацыйнага, фінансавага — гэты праект ніколі б не атрымаўся.

/i/content/pi/cult/779/16807/5_2.jpg

Рэканструкцыя трагічных падзей. Падчас здымак.

Уладзімір Бокун лічыць, што асэнсаванне трагічных падзей сведчыць пра нашу ўлучанасць у еўрапейскую гісторыю. І не выпадае сумнявацца ў тым, што асэнсаванне мінуўшчыны спрыяе паразуменню ўжо сучаснікаў. Прадзюсар прыводзіць канкрэтныя доказы: фільмы цыклу шмат разоў дэманстраваліся падчас розных міжнародных мерапрыемстваў. Скажам, 5 студзеня паказ аднаго з іх адбыўся ў Дзярждэпартаменце ЗША ў рамках мерапрыемстваў у памяць ахвяр Халакосту. Адмысловая кінаімпрэза спадарожнічала і візіту ў Беларусь Федэральнага канцлера Аўстрыйскай Рэспублікі Себасцьяна Курца.

— Цяжка сказаць, колькі людзей паглядзела гэтыя фільмы, але ўпэўнены, што лік ужо ідзе на мільёны, — распавядае Уладзімір Бокун. — “Хроніку Мінскага гета” паказвалі некалькі буйных тэлеканалаў, якія вяшчаюць на ўвесь свет. Ды і ў Сеціве гэтыя стужкі сабралі сотні тысяч праглядаў.

— Я быў на паказе ў Вене, — дадае Барыс Герстэн. — У зале — пераважна аўстрыйцы, не яўрэі. Шмат людзей пажылых. І раптам сабе думаю: нехта з іх, пэўна, бачыў тую вайну з адваротнага боку. Як будуць успрымаць? Але рэакцыя была неверагодна эмацыйнай, многія плакалі. І вось што яшчэ цікава: людзі падыходзілі да мяне, каб падзяліцца сваёй уласнай гісторыяй. Вельмі рады, калі кіно дапамагае нам звярнуць на яе ўвагу.

Аўтар: Ілья СВІРЫН
Галоўны рэдактар газеты "Культура"