“Скульптурная рэвалюцыя” на беразе Піны

№ 37 (855) 13.09.2008 - 19.09.2008 г

У Пінску прайшоў першы гарадскі сімпозіум па скульптуры ў камені. Было крыху крыўдна за Пінск, які не саступае еўрапейскім гарадам у гісторыі і архітэктуры, зусім абдзелены скульптурай, а патэнцыял жа у палескай сталіцы вялізны: ахутаныя сівымі легендамі і паданнямі шэдэўры эпох барока і класіцызму, малапавярховая каменная забудова ў гістарычным цэнтры горада, тэатральны сквер, набярэжная, парк. Сама атмасфера старога горада схіляла да таго, каб у яго асяродку з’явіліся пластычныя кампазіцыі малых форм. Пра гэта марылі краязнаўцы, настойліва рэкамендавалі турысты, задумваліся і архітэктары горада.

 /i/content/pi/cult/174/1680/Skulptura1.jpg
А.Вараб’ёў. “Раніца”.

Сітуацыя вырашылася гэтым летам. Творчая інтэлігенцыя ўжо назвала гэтую з’яву ні больш ні менш — “скульптурнай рэвалюцыяй” у маштабах аднаго горада!
Ініцыятарам правядзення першага гарадскога пленэру скульптараў у Пінску выступіла маладая пінчанка Таццяна Анташук,
выпускніца Магілёўскага універсітэта. Таццяна працуе дызайнерам у адным з прыватных мастацкіх салонаў Магілёва, дзе скульптурныя сімпозіумы праходзяць з зайздросным пастаянствам. Натхнёная гэтай цудоўнай ідэяй, яна вырашыла яе рэалізаваць і ў родным горадзе.
Для ўдзелу ў пленэры запрасілі вядомых беларускіх скульптараў Гомеля, Светлагорска, Магілёва. Да гэтай сяброўскай кампаніі далучыўся і малдаўскі скульптар з Прыднястроўя Рыгор Султан. Пінск прадстаўляў палескі жывапісец і скульптар Сяргей Жылевіч.
Пад майстэрню пад адкрытым небам аддалі ўчастак у ніжняй частцы гарадскога парку, туды ж даставілі вялізныя глыбы граніту, а для абароны ад дажджу і сонца зрабілі навесы. Пленэр праходзіў пад патранажам аддзела культуры Пінскага гарвыканкама. Усе праекты скульптурных кампазіцый прайшлі папярэдні адбор і абмеркаванне.
Упершыню ў горадзе над Пінай на такі працяглы тэрмін “высадзіўся” такі моцны творча-прафесійны “дэсант”. Тры тыдні скульптары “разгрызалі” граніт розных парод. На вачах у здзіўленых пінчан нараджаліся задуманыя мастакамі вобразы-сімвалы: “Стыхія” (І.Засімовіч), “Раніца” (А.Вараб’ёў), “Захад у аблоках” (А.Сарокін), “Семечка” (В.Калоўскі), “Гарэза” (А.Камардзін), “Мастак і мадэль” (Р.Султан), дзве анімалістычныя работы “Смоўж” (К.Злоціна) і “Пяшчота” (К.Аляксееў), мармуровая “Юнона” (С.Жылевіч). Усе творы выкананы ў стылі мінімалізму. Скульптары скупым штрыхам толькі абазначылі задуманы вобраз, звяртаючы ўвагу на структуру і тэкстуру матэрыялу, дынаміку ліній і ўнутраную выразнасць. За час пленэру яго ўдзельнікі не толькі працавалі, але і знаёміліся з гісторыяй горада і яго жыхарамі, на цеплаходзе “павандравалі” па Піне і Прыпяці, паспыталі палескую вуху.
Для кожнай каменнай кампазіцыі ўжо вызначана месца яе будучай прывязкі. Дзевяць твораў хутка ўпрыгожаць набярэжную Піны. Кампактнае размяшчэнне малых пластычных форм стане не толькі пачаткам стварэння ў старадаўняй сталіцы Палесся Парку скульптуры, але і добрай традыцыяй у культурным жыцці сівога Пінска.
У першага гарадскога сімпозіума сучаснай дэкаратыўнапаркавай скульптуры ў камені будзе працяг. Наступны пленэр, магчыма, стане тэматычным і будзе прысвечаны палескай сталіцы.

Іна ДЗЯМІД
Пінск
Фота Яўгена ТАЛАМАЯ