Першая біенале на Беларусі

№ 37 (855) 13.09.2008 - 19.09.2008 г

Адзін з самых вядомых і аўтарытэтных форумаў сусветнага мастацтва — Венецыянская біенале — быў упершыню праведзены ў 1895 годзе. У пачатку ХХІ стагоддзя такая форма буйнога мастацкага фестывалю-конкурсу дабралася і да Расіі.І, нарэшце, біенале — у Мінску!

Урачыстае адкрыццё Першай Беларускай біенале жывапісу, графікі і скульптуры адбылося 5 верасня ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі. Пра тое, што папярэднічала грандыёзнай выстаўцы і што чакае яе ўдзельнікаў, расказаў адзін з арганізатараў біенале ў Мінску, намеснік старшыні БСМ Сяргей ЦІМОХАЎ.
— Што падштурхнула да стварэння такога фестывалю ў беларускай сталіцы? У чым яго навізна і унікальнасць?
— Сталася так, што ва ўмовах рынку ў беларускім мастацтве паступова пачала знікаць тэндэнцыя да паказу “сур’ёзнасці”. Зразумела, што мастакі вымушаны жыць і выжываць ва ўмовах гэтага рынку.
 /i/content/pi/cult/174/1679/Bienale1.jpg

А.Шлегель. “Шыпшына, шхуны, шар”.

Усё часцей іх работы бачым на сценах прыватных галерэй, офісаў. З’явілася неабходнасць у нейкай альтэрнатыве, умоў для стварэння высакаякасных прац. Гэта і стала падмуркам да нашай біенале.
Удзельнікам давялося прайсці строгі адбор: з 350 работ, якія прэтэндавалі на ўдзел у біенале, больш за сто прызнаны недастаткова вартымі. Магу сказаць дакладна, што адбор быў абсалютна справядлівым, аб’ектыўным. Таму можна быць упэўненым, што ў выставачныя залы Палаца мастацтва трапілі толькі лепшыя, сапраўды якасныя творы. Пры адборы работ строга прытрымліваліся і іншых умоў: па-першае, прымаць удзел у выстаўцы маглі толькі члены Саюза мастакоў; па-другое, творы павінны былі быць выкананы не раней за 2007 год. Словам, ствараліся ўмовы для сапраўды сур’ёзнай працы, і асабіста я цалкам задаволены вынікам. На мой погляд, усё атрымалася менавіта так, як хацелася. Спадзяюся, Першая беларуская біенале стане значным крокам наперад для нацыянальнага выяўленчага мастацтва.
— Чаму менавіта біенале?
— Такая форма вельмі зручная і ў той жа час цікавая. Два гады — самы аптымальны срок, каб стварыць нешта новае, свежае. Яшчэ адзін плюс біенале — конкурсная аснова. Пераможцы гэтага года будуць прадстаўляць краіну на міжнародных форумах, фестывалях і выстаўках за мяжой. Да тагож, менавіта яны атрымаюць прэміі з Прызавога фонду біенале.
— Якім чынам будуць вызначацца лепшыя работы?
— А гэта яшчэ адзін сюрпрыз нашага фестывалю. Мы вырашылі не збіраць спецыяльнага журы. А пераможцы будуць вызначаны шляхам галасавання, праведзенага паміж... самімі ўдзельнікамі: кожны павінен будзе выбраць з экспазіцыі тры лепшыя працы і аддаць за іх свой голас. У выніку, падсумаваўшы набраныя балы, атрымаем па тры пераможцы сярод жывапісцаў, графікаў і скульптараў.
— Ці плануецца правядзенне Другой біенале?— Абавязкова! Спадзяюся, што ўжо праз два гады убачыць свет працяг сённяшняй выстаўкі. Хацелася б, каб правядзенне біенале стала традыцыйным для Беларускага саюза мастакоў. Такі фестываль — магчымасць паказаць лепшае, на што варты прызнаныя мастакі, а таксама адкрыць новыя імёны ў беларускім выяўленчым мастацтве.

Дар’я ДАНІЛЕВІЧ  

У трох вялікіх экспазіцыйных залах Палаца мастацтва прадстаўлена 240 твораў жывапісу, графікі, скульптуры 164 маладых і знакамітых беларускіх творцаўнядаўніх і сталых сяброў Беларускага саюза мастакоў, якія будуць мець надалей пачэсную магчымасць выстаўляцца не толькі ў нас, але і прадстаўляць Беларусь за мяжой.
Прыярытэтным, абагульняючым напрамкам-канцэпцыяй у ажыццяўленні дадзенага адметнага праекта быў абраны менавіта найновы сінтэзавана-асацыятыўны, “інтэлектуальнымастацкі стыль. Кожны мастак пасвойму бачыць-разумее імклівае, складана-супярэчлівае жыццё, такі ж суцэльна непрадказальны і свет. Падкупляюць пачуццёвая і вобразна-пластычная разняволенасць, “полістылістыка”, своеасаблівая філасофская паэзія-рэалізм. Моцным сродкам творчага пераасэнсавання рэчаіснасці, адлюстравання аўтарскай задумы-ідэі на аркушы, палатне — нават у скульптуры! — становіцца колер, фарбы.
Распачынае біенале нечакана стылізаванае “Капішча” — калектыўная інсталяцыя творцаў (мабыць, зробленая з палескага трыснягу), якая сімвалізуе Сонца, Зямлю, Агонь — Сусвет і Дух. (На вернісажы ўсе 39 свечак, нягледзячы на натоўп, роўна свяціліся аж да закрыцця.) На салярным коле стракатая мазаіка з рознакаляровых стужачак — гэта самі ўдзельнікі-мастакі, іх “аўтограф”
Першае палатно, што кідаецца ў вочы (і ўдала спалучаецца, між іншым, з атрыбутамі згаданай буйной інсталяцыі), — размешчаная па цэнтры манументальная работа А.Кузняцова “Дзённік стомленага вандроўніка”. Гледачы падоўгу затрымліваюцца ля прыгожага па кампазіцыйным вырашэнні і фарбах твора, па-рознаму імкнуцца разгадаць яго загадкавую, патаемную прыцягальнасць. Радуюць вока, чымсьці інтрыгуюць, выклікаюць станоўчы настрой і сур’ёзныя думкі бліскуча выкананыя палотны
 /i/content/pi/cult/174/1679/Bienale2.jpg

 Фрагмент экспазіцыі Першай беларускай біенале.

Г.Паплаўскага — трыпціх “Асветнікі зямлі беларускай”, В.Альшэўскага — “Канцэрт з Кападоніі” і “Метамарфозы”, У.Тоўсціка — трыпціх “Калясніца Аўроры”, З.Літвінавай — “Кампазіцыя”, М.Бушчыка — “Залаты звон”, У.Ткачова — трыпціх “Нашэсце”, а таксама творы А.Бараноўскага, У.Ткачэнкі, В.Шкарубы, Р.Ландарскага, Я.Каробушкіна.
Мноства нестандартных, “вынаходніцкіх”, смелых фармальна-тэхнічных мастакоўскіх прыёмаў можна заўважыць у змястоўных творах таленавітай творчай моладзі, якая, несумненна, у хуткім часе па-сапраўднаму стане ля творчага “руля”. Гэта творы А.Сільвановіч, А.Савіча, А.Некрашэвіча, У.Кандрусевіча, К.Сумаравай, У.Клімушкі, А.Барташэвіча, В.Гардзіёнак-Кірэевай і інш.
Побач з мінчанамі на выстаўцы на досыць добрым узроўні дэбютавалі творцы з усіх абласных цэнтраў Беларусі, а таксама з Оршы, Маладзечна, Пінска.Не так шмат, як хацелася б, у экспазіцыі паказана графіка. Але і тут ёсць вельмі цікавыя работы. Сярод іх — два творы Р.Сітніцы з нізкі “Шпацыр уздоўж паркана”: гэта не фота, як можа паказацца неспакушанаму гледачу, а нібы “даматканы” сапраўдны графічны мікраімпрэсіянізм!
Альбо такі “жывапісны” дыптых У.Савіча — “Князь” і “Укрыжаванне” — аб гістарычным мінулым продкаў, духоўнай нязломнасці перад выпрабаваннямі лёсу. Вельмі арганічна майстар тут выкарыстоўвае старадаўнія сакральныя іканаграфічныя традыцыі нашага народа.
Бліскуча прадстаўлены чароўныя “філігранныя” станковыя графічныя творы У.Лукашыка з цыкла “Жыццяпіс вялікіх князёў літоўскіх”.А.Кашкурэвіч паказаў вострыя, экспрэсіўныя, глыбінныя па змесце афорты (“Змрочна з горыччу” і “Павольна і працяжна”), якія з’яўляюцца, на мой погляд, вяршыняй мастакоўскага майстэрства.
Цікавыя каляровыя ілюстрацыі М.Басалыгі да кнігі У.Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха”, акварэлі Г.Шутава, малюнкі алоўкам Я.Шатохіна і У.Васюка, а таксама гістарычныя партрэты К. і В. Астрожскіх мастака П.Татарнікава, “біблейскія” кампазіцыі В.Крупятковай, містычныя феерыі У.Вішнеўскага.
Станковая скульптура, на жаль, прадстаўлена небагата, у асноўным дробнай, дэкаратыўна-прыкладнога плана пластыкай, якая нярэдка губляе ўсялякую мастацкасць і пераходзіць у “ювелірную” экзотыку. З лепшага боку паказалі сябе “класічныя” скульптары — С.Гумілеўскі (“Натхненне” і “Кветка - Лілея”), А.Батвінёнак (“Якуб Колас”), Г.Буралкін (Партрэт мастака Тараса Паражняка”), У.Слабодчыкаў (“Альберта”).
Мабыць, для нагляднага разгорнутага ўяўлення творчых эксперыментаў і пошуку дзе-нідзе можна сустрэць іцалкам фармальныя творы, калаж і поп-арт, — але іх няшмат, і яны не ствараюць на біенале надвор’я…

Аляксандр РУНЕЦ