Гліняны бог чытання

№ 52 (1439) 28.12.2019 - 04.01.2020 г

“Небібліятэчны” клопат бібліятэкі
Краязнаўствам займаецца ці не кожная бібліятэка. Мы ж у пасёлку Поразава паспрабавалі ад тэорыі перайсці да практыкі. Патлумачу, у чым карані такога прадметнага ведання сваёй гісторыі. Наш праект толькі набірае абароты, але, думаю, што досвед “небібліятэчнага” клопату бібліятэкі будзе карысным для калег, якія жадаюць узняць магчымасці, а значыць і імідж роднай установы.

“Чорназадымленая” гісторыя

Ёсць у нас пасёлак Поразава. Пагадзіцеся, назва гэтая на слыху ў многіх. Не дзіва, бо менавіта тут у пазамінулым стагоддзі буяў ганчарны цэнтр Беларусі. Не кожная гліна падыходзіць для вырабу посуду. Поразаўская — наадварот: самая для гэтага прыдатная. Таму было тут калісьці пад 200 сем’яў глінамесаў. Майстэрства перадавалася з пакалення ў пакаленне. А майстэрства — нешараговае: здавён у Поразаве займаліся чорназадымленай керамікай.

/i/content/pi/cult/777/16787/12_2.jpg

Бібліятэчны музейны пакой

І вось што цікава. Не існавала сакрэтаў паміж глінамесаў. Увесь сакрэт крыўся ў рамесніцкіх руках. І калі адчуваў майстар, што не сорамна яму за ўласныя вырабы, дык ставіў ён на кожным збанку ці глечыку кляймо: асабістае прозвішча. Дынастыі Шопікаў ці, скажам, Паплаўскіх добра ведалі не толькі на Свіслаччыне.

З гэтай нагоды вось яшчэ пра што распавяду. На пачатку мінулага стагоддзя прыехаў да сваякоў з Амерыкі ўрач. Даведаўся, што бабуля Шопікаў — знахарка, захацеў з ёй сустрэцца. І выпадкова пабачыў Шопіка, які працаваў за ганчарным кругам. Вельмі ўразіўся амерыканец і калі вярнуўся дахаты, даслаў ганчару з Поразава новы, больш дасканалы круг…

Пра ўсё гэта ў свой час даведаліся сябры бібліятэчнага аматарскага аб’яднання “Спадчына” з пасёлка Поразава. Да слова, бібліятэка мясцовая стала з цягам часу яшчэ і цэнтрам краязнаўства.

Ёсць што адраджаць

На сёння ў Поразаве глінамесаў не знайсці. Гліна засталася, а майстроў ужо няма. Дэмаграфія з урбанізацыяй. Натуральна, тое, што згубілі, неабходна адраджаць. Так у 2017 годзе ў Поразаўскай бібліятэцы-цэнтры краязнаўства з’явіўся музейны пакой “Мастацтва гліны і агню”. Экспазіцыю мы прысвяцілі гісторыі развіцця ганчарнага промыслу ў Поразаве. Паказаны працэс тэхналогіі вырабу чорназадымленай керамікі: як гліна нарыхтоўваецца, фармуецца, як глінамес выкарыстоўвае ганчарны круг, які посуд атрымліваецца. Сярод музейных экспанатаў — ганчарны круг, імправізаваны ганчарны гарон для абпальвання вырабаў, іншы рамесніцкі рыштунак.

/i/content/pi/cult/777/16787/12_3.jpg

Будучыя ганчары са “Спадчыны”

І сам посуд тут можна паглядзець: гаршкі для гатавання ежы ў печы, бабачнік для вырабу булкі ці бабкі, кубак для напою, макацёр для расцірання маку ці льнянога семя, збан для малака, спарышы ці пітушкі для “комплекснага абеду”, міскі і шмат яшчэ чаго.

Фотагалерэя музейнага пакоя распавядае пра дынастыі поразаўскіх ганчароў. Напэўна, самым вядомым быў Іосіф Шопік (сышоў з жыцця ў 1990-х), серабрыста-чорная кераміка якога застаецца своеасаблівым сімвалам ганчарнага рамяства Прынямоння. Чаму яна чорная? Таму што выраблялася, абпальвалася па-чорнаму, без доступу кіслароду, бо гораны знаходзіліся пад зямлёй.

Гісторыяй поразаўскага ганчарства тамтэйшая бібліятэка займаецца здавён, таму і вырашыла перайсці ўрэшце ад тэорыі да практыкі. У гэтым плане бібліятэкары, якія займаюцца не толькі кнігавыдачай, нават клубнікаў абагналі.

Мы атрымалі грант

Для папулярызацыі і захавання ўнікальнай тэхнікі ганчарнага рамяства мы распрацавалі праект “Адроджанае рамяство”, на рэалізацыю якога атрымалі сёлета грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Сапраўды, час вяртаць Поразаву былую славу. Для гэтага для бібліятэкі былі набыты ганчарны круг, новае дэманстрацыйнае абсталяванне, тэхнічныя сродкі для музейнага пакою.

/i/content/pi/cult/777/16787/12_4.jpg

 

 

Чорназадымлены посуд

Аматарскае аб’яднанне “Спадчына” занялося навучаннем дзяцей ганчарнаму рамяству. За справу ўзяліся загадчыца бібліятэкі Марыя Сакалоўская і бібліятэкар Ірына Сарай. Быў распрацаваны двухгадовы тэматычны план работы. У адпаведнасці з ім штотыднёва ладзяцца тэарэтычныя і практычныя заняткі. Вучыць поразаўскіх дзяцей майстар-самавук Людміла Шворак са Свіслачы.

Немалаважным з’яўляецца і тое, што Поразава — адзін з пунктаў раённага турыстычнага маршрута. Так што бібліятэчны музейны пакой — вельмі запатрабаваны. Ён пастаянна багацее экспанатамі, сустракае экскурсіі і ладзіць майстар-класы, інтэрактыўныя гульні ды краязнаўчыя падарожжы. Сёння бібліятэкары заняты распрацоўкай новага рэкламнага буклета.

Выснова наступная: бібліятэку ў Поразаве ведаюць не толькі ў раёне. Імідж установы выбудаваны карпатлівымі намаганнямі многіх спецыялістаў. Работа гэтая, куды ўцягнуты ці не ўсе чытачы, працягваецца.

Майстар

Іосіф Шопік нарадзіўся ў 1921 годзе. І адразу ў яго жыццё прыйшла гліна. Жоўтая, чырвоная, залацістая… З гэтай гліны яшчэ дзед Антон, а потым бацька Іосіф Антонавіч стваралі разнастайныя прадметы хатняга ўжытку. І з таго моманту гліна стала чымсьці важным і неад’емным. Гаршкі, макотры, гарлачы, збанкі, міскі, цацкі зрабіліся часткай жыцця.

/i/content/pi/cult/777/16787/12_1.jpg

Глінамес з Поразава Іосіф Шопік

І хлопчык пачаў паціху камячыць кавалак вільготнай гліны, пачаў намагацца нешта зляпіць. А ўпершыню сеў за ганчарнае кола, відаць, тады, калі пачаў да яго нагамі даставаць.

Пляменніца Шопіка Тэрэза Белавусава ўспамінала пра дзядзьку: “З 11 дзяцей у сям’і Іосіфа і Марыі толькі маленькі Іосіф пайшоў у вучні ганчара. У 16 гадоў ён прайшоў абрад пасвячэння ў майстры. На вачах усёй вёскі зрабіў свой першы посуд. Прыехаў ксёндз, каб блаславіць хлопца на доўгі працоўны шлях. У вёсцы было вялікае свята”.

Чаго Іосіф Іосіфавіч толькі ні ляпіў за сваё жыццё! Вялізныя гаршкі і “сераднякі” ёмістасцю па 4 — 5 літраў, маленькія “пітушкі”, розныя мяліцы, збанкі для захоўвання квасу, гарлачы на малако, трохногія патэльні, розныя макотры, посуд для гарбаты, кубкі для вады, вазоннікі, вазы для кветак і, вядома ж, мноства рознафігурных пасвісцёлак для дзяцей. Усё жыццё Іосіф Шопік заставаўся верным нязменнаму правілу: усё самае лепшае аддаваць людзям, трымаць пры гэтым марку.

Цяжкае ганчарнае кола, якое дасталося яму ў спадчыну ад дзеда, майстар круціў не з дапамогай матора, а нагамі. Жанчыны ў гэтай сям’і таксама дапамагалі ў вытворчасці глінянага посуду. Часцей за усё менавіта яны націралі вырабы каменьчыкам-“грамушкай” перад абпальваннем. Так яны і працавалі ўвесь час. Іосіф Іосіфавіч вырабляў посуд, не выходзячы з хаты. А яго жонка Аміля апрацоўвала вырабы каменьчыкамі. А потым абодва радаваліся таму, што зрабілі.

Замест заканчэння

Гурткоўцы пакрысе набіраюцца вопыту. Хачу, каб неўзабаве яны паспрабавалі вылепіць глінянага бога чытання. Цікава, што атрымаецца?

Святлана ПІВАВАРЧЫК, дырэктар Свіслацкай раённай бібліятэкі

Фотаздымкі з бібліятэчнага архіва