Зоя БЕЛАХВОСЦІК: “Не трэба мне іншых тэатраў, я працую ў найлепшым!”

№ 52 (1439) 28.12.2019 - 04.01.2020 г

Два юбілеі і адна гісторыя для тэатра і сям’і
Сёлета нашая культурная прастора поўнілася згадкамі пра Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, які пачаў свой 100-ы сезон! А напрыканцы года святкавала юбілей актрыса, без якой тэатр уявіць немагчыма, — народная артыстка Беларусі Зоя Белахвосцік. На гэтай тэатральнай сцэне яна працуе з 18-і гадоў і адыграла практычна ва ўсіх легендарных спектаклях, кшталту “Паўлінкі” і “Тутэйшых”, іграе ў бліскучых пастаноўках больш нядаўняга часу, такіх як “Чайка” ды “Рэвізор”. За гады ў Купалаўскім у яе было амаль 60 роляў, і зараз у актыўным рэпертуары 10 спектакляў. Можна сказаць, зайздросны лёс для актрысы, якая і запатрабавана, і любіма. Аднак Зоя Белахвосцік не проста актрыса — ёй належыць не толькі дзень сённяшні гэтага тэатра, але і яго мінуўшчына і будучыня, бо і продкі, і нашчадкі непарыўна з ім звязаныя. Дзед Глеб Глебаў — народны артыст СССР — і бабуля Надзея Сарокіна яшчэ ў 20-я гады мінулага стагоддзя сталі артыстамі 1-га Беларускага драматычнага тэатра (цяпер імя Я. Купалы), бацька Валянцін Белахвосцік — народны артыст Беларусі, усё жыццё аддаў гэтай сцэне, муж Аляксандр Гарцуеў — заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, акцёр і рэжысёр многіх выдатных пастановак Купалаўскага, дачка Валянціна Гарцуева — актрыса тэатра. Свой юбілейны творчы вечар на пачатку снежня Зоя Белахвосцік прысвяціла менавіта сям’і і тэатру, бо гісторыя ў іх — агульная. Дзве гадзіны актрыса трымала ўвагу гледачоў цікавымі і кранальнымі расповядамі, архіўнымі фотаздымкамі, песнямі і сваім талентам. І творчы вечар, бадай што, не павінны стаць адзінкавым паказам гэтай праграмы: у зале быў перааншлаг, авацыі не змаўкалі доўга. З народнай артысткай Беларусі Зояй Белахвосцік гутарым пра гісторыю і пра будучыню, пра справы сямейныя і тэатральныя, пра адданасць прафесіі і лёс артыста, і — пра тое, як многа ўсяго яшчэ наперадзе.

— Ваш асабісты юбілей супаў з 100-м, юбілейным сезонам Купалаўскага тэатра. Таму здаецца, што больш удалай ідэі для вашага творчага вечара і прыдумаць было немагчыма. Вы адразу вырашылі не ісці па пратаптаных сцежках традыцыйных юбілейных праграм акцёраў?

— Калі мне прапанавалі зрабіць творчы вечар, я спачатку жахнулася, таму што звычайна гэта вельмі складаная і адказная справа. А я не той чалавек, які пойдзе па нейкім простым шляху, кшталту возьме ўрыўкі са спектакляў і складзе з іх праграму — прыстойную і сімпатычную. Мне заўсёды трэба нечым уражваць, адкрываць нейкія Амерыкі для людзей. І я доўга думала — ці не паказаць проста спектакль, напрыклад “Чайку”? У роздумах мне дапамагаў і Віктар Манаеў (народны артыст Беларусі, акцёр тэатра імя Я. Купалы — Н.К.), які летась таксама рабіў свой творчы вечар, але ж ні за кім паўтараць мне не хацелася. І вось не без дапамогі Віктара і маёй Валюшы (Валянціна Гарцуева, дачка, актрыса тэатра імя Я. Купалы — Н.К.) праз некалькі дзён мяне асяніла: 100-годдзе Купалаўскага — гэта цудоўная нагода ўспомніць і пакланіцца маім родным, якія і ёсць гісторыяй гэтага тэатра, якія яго падымалі і стваралі яго неверагодную атмасферу.

/i/content/pi/cult/777/16783/7_1.jpg

Віншаванне ад калег на творчым вечары 8 снежня 2019 года 

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Самым складаным было менавіта прыдумаць тэкст. Бо я ні ў якім разе не хацела пісаць як нейкі тэатразнаўца, расказваць пра “уваходжанне ў ролю”, “падзяляць на перыяды творчасці” ці нешта падобнае — гэта нецікава і зусім нетэатральна. Я хацела, каб расказ ішоў ад мяне як ад чалавека — нават ад дзіцёнка, які памятае дзядоў і бабуль, бацьку і маці, каб гэта было пра людзей і іх узаемаадносіны. Каб была ў маіх расказах і пяшчота, і гумар, і любоў.

— І каб не было пафасу, мабыць.

— Пафас — гэта ўвогуле не пра мяне. Хаця пафасу насамрэч я хацела дасягнуць у якасці звышзадачы, каб ён быў па выніку, каб людзі не проста з цікавасцю паслухалі, а адчулі гонар за тое, што існавалі ў нас такія моцныя людзі, такія магутныя дрэвы, на якіх усё трымалася, і дзякуючы якім мы зараз тут працуем на сцэне. Але тэкст трэба было зрабіць лаканічным, рытмічным і жывым. І я адпакутвала над ім, пакуль дасягнула, чаго хацела.

/i/content/pi/cult/777/16783/6_1.jpg

Глеб Глебаў у спектаклі “Дамы і гусары”

— Мне падаецца, усё атрымалася, я нават падумала, што вам дапамагалі нейкія прафесіяналы — і з тэкстам, і з драматургіяй, і з пастаноўкай. А вы ўсё сама… Бадай што, гэта варта паказваць як нармальны спектакль.

— Так, мне ўжо сказалі, што трэба будзе паўтараць, што атрымалася цэльная праграма, а не проста творчы вечар. Я выбрала шэраг такіх гісторый, якія, па-першае, можна публічна расказаць, а па-другое, якія будуць мілымі і кранальнымі, пакажуць характар людзей. І мой, у тым ліку.

Вось толькі не трэба гэтага тэатра!

— Пра ваш характар у дзяцінстве вы расказалі некалькі адметных гісторый. Зала смяялася і нават крыху спачувала — асабліва, калі вы згадвалі пра сябе трохгадовую, што кінула на падлогу фанцік ад цукеркі і любавалася яго прыгажосцю, а дарослыя ў гэты момант вырашылі заняцца выхаваннем і абсалютна не ацанілі вашу “тонкую мастацкую натуру”. І тады вы паказалі, што такое сапраўдная трагедыя, прычым зрабілі гэта так удала, што бабуля параіла паказаць вас псіхіятру. “Вось толькі не трэба гэтага тэатра!” — фраза з жыцця. У якіх сітуацыях вы яе чуеце?

— Сапраўды, выведзеная з раўнавагі, я чалавек яркіх эмоцый. Фразу чую, калі, напрыклад, спрабую даказаць сваю правату, а мяне не разумеюць. Калі проста не разумеюць, а мне гэта важна. Тады я пачынаю размаўляць як быццам на сцэне з публікай — з дыкцыяй і пастаўленым голасам (смех). Але блізкія людзі мне так кажуць не ў якасці папрока — яны проста зніжаюць мой градус эмоцый. А ў дзяцінстве ў маіх паводзінах насамрэч хапала дзівацтваў, бабулю я неаднойчы пужала неадэкватнымі з яе пункта гледжання дзеяннямі. Да мяне тады цяжка было знайсці падыход — не дзіцёнак, а жудасць! (смех) Пры гэтым я абсалютны інтраверт, і тэмперамент у меня прыхаваны, потым ужо перароблены ў артыстычны. Таму мне на сцэне і было няпроста, асабліва на пачатку кар’еры. Бо ўнутры ў мяне многа, а адкрыцца і паказаць гэта ўсім — праблема.

/i/content/pi/cult/777/16783/6_2.jpg

Дзед і маці Зоі Белахвосцік: Глеб Глебаў і Вольга Глебава-Сарокіна

— Вас часта называюць прымай тэатра. Як вам у гэтай ролі? Знакаміты афарызм, што “тэатр — гэта тэрарыум аднадумцаў”. Ды і ўсе мы ведаем — чулі, чыталі, глядзелі, што ў тэатрах квітнеюць інтрыгі, што акцёры гатовыя на ўсё, каб трапіць у спектакль, і да таго падобнае.

— Насамрэч няма ў мяне ніякай ролі, я проста працую і больш нічога. Несумненна, мяне паважаюць, мабыць, я чалавек з аўтарытэтам. Але як вам сказаць — наш тэатр у гэтым сэнсе акуратны, па-чалавечы такі вельмі правільны, ніякай залішняй
субардынацыі ў нас няма. Не хочацца паўтараць банальную фразу пра адну сям’ю, але ў нас сапраўды добрыя стасункі, мы адзін аднаго паважаем, трываем. Даруем. Маючы адну любімую справу — тэатр — заўсёды можам паразумецца. Ні з кім і ні за што не змагаемся, не зайздросцім. Я часам нават думаю, што нармальнай здаровай канкурэнцыі ў нашым тэатры, можа, і не хапае, што яе павінна быць і болей. Залішні спакой у творчай справе не заўсёды на карысць.

Ад прадзеда дасёння

— На творчым вечары вы згадвалі, што ў артыстаў цяжкі лёс — што раней, што зараз.

— Я расказвала пра тое, як мой прадзед Павел Сарокін — адзін з найлепшых акцёраў славутай украінскай трупы Марка Крапіўніцкага — кінуў сцэну, бо на тэатральныя заробкі немагчыма было пракарміць сям’ю. І дадала: “Урэшце, як і ў наш час артыст не можа гэтага зрабіць”. Асабліва, мне падаецца, цяжка мужчынам-акцёрам. Увогуле, хлопчыку ў гэтай прафесіі трэба быць толькі першым, толькі галоўным. Калі гэта не так, лепей заняцца нейкай іншай, больш мужчынскай справай — і больш даходнай, зразумела, і больш незалежнай.

/i/content/pi/cult/777/16783/6_7.jpg

Бабуля Надзея Сарокіна, 1925 год

— Ваш муж, а цяпер рэжысёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Аляксандр Гарцуеў спачатку ж таксама быў акцёрам. Мы размаўляем у вашай грымёрцы, і я бачу, што на століку вы трымаеце фатаграфію Віктара Манаева. Іх лёсы — выключэнні з правілаў?

— Я свайго мужа заўсёды ва ўсім падтрымлівала — і ў прафесіі, і ў жыцці. Хоць у акцёрскай прафесіі ён і быў сярод “першых”, але таму і стаў рэжысёрам, што
надакучыў гэты стан — выбяруць цябе ці не? Надакучыла працаваць з бесталаннымі рэжысёрамі, падпарадкоўвацца ім і думаць: “Божухна, я ж у сто разоў болей за цябе разумею і магу!” Канешне, і актрысам такое “шчасце” дастаецца, і я сама яго зведала. Але дзякуй Богу, у мяне ёсць такія рэжысёры, як Мікалай Пінігін і Аляксандр Гарцуеў. І Віктару Манаеву пашчасціла, што ў яго ёсць свой рэжысёр — Мікалай Пінігін, заўсёды Мікалай Пінігін, які дакладна ведае, што рабіць з такім артыстам, як выкарыстоўваць яго дар, як правільна паказваць і як ім уражваць. Не ўсім так шанцуе.

/i/content/pi/cult/777/16783/6_3.jpg

Аляксандр Гарцуеў (у цэнтры) у спектаклі “Ажаніцца — не журыцца”

— Вы ўсё жыццё адпрацавалі на адным месцы. Ніколі не думалі, што нешта, магчыма, упусцілі, што ёсць жа ў Беларусі, ды й у свеце, іншыя тэатры?

— Крый Божа! Не трэба мне ніякіх іншых тэатраў, у Беларусі я працую ў найлепшым. Былі ў свой час і замежныя прапановы — з Польшчы, напрыклад, але я адмовілася і не шкадую. У бок Масквы я ніколі і не глядзела. Болей нідзе сябе не ўяляю. Хаця часам і захапляюся тым, што бачу на іншых сцэнах. Калі паглядзела у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі “Сірожу”, падумала: “Ну чаму гэта адбываецца не ў нас!” Таму што гэта проста шэдэўр.

Акцёрская прафесія не мае выхадных

— Вы не толькі прызнаная актрыса, але і педагог з вялікім стажам — навучаеце будучых акцёраў. Наколькі гэты занятак для вас сур’ёзны, ці ёсць выпускнікі, якімі вы ганарыцеся як настаўнік?

— Несур’ёзна гэтым
займацца нельга, і я аддала студэнтам больш за 20 гадоў. Праца вялікая і вельмі цяжкая — мне прасцей некалькі складаных спектакляў адыграць, чым правесці столькі ж добрых заняткаў. Канешне, ёсць артысты, якімі я цяпер магу ганарыцца, але пералічваць, бадай што, не буду — не ўспомніш каго, пакрыўдзяцца. Але наконт маёй будучыні ў якасці педагога, прызнаюся шчыра, я зараз раздумваю: часам здаецца, што ўсё дрэнна, проста трагедыя, і я перастану гэтым займацца. Бо студэнты пайшлі іншыя, не такія, якімі былі мы. Яны гэтай прафесіяй — акцёрскай — займаюцца ў шэрагу ста іншых спраў, тэатр для іх гэта пятая, шостая, ці нават дзясятая рэч па важнасці. Для мяне такое стаўленне — нонсэнс. Ты толькі пачынаеш, і не гарыш гэтым, не аддаешся цалкам, не спрабуеш прабіць ілбом сцену, не марыш пра дасягненне вышыняў майстэрства? То навошта тады? Калі раней на курс абавязкова было чалавек 7—8 сапраўдных, то зараз, калі пашанцуе, адзін-два.

/i/content/pi/cult/777/16783/6_4.jpg

Валянцін Белахвосцік у спектаклі “Жаніцьба Бялугіна”

— У сэнсе, тэатр гэта не месца працы, а лад жыцця. Вы на ўсё глядзіце вачыма актрысы?

— Канешне. Акцёрская прафесія не мае выхадных. Ты заўсёды быццам бы на працы, нават калі хаваеш каго-небудзь з блізкіх людзей. Вось што жахліва! Нават у самыя горкія моманты ловіш сябе на тым, што фіксуеш, якія ў каго рухі, жэсты, эмоцыі, як ты сам сябе паводзіш, — бо прызвычаіўся ўсё прыкмячаць і пераплаўляць для патрэбы сцэны, каб потым выкарыстаць. Канешне, гэта такая прафдэфармацыя, якая з узростам адчуваецца ўсё болей. І я не толькі па іншых гэта заўважаю — і па сабе таксама.

Прафесійны абавязак — мала есці

— Вы пачалі казаць пра ўзрост. Можа, для кагосьці з публікі будзе і нечаканасцю ваш 60-гадовы юбілей, бо, гледзячы вашы спектаклі, можна падумаць і пра лічбу, меншую ледзь не ў два разы. Але ўсё такі — лічба 60 вас не пужае?

— Каб яна мяне пужала, я павінна была б яе адчуваць, а я гляджу на яе і да сябе ніяк не прымяняю. Мабыць, калі ты многа працуеш, прычым працуеш галавой і душой, увесь час засвойваеш новае, нешта вучыш і вучышся, імкнешся быць у добрай форме і гэтак далей, то і ўзрост у цябе ідзе не так хутка. Калі маеш шмат чаго наперадзе, яшчэ столькі ўсяго хочаш — і зрабіць, і даследваць, і паспрабаваць — лічбы нічога не значаць. Ды й часы цяпер такія, што ўзрост па-іншаму вымяраецца. Раней жанчына, можа, і ў 40 гадоў лічылася ўжо немаладой, а цяпер многія і ў 80 не назавуць сябе старымі.

/i/content/pi/cult/777/16783/6_6.jpg

Зоя Белахвосцік у спектаклі “Паўлінка”. У ролі пана Быкоўскага — народны артыст Беларусі Арнольд Памазан.

— У спектаклях, напрыклад у “Рэвізоры” і “Чайцы”, ды й на творчым вечары, у вас такія сукенкі, якія неяк спецыяльна падкрэсліваюць вашу цудоўную фігуру, у ролях вам рэжысурай рыхтуюцца нават сцэны з негліжэ. Выдатна выглядаць — гэта ж яшчэ адзін прафесійны абавязак?

— Я таму і іграю часта ролі не па ўзросце, што так выглядаю. Я і раблю ўсё, каб так выглядаць і іх іграць. На працягу ўсяго жыцця сачу за сабой, каб быць у форме. Не заўсёды гэта давалася проста — здараліся ў жыцці розныя праблемы, калі было амаль немагчыма. А зараз стала нават неяк прасцей — стараюся многа рухацца і, канешне, мала есці. Адназначна — амаль нічога не есці. Ну, можа, вельмі рэдка, каб ежа існавала недзе там, у паралельным свеце. Бо потым жа трэба выходзіць на сцэну і пакутваць з гэтымі “наетымі” кілаграмамі, да таго сцэна ж яшчэ і моцна павялічвае. Сапраўды, гэта прафесійны абавязак — добра выглядаць. І мала есці (смех).

/i/content/pi/cult/777/16783/6_5.jpg

 

Валянціна Гарцуева ў спектаклі “Выкраданне Еўропы, альбо Тэатр Уршулі Радзівіл”

— Вы казалі, што ў вас яшчэ многа жаданняў, вы яшчэ многае хочаце зрабіць. А што, напрыклад?

— Трэба падумаць. Па-першае, я хачу прыносіць усім карысць, найперш сваёй дачцэ. Хачу, каб яна і зяць мной ганарыліся і захапляліся, каб я не была для іх нейкай бабулькай. Хачу, калі ў мяне з’явяцца ўнукі, каб мяне блыталі з іх мамай. Яшчэ шмат чаго хачу пабачыць, хачу паездзіць па свеце. Напісаць кнігу пра маіх продкаў. Вельмі хачу пабачыць цудоўныя новыя спектаклі рэжысёра Аляксандра Гарцуева — вельмі хачу. Зрабіць нешта такое, чаго яшчэ ніколі не рабіла. Канешне, хачу яшчэ многае і многае сыграць. Але наконт канкрэтных роляў не дазваляю сабе марыць — усё будзе так, як мае быць.

Фота прадастаўлены тэатрам