Сэт з вясковым каларытам

№ 37 (855) 13.09.2008 - 19.09.2008 г

На Міншчыне пытанне, як дыскатэкі з просценькай пляцоўкі для танцаў ператварыць у цікавы культурны аб’ект, пачалі вырашаць яшчэ чатыры гады таму з дапамогай арыгінальнай абласной праграмы “Дыскатэка”. Яна прадугледжвала паляпшэнне матэрыяльнай базы клубаў і дамоў культуры, сур’ёзную распрацоўку тэматычных дыскатэк. Абласны конкурс дзі-джэяў, што прайшоў у 2005 годзе ў Барысаве, паказаў, што праграма трапіла “ў яблычак”: разнапланавыя шоу прыйшліся даспадобы моладзі, і нават праліўны дождж у той год не змог разагнаць зацікаўленую публіку каля галоўнай конкурснай эстрады.

Восем гадзін без перапынку
Пробны праект даў культасветработнікам Міншчыны штуршок для далейшай працы ў абраным кірунку.
Веснавы рэспубліканскі семінар-практыкум па дыскатэчнай тэме, якому “Культура” прысвяціла тэматычны выпуск “Куфра-радцы” (гл. № 21 за 2008 г.), акрэсліў планку якасці ў правядзенні дыскатэк. Тая вучоба прынесла плён і самой Міншчыне: напрыканцы жніўня ў Старых Дарогах прайшоў ІІ абласны конкурс дзі-джэяў, які паказаў значны прафесійны рост шоу-праграм увогуле і іх вядучых у прыватнасці. Арганізатарамі праекта сталі Старадарожскі райвыканкам, упраўленне культуры і аддзел па справах моладзі Мінаблвыканкама ды Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці. Яны запрасілі ў Старыя Дарогі — горад, прадстаўнікі якога перамаглі на першым конкурсе, — 29 дзі-джэяў клубных устаноў і 14 творчых каманд з 12 раёнаў Міншчыны.
— Мы прынялі рашэнне, што і надалей творчае спаборніцтва будзе мяняць “месца” прапіскі ў залежнасці ад рэгіёна-пераможцы. Такім чынам мы зможам не толькі папулярызаваць якасныя дыскатэчныя праграмы, але і дапамагчы палепшыць матэрыяльную базу прымаючай установы, — зазначыла галоўны спецыяліст упраўлення культуры Мінаблвыканкама, старшыня журы Галіна ЛЯЙКО. — Аблвыканкам выдаткаваў Старадарожскаму аддзелу культуры на набыццё апаратуры 30 мільёнаў рублёў, акрамя гэтага райвыканкамам на правядзенне конкурсу было пералічана каля 9 мільёнаў рублёў.
Аддзел па справах моладзі аблвыканкама і Абласны вучэбна-метадычны цэнтр фізічнага выхавання насельніцтва выдаткавалі грошы для набыцця падарункаў. Дарэчы, прызы для тых, хто ўзняўся на п’едэстал, былі ці не самыя неабходныя ў дыскатэчнай справе: прафесійныя мікшэрныя пульты, навушнікі, мікрафоны.
Адметнасцю сёлетняга форуму сталася вялікая колькасць сярод канкурсантаў прадстаўнікоў сельскіх клубных устаноў. Прыкладам, у тым жа Барысаве спаборнічалі пераважна гараджане. У Старадарожскім РЦК журы за восем гадзін прагледзела 16 праграм. Уразіла, што ўвесь гэты час зала была амаль поўнай. Падлеткі прыехалі сюды не толькі для таго, каб паказаць сябе, а і каб адкрыць новае праз майстэрства аднагодкаў.
“Слухай, што робіш!”
А павучыцца было чаму. На жаль, некаторыя дзі-джэі проста не ведалі тэхнічных характарыстык сваёй апаратуры. Таму і рабілі элементарныя памылкі. Напрыклад, настройвалі музыку па навушніках у той час, калі ў калонках, што ў зале, гук адключыўся, ці купляліся на распаўсюджаную памылку, уласцівую няўрымслівай моладзі: маўляў, чым мацней грукацяць трэкі, тым дзі-джэй “круцейшы”. Пад час падобных “варыяцый” дэцыбелы білі ў дыяфрагму, вушы закладвала ад рэзкіх перападаў частот.
— Я прапанаваў бы маладым людзям абавязкова карыстацца асноўным пастулатам прафесійных дзі-джэяў: “Слухай, што робіш”, — пракаменціраваў гукавую навалу кіраўнік дыскатэкі “Пульс” барысаўскага Палаца культуры імя Горкага, які прайшоў нацыянальны адбор і прадставіць Беларусь на Дэльфійскіх гульнях, Дзяніс МАКСІМАЎ. — Рэцэпт просты: перад пачаткам дыскатэкі выйсці ў залу самому і паслухаць калонкі. Тады лёгка наладзіць апаратуру так, кааб не пашкодзіць слых і не пагоршыць самаадчуванне прысутных.
Другой значнай памылкай канкурсантаў стаў сцэнічны выгляд. Якую б тэму ні заяўлялі— дыска, рэтра ці “музычная тэрапія” — падлеткі выходзілі да пульта ў звычайнай вопратцы: майка і джынсы зрэдку “разбаўляліся” футболкай з лагатыпам уласнага клуба. А як жа адпаведны імідж? Да ўсяго, некаторыя ўдзельнікі за сэт амаль ні разу не паднялі вочы на гледача, забываючыся, што дзі-джэй перш за ўсё — асоба, якая можа адкрыць для публікі новыя музычныя плыні, і таму павінна ведаць, як аўдыторыя рэагуе на міксы.
Відавочнай стала добрая тэндэнцыя, пра якую яшчэ не так даўно на дыскатэках у малых гарадах, а тым больш у вёсках, і марыць нельга было: імкненне не проста ўключаць трэк за трэкам, але і мікшыраваць.
Дзі-джэі з “аператараў па эксплуатацыі абсталявання” становяцца сапраўднымі творцамі. Скарыў майстэрствам Юрый Сінкевіч з Зембінскага СДК Барысаўскага раёна (атрымаў спецыяльны прыз журы). Ён адзіны з удзельнікаў, хто выйшаў на сэт без дапамогі падтанцоўкі, канцэртных нумароў і конкурсаў, аднак зачараваў прафесійным дзі-джэінгам усю залу.
Высокі ўзровень прадэманстравалі случакі Ігар Катляроў і Дзяніс Сярга. На дыскатэцы “Маладзёжная тусоўка” Слуцкага ГДК надзвычай папулярнае рэтра з трэкамі ў стылі 80-х, змікшыраваных гэтымі дзі-джэямі. Захапіла праграма і старадарожцаў, а ўдалая ігра адразу на чатырох “вяртушках”, як і добра зладжанае выступленне, заслужылі першае месца. З мінімальным адрывам ад іх аказаліся землякі пераможцаў — дзі-джэі Антон Хількевіч, Станіслаў Сытнікаў і МС Вячаслаў Ілюкевіч са Слуцкага гарадскога маладзёжнага цэнтра. Падлеткам пакуль не хапае прафесійнасці дарослых калег з ГДК, але гэта лёгка паправіць цягам спецыяльных заняткаў.
Куды “go-go” без майстар-класа?
Паколькі ў Палажэнні аб ІІ абласным конкурсе дзі-джэяў было сказана пра шоу-праграмы, канкурсанты часцяком прывозілі танцавальныя нумары і дзяўчат “go-go”. Атрымаўся своеасаблівы агляд сучаснай харэаграфіі. Таму вельмі ўдалай для падлеткаў аказалася ідэя члена журы, галоўнага балетмайстра Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Уладзіміра Багунава правесці майстар-клас. Уладзімір Леанідавіч дапамог моладзі даведацца не толькі аб культуры танцавальнага суіснавання, паспрабаваць новую пластыку, але і пачуць карысныя звесткі пра тое, як правільна падбіраць сцэнічны касцюм да сучасных танцаў. На здзіўленне, для некаторых дыпламаваных харэографаў гэта аказалася сапраўднай праблемай.
Калі тэрміны “дзі-джэй” і “дзі-джэінг” ужо больш-менш зразумелыя ўсім, то вызначэнне паняцця МС — значна больш складанае. Моладдзю яшчэ не асэнсавана сутнасць працы гэтага ўдзельніка дыскатэкі — узаемадзеянне з аўдыторыяй.
Вядома, не ваўсіх атрымалася з першага разу данесці свой “мэсэдж” да залы. На гэтым фоне вельмі паказальным стала выступленне МС Дзмітрыя Мінько з дыскаклуба “Flash” Старадарожскага маладзёжнага цэнтра “Юнацтва”. Як зазначыла загадчык аддзела культурна-адпачынкавай дзейнасці МАЦНТ Тамара Яскевіч, захапленне дыскатэкай на такім узроўні дапамагло хлопцу разняволіцца, навучыцца зносінам з аднагодкамі, авалодаць уменнем дакладна выкладаць думкі, навучыцца імправізаваць. Ён стаў сапраўдным лідэрам у маладзёжным асяродку. У выніку зладжаная старадарожская каманда заняла III месца.
Рэтра.by: танчыла ўся зала
Пад час конкурсу засмучала адзінае: амаль усе праграмы ў музычным плане складаліся з хауса, папулярных эстрадных — расійскіх і замежных — мелодый, ды і тэксты МС былі падобнымі. Заяўленыя праграмы часцей за ўсё адрозніваліся толькі назвамі. Таму адкрыццём форуму стала дыскатэка “Аграрый” Палічынскага СДК Любанскага раёна з забаўляльна-гульнёвай праграмай “Рэтра-вечарына”. Палічынцы амаль адзіныя строга вытрымалі заяўленую назву. На сцэне працаваў шыкоўны МС Бульбаш — Андрэй Лапцік. Ён выйшаў у нацыянальным беларускім строі і правёў сэт на беларускай мове. Гэта было так шчыра і натхнёна, што пад трэкі, папулярныя ў часы бацькоў прысутнай моладзі, узнялася танчыць уся зала! Андрэй Лапцік стаў лепшым МС конкурсу.І
І абласны конкурс дзі-джэяў
яшчэ раз сцвердзіў думку, якая часта гучала на Рэспубліканскім семінары-практыкуме: каб дыскатэка стала папулярнай, ёй патрэбна мець сваё аблічча. Публіка зможа танчыць без стомы да ранку, калі праграма набудзе своеасаблівы каларыт. І тут “Аграрый” Палічынскага СДК быў па-за канкурэнцыяй. Вяскоўцы паказалі, што падобная адметнасць можа стаць прыярытэтным напрамкам у развіцці сельскай дыскатэкі. Тады лёгка можна будзе ўвесці ў плей-ліст песні айчынных выканаўцаў, сярод якіх шмат добрых танцавальных хітоў. Гэта паспрыяе папулярызацыі беларускай музыкі і стварэнню якаснага і, што не менш каштоўна, арыгінальнага прадукту, які зможа дыктаваць дыскатэчную моду ў краіне.

Настасся ПАНКРАТАВА,
наш спецыяльны карэспандэнт
Мінск — Старыя Дарогі — Мінск