Пазітыў — навідавоку

№ 52 (1439) 28.12.2019 - 04.01.2020 г

Вынікі дзеяння Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі”
Завяршэнне года — найлепшы час для падвядзення нейкіх вынікаў. Таму менавіта пра вынікі дзеяння Дзяржпраграмы “Культура Беларусі” на 2016 — 2020 гады “К” вырашыла пагутарыць з начальнікамі, а таксама з намеснікамі начальнікаў упраўленняў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкамаў краіны. І ўражанні ад размоваў, да слова, даволі прыемныя, так бы мовіць, перадсвяточныя — запланаваныя паказчыкі і стандарты выконваюцца, матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў культуры паляпшаецца, расце колькасць наведвальнікаў бібліятэк, музеяў ды клубных устаноў. Усе гэтыя пазітыўныя тэндэнцыі — навідавоку, пра што, натуральна, і казалі нашы суразмоўцы.

100 гадоў — нагода для абнаўлення

Першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Інга ЗАЎГАРОДНЯЯ:

— Асноўныя гадавыя вынікі Дзяржпраграмы мы падсумуем недзе ў лютым, але ўжо сёння можна сказаць пра тое, што ўсе яе паказчыкі намі выконваюцца. Як пісала “К”, 11 снежня Міжнародны камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO прыняў рашэнне аб уключэнні Юраўскага карагода (вёска Пагост Жыткавіцкага раёна) у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO, што, безумоўна, нас вельмі радуе.

Расце наведвальнасць музеяў і клубных устаноў вобласці, як і паказчыкі набыцця і рамонту музычных інструментаў у дзіцячых школах мастацтваў Гомельшчыны. Лічбы па набыцці музычных інструментаў, да слова, нават перавыконваюцца.

Калі казаць пра матэрыяльна-тэхнічную базу ўстаноў культуры Гомельскай вобласці, дык у першую чаргу варта згадаць, што сёлета, згодна з даручэннем Прэзідэнта Беларусі, мы змаглі значна палепшыць стан устаноў культуры Петрыкава. Так, у горадзе была капітальна адрамантавана дзіцячая школа мастацтваў, будынку якой не так даўно споўнілася 100 гадоў. Туды ж была закуплена мэбля, музычныя інструменты. Акрамя таго, мы абнавілі мясцовы Дом культуры, які хоць і раней намі рамантаваўся, але патрабаваў пэўных работ і сёлета. Таксама быў зроблены рамонт у раённым Доме рамёстваў, мясцовым музеі, кінатэатры, упарадкаваны гарадскі парк.

Дарэчы, мы паляпшаем базу ўстаноў культуры вобласці такім чынам ужо традыцыйна: скажам, летась падобнае абнаўленне культурнай сферы мястэчка зазнаў Брагін, а два гады таму — Жыткавічы. І падобная аднаўленча-рамонтная традыцыя, натуральна, будзе працягнутая намі і надалей.

След Міншчыны ў Кітаі

Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама Таццяна ХМЕЛЬ:

— Паказчыкі Дзяржпраграмы “Культура Беларусі” на 2016 — 2020 гады заўсёды трымаем пад кантролем. Скажам, на сёння ў нас поўнасцю выконваецца план па пазабюджэтных даходах, а ў бібліятэках вобласці забяспечана 100-працэнтная камп’ютарызацыя і выхад у інтэрнэт.

За год значна палепшылася матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў культуры Барысава. Так, быў праведзены рамонт у Палацы культуры горада, дзе цяпер ладзім розныя мерапрыемствы як раённага, так і абласнога маштабу, скажам, сёлетнія абласныя Дажынкі. Робім гэта ў сувязі з тым, што нам хочацца, каб Барысаў стаў фактычна другой, разам з Маладзечна, сталіцай Мінскай вобласці.

Але, натуральна, не забываем і пра іншыя раённыя цэнтры ці нават меншыя паселішчы. Так, сёлета быў даведзены да ладу Палац культуры ў Капылі, адрамантаваны Дом культуры ў Смілавічах, што ў Чэрвеньскім раёне. Таксама значныя фінансавыя сродкі прадугледжаны на капітальны рамонт Плешчаніцкага Дома культуры, што ў Лагойскім раёне, які быў зачынены для правядзення рамонтных работ яшчэ ў 2014 годзе.

Паспяхова развіваецца і міжнароднае супрацоўніцтва. Так, сёлета ў сакавіку прайшлі Дні культуры і турызму Мінскай вобласці ў кітайскім Чунцыне. А ў хуткім часе нашы калектывы чакаюць у Маскоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Так што сфера культуры Міншчыны сапраўды не мае межаў.

Косава — для турыстаў

Намеснік начальніка ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Алена КОЗІЧ:

— Згодна з планамі, напрыканцы года ў Палацы Пуслоўскіх, што ў Косава, будзе ўведзены ў строй рэстаран і кавярня. Так што ў хуткім часе турысты як з Беларусі, так і з блізкага і далёкага замежжа змогуць напоўніцу адчуць хараство і ўтульнасць гэтага маляўнічага месца Івацэвіцкага раёна. А налета ўвесь Косаўскі палац, на якім рамонтныя работы доўжыліся шмат гадоў і запатрабавалі значных фінансавых укладанняў, нарэшце будзе ўведзены ў дзеянне.

Таксама сёлета ў верасні пасля маштабнай рэканструкцыі быў адчынены абласны Тэатр лялек. Фінансавыя сродкі выдаткоўваліся і на стварэнне абноўленай пастаяннай экспазіцыі “Археалагічнага музея “Бярэсце”. Увогуле, вельмі шмат разнастайных мерапрыемстваў ладзілася ў абласным цэнтры з нагоды 1000-годдзя Брэста. А таксама не магу не згадаць, што сёлета Брэст стаў 15-й культурнай сталіцай Садружнасці Незалежных Дзяржаў, прыняўшы эстафету ад армянскага горада Горыс. Дзякуючы гэтаму, абласны цэнтр стаў актыўнай пляцоўкай для пашырэння міжкультурных сувязей з краінамі — удзельніцамі СНД і, мяркую, набыў яшчэ большую вядомасць ва ўсім свеце.

У Чавусах і Глуску — новыя ДК

Намеснік начальніка ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Наталля ПУШНОВА:

— Усе паказчыкі Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2016 — 2020 гады намі выконваюцца. І, натуральна, цягам года ладзіліся нашы брэндавыя фестывалі, бо, як вядома, у вобласці штогод праходзіць звыш 30 міжнародных, рэспубліканскіх, абласных і рэгіянальных мерапрыемстваў. Большая частка традыцыйных фестываляў вядомая далёка за межамі не толькі Магілёўшчыны, аб чым сведчаць геаграфія і колькасць краін-удзельніц. Так, штогод мы становімся цэнтрам самабытных і яркіх культурных мерапрыемстваў, у ліку якіх — Міжнародны маладзёжны тэатральны форум “М.art.кантакт”, фестываль народнай творчасці “Вянок дружбы”, фестываль анімацыйных фільмаў “Анімаёўка” і іншыя.

Таксама можам пахваліцца тым, што сёлета ў Глуску і Чавусах былі ўрачыста адкрытыя пасля рэканструкцыі і рамонтных работ раённыя Дамы культуры. Скажам, у Чавусах работы па рэканструкцыі будынка раённага Дома культуры і добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі вяліся паўтара года. Зараз абноўлены Дом культуры адпавядае сучасным патрабаванням і нормам, што прад’яўляюцца да ўстаноў культуры. Цяпер тут створаны ўсе ўмовы для правядзення раённых культурна-масавых мерапрыемстваў, працы клубаў і аматарскіх аб’яднанняў.

Філармонія, Сапега, рэстаўрацыя

Начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена КЛІМОВІЧ:

— Пачну з найбольш значнага: у Гродна нарэшце, пасля маштабнай рэканструкцыі, адчынілася абласная філармонія. Там цяпер усталявана самая сучасная тэхніка ад сусветных вытворцаў, што дазволіць праводзіць мерапрыемствы на высокім узроўні, прымаць зорак першай велічыні. Канцэртная зала разлічана на 1200 месцаў (раней, нагадаю, было толькі 600). А яшчэ сярод знакавых падзей для вобласці не магу не згадаць адкрыццё помнікаў канцлеру ВКЛ Льву Сапегу ў Слоніме і князю Гедыміну ў Лідзе.

Сёлета на многіх аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны вобласці праводзіліся рамонтна-рэстаўрацыйныя работы. Іх фінансаванне ажыццяўлялася як у межах дзяржаўнай і абласной інвестыцыйных праграм, Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2016 — 2020 гады, так і за кошт сродкаў фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, а таксама ўласнікаў і спонсарскіх сродкаў.

Вельмі важны для нас аб’ект — Стары замак, дзе працягваюцца аднаўленчыя работы. За кошт сродкаў, выдаткаваных з фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, праводзіліся работы па кансервацыі сцяны Крэўскага замка, а таксама аднаўленне вежы Гальшанскага замка. Увогуле варта зазначыць, што эфектыўнае правядзенне работ на гэтых і іншых аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны — вынік сістэмнай і зладжанай працы Міністэрства культуры краіны і Гродзенскага аблвыканкама.

Думаю, не памылюся, калі скажу, што сёння амаль кожны аграгарадок Гродзеншчыны мае сваё брэндавае мерапрыемства. Гэта адметнасць нашай стратэгіі пашырэння культурнай працы ў вобласці, калі вялікая ўвага надаецца арганізацыі вольнага часу жыхароў аграгарадкоў і сельскіх аддаленых населеных пунктаў. Пры арганізацыі свят асаблівая ўвага надаецца тым рэгіёнам, дзе выяўлены і ўнесены ў Дзяржаўны спіс аб’екты нематэрыяльнай спадчыны. Так, сталіся традыцыйнымі і запатрабаванымі “Гудзевіцкі фэст”, “Адэльскі фэст”, “Свята пісанкі”, “Свята млынароў”, “Ліпнішкаўскія сенакосы” ды многія іншыя. Гэтую працу будзем ладзіць і надалей.

Сто танцораў? Лепш 200!

Намеснік начальніка ўпраўлення культуры — начальнік аддзела работы арганізацый сферы культуры Віцебскага аблвыканкама Галіна БАРКЕВІЧ:

— Намі паспяхова рэалізавана праграма “Традыцыйны касцюм Віцебскай вобласці”. Інакш кажучы, у кожным раёне гэты касцюм цяпер рэканструяваны. Выдадзены адмысловы фотаальбом, а таксама на пастаяннай аснове ладзіцца свята — “Турнір побытавых танцаў”, на якім, да прыкладу, могуць з лёгкасцю прадэманстраваць сваё майстэрства да 100 танцавальных пар. Натуральна, танцоры з усіх рэгіёнаў танцуюць у рэканструяваных касцюмах сваёй мясцовасці.

Пасля рамонту і рэканструкцыі сёлета адчыніліся раённы Дом культуры і ДШМ у Браславе. Таксама праходзяць рамонтныя работы ў Віцебскім каледжы мастацтваў ды Шумілінскім гарадскім Цэнтры культуры, ідзе рэканструкцыя з мадэрнізацыяй ва Ушацкім музеі народнай славы імя Уладзіміра Лабанка.

Значная ўвага, у тым ліку і згодна з Дзяржпраграмай “Культура Беларусі” на 2016 — 2020 гады, надаецца намі і міжнароднаму супрацоўніцтву. Шмат гасцей з замежжа прымаюць нашы брэндавыя фестывалі — міжнародны фестываль “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”, міжнароднае свята традыцыйнай культуры “Браслаўскія зарніцы”, міжнародны “Вішнёвы фестываль” у Глыбокім ды іншыя. А прадстаўнікі сферы культуры вобласці неаднаразова пабывалі на фестывалях і святах за межамі Беларусі — у Расіі, Літве, Латвіі ды іншых краінах.