У Раздзялавічах усё нармальна…

№ 51 (1438) 21.12.2019 - 28.12.2019 г

Ужо на выездзе з гэтага населенага пункта ў мяне адбылася хуткаплынная размова з жанчынай-веласіпедысткай — работніцай сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва. У тутэйшы Дом культуры яна не ходзіць — некалі, па сваёй гаспадарцы маса ўсялякіх спраў. Дзеці яе, паступіўшы ў інстытуты, раз’ехаліся па гарадах. Назад вяртацца не збіраюцца, уладкаваліся там. “І куды вяртацца? — задала мая суразмоўніца рытарычнае пытанне і сама ж на яго адказала. — Толькі на тыя грошы, што мы атрымліваем, сям’і не падымеш”. Не на пазітыве праводзілі Раздзялавічы аглядальніка “К”. А пачыналася ўсё…

/i/content/pi/cult/776/16767/018.JPGБез традыцый — ніяк

...з майго знаёмства з Вольгай Рабцэвіч і яе слоў:

— Заняць пасаду дырэктара нашага сельскага Дома культуры мне прапанавалі тры гады таму. Выбар упаў на мяне, напэўна, таму, што мама тут доўгі час спявала.

А мама Вольгі Міхайлаўны асоба ў Раздзялавічах легендарная. У нялёгкія для традыцыйнай сельскай культуры 1990-я гады, калі многім было не да яе — самім бы выжыць, яна стала яе ахоўніцай. Тады ў поўнай меры раскрыўся талент Соф’і Мікалаеўны як краязнаўцы, дзякуючы няўрымсліваму характару жанчыны абрады ў гэтай мясцовасці не проста заставаліся ў памяці народнай, а, нягледзячы ні на што, праводзіліся рэгулярна.

І дачка сёння працягвае з калектывамі ўстановы развіваць тую асноватворную лінію, якой яна вынікала, а менавіта — адраджэнне, захаванне і прасоўванне мясцовай абрадавай культуры. І спадзяюцца падзвіжнікі на тое, што традыцыі будзе каму перадаць, — на тых жа дзяцей са школы: так, напрыклад, больш за дваццаць яе навучэнцаў наведвае танцавальны гурток, спасцігаючы асновы старадаўніх народных танцаў Каза, Мікіта і іншых.

— І атрымліваецца ў іх вельмі добра, — канстатуе спадарыня Рабцэвіч. — Яны — паўнапраўныя ўдзельнікі абрадаў. А вось з выкананнем народных песень у падлеткаў горай — не так лёгка даецца ім аўтэнтычны дыялект: з ім трэба было нарадзіцца, а сярод іх бацькоў ужо мала хто можа назваць сябе яго носьбітамі.

Аднак, “крытыкуючы” сваіх выхаванцаў, дырэктар адначасова і нахвальвае фарміраванні, якія функцыянуюць пры СДК. Асабліва “дастаецца” членам гуртка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і дзяўчатам і хлопцам з фальклорнага гурта “Раўчукі” — спадарожніка вядомага ў краіне народнага фальклорна-этнаграфічнага калектыву “Завіца”. Добра ведаюць яго і, скажам, у Польшчы. Тамтэйшыя калегі беларусаў нават па-добраму зайздросцяць ім — таму, што ансамблю ўдалося зберагчы мастацтва архаічнага танца, што яго артысты лепш, чысцей іх выкарыстоўваюць у песнях палескую гаворку.

— На буйных мерапрыемствах наш ДК заўсёды поўны, — кажа Вольга Рабцэвіч. — Шараговыя ж збіраюць дзесьці чвэрць залы. Цяжка цяпер завабіць людзей на канцэрты: калі дарослыя яшчэ на іх ходзяць, то ў падрастаючага пакалення цікавасць не занадта вялікая.

У кантэксце самадзейнай творчасці мы з дырэктарам закранулі і тэму, якая хвалюе і яе, і дырэктараў клубных устаноў наогул. Ужо занадта пад празмерным кантролем знаходзіцца дзейнасць калектываў, што носяць званне “народны”, і больш за ўсё пільнай увагі дастаецца іх кіраўнікам — прынамсі ў пытанні таго, якім чынам, не парушаючы законы, яны сумяшчаюць свае працы: па асноўным месцы і ў якасці кіраўнікоў аматарскіх аб’яднанняў.

Што напісана на плоце

Загадчыца сельскай бібліятэкі Ганна Рабцэвіч да майго візіту ва ўстанову абыходзіла аграгарадок — разносіла па дамах пажылых людзей разнастайную літаратуру. Такім абслугоўваннем насельніцтва яна займаецца кожную пятніцу. А што ж юныя чытачы?

— Хацелася б, каб іх прыходзіла пабольш, але, як ёсць, так ёсць, — паведамляе Ганна Уладзіміраўна. — Сёлета, дарэчы, у моладзі найбольшым попытам карыстаюцца творы беларускіх класікаў — Янкі Купалы, Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава. У сярэдняга пакалення з айчынных аўтараў папулярныя Віктар Гардзей, Аляксей Галаскок, Анатоль Крэйдзіч, які нядаўна быў у нас у гасцях. Любіць ён нашу ўстанову, часта нават проста так заязджае.

Будзь я празаікам або паэтам, што жыве ў аграгарадку або ад яго непадалёк, таксама ў бібліятэку наведваўся б сістэматычна — у вялікім, прасторным памяшканні, якое яна займае ў Доме культуры, ёсць дзе разгарнуцца абмену думкамі аб літаратурных працэсах. Адпаведна, калі памеры “сховішча” дазваляюць, то і фонд салідны — больш чатырнаццаці тысяч асобнікаў кніг. Прычым, самыя адданыя наведвальнікі папаўняюць яго самастойна, купляючы для ўстановы навінкі.

— Пры бібліятэцы дзейнічаюць два аб’яднанні — “Молодёжный перекресток”, якое праводзіць тэматычныя мерапрыемствы для навучэнцаў дзявятых — адзінаццатых класаў, і “Мурашнік” — клуб аматараў прыроды, з яго ўдзельнікамі мы нярэдка выбіраемся ў лес на экскурсіі, ладзім экалагічныя акцыі, — тлумачыць спадарыня Рабцэвіч. — Натуральна, і там, і там практыкуюцца імпрэзы, звязаныя з літаратурай. Што з кніг у першую чаргу цікавіць, дапусцім, членаў “...Перекрёстка”? Вядома, у якіх ёсць чыстая, моцная любоў!

Пералічваючы шматлікія праекты, што арганізуе кніжніца, Ганна Уладзіміраўна падрабязней спыняецца на “Бібліятэчным плоце”, — калі чытачы пішуць на спецыяльным стэндзе свае пажаданні, просьбы, заўвагі ў адрас установы. Выступаюць у ёй, дарэчы, не толькі госці-пісьменнікі, але і фальклорныя калектывы СДК, дорачы прысутным сваю творчасць, распавядаючы ім пра асаблівасці традыцыйнай культуры краю. У 2020-м годзе бібліятэка будзе ўдзельнічаць у конкурсе на лепшую крэатыўную кнігу. Прыадчыняючы таямніцу, спадарыня Рабцэвіч паведаміла мне, што, хутчэй за ўсё, у Раздзялавічах вырабяць дзіцячае выданне, можа, адначасова і гульнявое.

— Нейкіх невырашальных праблем у нашай дзейнасці няма, — падводзіць вынік гутаркі загадчыца. — Аднак да нязручнасцяў я б аднесла тое, што ацяпляемся мы маленькімі батарэямі, у зімовую пару года халаднавата тут. Аб гэтым ведаюць, просяць пакуль пачакаць. Марым і аб мультымедыйнай тэхніцы.

Дыплом ад міністра

Рэцэнзента “культурнага поля” Раздзялавічаў Георгія Дубоўскага пацягнула паспрабаваць сябе ў разьбе па дрэве дваццаць гадоў таму, калі ён працаваў машыністам кацельні. “Нікога ў радні не было з тых, хто б займаўся гэтым рамяством, — успамінае ён. — А мяне — раз, і нешта “пераклініла”. Першай я зрабіў лыжку. І пайшло-паехала: спачатку дробязь усякую выразаў — грыбы, невялікія фігуркі жывёл, а ў апошні час перайшоў на буйныя формы — на статуі — думаю, можа, пара ўжо вуліцы аграгарадка імі пачаць упрыгожваць”. Сваё мастацтва майстар выстаўляе па ўсёй краіне — ад роднага Ганцавіцкага раёна да Мінска, экспанаваліся яго работы і ў Польшчы. Не засталося незаўважаным уменне Георгія Валянцінавіча дзяржаўнымі інстытутамі, а сярод узнагарод ёсць і грамата ад Міністэрства культуры. “Калісьці я вёў у школе гурток, але так як разьба — штука небяспечная, адзін няёмкі рух і моцна параніцца можна, — то хутка згарнуў заняткі, — спадар Дубоўскі паціскае плячыма. — А вучняў у мяне няма, так ужо атрымалася”. Зрэшты, не выключана, што ў найбліжэйшай будучыні на базе ці СДК або на іншай пляцоўцы гурток разьбы па дрэве створаны будзе.

Каментарый Георгія ДУБОЎСКАГА:

— У Доме культуры пастаянна бываю. Мы, — народжаныя ў СССР, — любім добрую музыку, народную, танцы народныя. А гэтага ўсяго ва ўстанове шмат. І што прыемна, не адны пенсіянеры песні спяваюць, а ёсць моладзь, закаханая ў фальклор. А танчаць дзяўчаты з хлопцамі — любата! У бібліятэку я запісаны, бяру ў ёй і па рамяству кнігі, і прыгодніцкія творы, на гістарычную тэму. Не ведаю, як у іншы час, аднак пры мне заўсёды хтосьці нешта сабе пачытаць выбірае. Ды нармальны ў нас народ у аграгарадку, з культурай сябруе!

...Праводзіўшы поглядам незнаёмку на ровары, я ўспомніў тое, што мне казала Ганна Рабцэвіч: “Я люблю сваю прафесію, люблю размаўляць з чытачамі. Але сумна становіцца на душы, калі даведаешся, што нехта з аграгарадка збіраецца з’язджаць. Моладзь як больш-менш устане на ногі, імкнецца знайсці сабе месца ў гарадах”. Вось такая праўда, што суседнічае і з той, якая заключалася ў апошняй у размове са мной фразе Георгія Дубоўскага…

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"