Пераднавагодні бум

№ 51 (1438) 21.12.2019 - 28.12.2019 г

Гродзенскі цэнтр “Спадчына” прыслаў абвестку пра серыю майстар-класаў “Навагодні бум”. Я патэлефанаваў ва ўстанову 16 снежня, калі гэтыя майстар-класы якраз і распачаліся. Адказала метадыст Алена Шыдлоўская. Яна паведаміла, што запісалася на ўдзел у рамесніцкай вучобе 12 ахвотных. Колькасць іх павінна павялічыцца, бо жанравы дыяпазон прапаноў даволі вялікі. Па словах метадыста, майстар-класы прысвечаны тэхнікам мокрага валяння, мастацкай апрацоўкі тэкстылю, а таксама — дэкаратыўна-прыкладному мастацтву, кераміцы і жывапісу. Заняткі ладзяцца кожны дзень, у іх бяруць удзел пяць майстроў цэнтра. Вынікам сумесных намаганняў “Навагодняга бума” стануць сувенірныя пацукі, анёлы, калядныя вянкі, падсвечнікі, зімовыя пейзажы…

/i/content/pi/cult/776/16766/017.JPGЗіма на зіму пакуль не падобная. Але свой настрой мы павінны фармаваць самі. Дырэктар Лідскай дзіцячай мастацкай школы Валянціна Грышкевіч піша, што надвор’е на Новы Год пастаянна рознае, а вось традыцыі роднай установы застаюцца нязменнымі. Адна з іх — штогадовы дабрачынны кірмаш. Чарговы адкрыўся 11 снежня. На выставе можна было набыць сувеніры, зробленыя рукамі настаўнікаў і іх выхаванцаў. Выручаныя грошы пайшлі на дапамогу хворым дзецям.

Яшчэ адна нядаўняя дабрачынная акцыя. Гэтым разам — у Карэлічах. Вікторыя Касцюк з аддзела метадычнай работы Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці распавяла: “Акцыя рэспубліканская і называецца “Нашы дзеці”. Марафон добрых дзей працягнецца да 10 студзеня. Прадпрыемствы і арганізацыі, валанцёры рыхтуюць падарункі не толькі школьнікам, але і сталым людзям. Прынамсі, Дзед Мароз паабяцаў, што зробіць усё, каб не было наўкола пахмурных твараў”.

Свята “Ёлка ў Елцы” на Зэльвеншчыне анансавалася ў папярэднім аглядзе пошты. Святлана Якута з Зэльвы ўдакладняе, што трохгадзінная займальная праграма сабрала больш за 300 гасцей. Пачаў дзейнічаць палац Дзеда Мароза, які выконваў усе жаданні. А яшчэ былі факельнае шэсце і фаер-шоу.

Наконт “усіх жаданняў”. Я асабіста і не памятаю, каб я ў дзяцінстве верыў у Дзеда Мароза. Я верыў у бацьку. Ён мне і настрой навагодні ды пах ёлачны забяспечваў і абавязковыя мандарыны дзесьці набываў.

Нібыта шараговыя мерапрыемствы бібліятэчнай Бярэзіншчыны амаль заўжды выглядаюць як нечаканае свята. Мяркуйце самі: месячнік літаратурнага краязнаўства тут назвалі “Вялікая літаратура з правінцыйнай прапіскай”. Брава! Загадчык мясцовага маркетынгу Тамара Круталевіч — вядомая прыдумшчыца. Гаворка на адным з мерапрыемстваў месячніка ішла пра пісьменніц Святлану Лобач і Алу Саскавец.

Краязнаўчую тэму працягвае бібліятэкар Мураванскай сельскай бібліятэкі з Шчучынскага раёна Марыя Сямашка. Выстава “Шчучыншчына — мой родны кут” арганізавана да 80-годдзя ўтварэння раёна. Гаворка ішла і пра таямніцы Мураванскай царквы-крэпасці.

У Ашмянах прайшоў конкурс “Малады спецыяліст XXI стагоддзя”. Аліна Санюк з аддзела метадычнай работы Ашмянскага РЦК паведамляе, што сёлета ў арганізацыях раёна працуе 121 малады спецыяліст. У конкурсе на прафесійнае майстэрства ўдзельнічалі восем. Сфера раённай культуры, наколькі я зразумеў, маладымі зоркамі, на вялікі жаль, прадстаўлена не была. Але не ўсё, як аказалася, так кепска. Як мне паведамілі ў РЦК адзін малады спецыяліст ад культуры пайшоў у войска, а другая прыхварэла і не змагла удзельнічаць у конкурсе. Шаноўныя, пастарайцеся не хварэць!

А ў Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася літаратурна-музычная кампазіцыя, прысвечаная творчасці Аляксандры Пахмутавай і прымеркаваная да 90-годдзя кампазітара-аўтара больш за 400 песень. Пра гэта паведаміла бібліятэкар установы Кацярына Страха. У той вечар, натуральна, гучалі знакамітыя песні.

Яшчэ дзве навіны, прысвечаныя персаналіям. Палац мастацтваў Бабруйска, па словах яго метадыста Кацярыны Крыловай, правёў арт-гадзіну ў гонар стагоддзя з дня нараджэння мастака Уладзіміра Дамарада. А ў Ваўкавыскай райбібліятэцы, піша Жана Баклажэц, гаворка з вучонымі ішла пра творчасць Міхаіла Лермантава.

Верхнядзвінскі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці стаў месцам правядзення абласнога свята нацыянальных культур “Нас з’яднала зямля Беларусі”. Пра гэта піша метадыст Віцебскага абласнога метадычнага Цэнтра народнай творчасці Ала Лялькіна. Адбыліся прэзентацыі нацыянальных рамёстваў і кухань. “Выступілі фальклорныя калектывы, — распавядае аўтар, — з Глыбоцкага, Шумілінскага, Шаркаўшчынскага, Верхнязвінскага, Полацкага, Ушацкага раёнаў, а таксама гурты з Расіі і Латвіі”.

І зноў гаворка пра Палац мастацтваў Бабруйска. Тут адбыліся шосты па ліку інклюзіўны кірмаш талентаў “Пад сузор’ем дабрыні” і інтэлектуальная гульня “Правы і абавязкі навучэнцаў”.

Традыцыйным конкурсам прыгажосці ды грацыі парадаваў жыхароў Дзятлава мясцовы Цэнтр культуры і народнай творчасці.

Людміла Рыбік з Ашмян напісала пра земляка Мар’яна Козара, які выразаў выяву Ісуса Хрыста, што ўсталявана ля касцёла ў Іўі. Разьбяр па дрэве працуе ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры вёскі Паляны. Таленавіты, сціплы, шматгранны. Як аказалася, спадар Мар’ян валодае не толькі разцом. Ён цудоўна малюе, валодае ганчарнай справай. Пасля рамонту ў былым будынку аграрна-эканамічнага каледжа, куды пераязджае цэнтр рамёстваў, майстар будзе весці гурток “Асновы выяўленчага мастацтва”. Людміла Рыбік прыгадвае словы творцы: талент — нібы дажджавая хмара, павінна праз некага праліцца. Такіх як Мар’ян Козар хмары любяць. Ад сябе дадам вось што. Нешматлікія японскія кавалі, знаёмыя з тэхналогіяй вырабу самурайскай халоднай зброі, лічацца нацыянальным набыткам краіны. Заўважце, годны статус мае не традыцыя, а яе носьбіт. Люблю самураяў. Банзай!

Вяртаемся да навагодняй тэматыкі. У Мазалаўскім сельскім Доме культуры, піша наш сталы аўтар Андрэй Струнчанка, працуе выстава савецкіх ёлачных цацак. Вельмі настальгічнае мерапрыемства, бо некаторым ёлачным упрыгожванням больш за 60 гадоў.

Метадыст з Мастоўскай райбібліятэкі Вольга Коршун паведамляе, што яе ўстанова разам з работнікамі сельскага клуба “Азёркі” адправіліся ў экспрэс-маршрут “Спяшаемся вам казку падарыць”. Яны праехалі па вёсках Букштава, Котчына, Лабзова і Малыя Азёркі.

І апошняя на сёння інфармацыя з Ашмяншчыны. У аграгарадку Баруны прайшла забаўляльна-музычная праграма “Эх, ты Зімушка-зіма!”

Не абысціся сёння без пераднавагодніх рэкамендацый і паведамленняў Таццяны Бычанок з Савецкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях горада Мінска. Яна распавядае, што ў сталіцы да 31 снежня праходзіць акцыя “Бяспечны Новы год”. У сувязі з гэтым парады наступныя. Петарды, ракеты і феерверкі неабходна набываць толькі ў спецыялізаваных крамах, дзе ёсць сертыфікат адпаведнасці правілам бяспекі. Піратэхнічныя вырабы не павінны быць мятымі ці пашкоджанымі. Нельга ўтрымліваць іх на кухні, ля батарэй ацяплення. Цяпер — пра выбар месца для ёлкі. Яна павінна быць устойлівай. І ўсталёўваць яе варта ўдалечыні ад абагравальных прыбораў. Нельга выкарыстоўваць папяровыя гірлянды, штучны снег з ваты. Калі загарэлася электрагірлянда, адразу выцягніце вілку з разеткі, паваліце ёлку на падлогу, каб полымя не ўзнімалася ўверх. Штучную ёлку нельга тушыць вадой. Не забывайцеся, што палімеры пры гарэнні выдзяляюць атрутныя рэчывы.

На сёння — усё. Пішыце пра цікавае! Здзіўляйце і радуйце! Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"