Сюжэт спектакля незвычайны і многія аматары сцэнічнага мастацтва яго добра ведаюць. Але нагадаю яшчэ раз. Пасля смерці мужа Бернарда Альба (артыстка Вікторыя Міхальчык) аб’яўляе ў доме жалобу і разам з пяццю дочкамі, ролі якіх сыгралі артысткі тэатра Наталля Шугай, Марына Рубель, Наталля Кліменка, Дзіяна Федасевіч, Галіна Ерамейчык, хаваецца ў сценах свайго дома. Маці абмяжоўвае свабоду дзяўчат, якія не могуць распараджацца сабой і адчуваюць сябе, нібы іх пахавалі жывымі. Да старэйшай з сёстраў сватаецца Пепе — “самы відны тутэйшы хлопец”. Але сапраўднае каханне ён адчувае да малодшай Адэлі, якая таксама моцна закахалася ў яго. Вось тут і пачынаецца драма жыцця. У спектаклі толькі жаночыя героі, якія выконвае ансамбль вядучых актрыс тэатра і, вядома ж, маладых.
Спектакль у Слоніме выклікаў неадназначную рэакцыю гледачоў, бо адным ён спадабаўся, іншым — не вельмі. Але “жаночая” п’еса дала магчымасць паказаць самыя розныя варыянты характараў, тэмпераментаў і ўзростаў. Падчас спектакля адчуваюцца эпізоды няпростага прыватнага жыцця багатага іспанскага дома, якія момантамі проста выліваюцца ў глядзельную залу. Ды і сама Бернальда Альба выглядае далёка не тыранам, але строгаю жанчынай, якая патрабуе ад сваіх дачок перажыць час жалобы. Ды і дочкі выглядаюць нейкімі млявымі, нібыта іх нехта напалохаў. Адна з іх выглядае запалоханай, другая замучанай, а трэцяя проста гультайнічае… А ёсць і такія, якія на сто працэнтаў у душы пагаджаюцца з маці...
На прэм’еры спектакля ў Слонімскім драмтэатры пабываў беларускі тэатральны рэжысёр прафесар Рыгор Баравік, які станоўча выказаўся пра новую працу калектыву і адзначыў, што спектакль у пастаноўцы слонімскіх артыстаў зацікавіць многіх гледачоў і прынясе пэўнае задавальнне. Тым больш, што рэжысёр спектакля Сяргей Яскевіч і выканаўца Бернарды Альбы актрыса Вікторыя Міхальчык — былыя студэнты вядомага рэжысёра.
Падчас абмеркавання спектакля Рыгор Іванавіч спыніўся на кожнай ролі ў спектаклі, правёў спецыяльны ўрок рэжысуры сярод вопытных майстраў сцэны і маладых акцёраў. За што калектыў тэатра яму вельмі ўдзячны.
Сяргей ЧЫГРЫН