“Хіт-парад” у Новым драматычным

№ 51 (1438) 21.12.2019 - 28.12.2019 г

Тэатральных фестываляў становіцца ў нас усё больш. Дый нашы калектывы ўсё часцей выязджаюць на разнастайныя замежныя форумы. А ці можа быць фестываль аднаго тэатра? Адказам на гэта пытанне сталі “Сустрэчы ў Новым — 2019”, што прайшлі на дзвюх сцэнах сталічнага Новага драматычнага. Цягам дзесяці дзён былі паказаны сем спектакляў гэтага тэатра, пастаўленых за два з паловай апошнія сезоны. Завяршыўся ж “хіт-парад” прэм’ерай “Беспасажніцы” Аляксандра Астроўскага — пад новай назвай “Я рэч…”. Маўляў, у Новым — усё новае?

/i/content/pi/cult/776/16762/011.JPGБылі паказаны наступныя працы: “Фабрычная дзяўчынка”, “Пёс Белага вострава”, “Жанна”, “Як важна быць сур’ёзным”, “З жыцця выкапняў”, “Дажыць да прэм’еры” і згаданая прэм’ерная “Я рэч…” Акрамя дзвюх, усе астатнія пастаўлены галоўным рэжысёрам тэатра Сяргеем Кулікоўскім. Па-за межамі фестывальнай праграмы апынулася “Раство”, пастаўленае крыху раней — у кастрычніку 2017-га. Шкада, бо пры ўсёй традыцыйнасці гэтага спектакля ён цікавы зваротам да творчасці Якуба Брайцава, беларускага літаратара канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў. І тым, як яго проза “перакладзена” ў п’есу былым артыстам тэатра Ігарам Падлівальчавым, “схаваным” за псеўданімам Ігара Соніна.

На фестываль былі запрошаны эксперты — айчынныя крытыкі, практыкі, выкладчыкі на чале з кандыдатам мастацтвазнаўства, прафесарам кафедры рэжысуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Рыгорам Баравіком. Пасля кожнага прагляду яны сустракаліся з трупай і выказвалі свае меркаванні, заўвагі, парады, а ў канцы вызначылі чатырох лепшых артыстаў. Не засталіся ў баку і гледачы, штодзень апускаючы імёны сваіх улюбёнцаў у спецыяльную празрыстую скрыню. Уладальнікам прыза глядацкіх сімпатый (праўда, пакуль толькі ў выглядзе папяровай граматы, бо прэміі былі абяцаны кіраўніцтвам да Міжнароднага дня тэатра ў сакавіку), прычым з вялікім адрывам у колькасці галасоў, стаў Арцём Пінчук. Яго ж адзначыла і журы, уключыўшы ў сваю “пераможную чацвёрку” таксама Наталлю Капітонаву, Надзею Анцыповіч і Андрэя Бібікава.

/i/content/pi/cult/776/16762/012.JPGНа жаль, пашырыць кола лаўрэатаў не ўдалося, як гэта было мінулым разам — у маі 2017-га, калі фэст праводзіўся ўпершыню. Тады, дарэчы, абсалютна ўсе эксперты, адзначаючы тыя-іншыя хібы, літаральна ў адзін голас прадракалі тэатру бліскучую будучыню: маўляў, маючы такіх таленавітых артыстаў, можна горы звярнуць! Не адбылося: паловы тых, хто быў адзначаны, у трупе ўжо няма. У гэтым сэнсе “Фабрычная дзяўчынка”, якой адкрываліся “Сустрэчы ў Новым — 2019”, стала шмат у чым сімвалічнай. На прэм’еры гэта быў спектакль пра яркую асобу, якую “перамолвае” ідэалагізавана-сацыялістычны строй грамадства. Пры цяперашнім акцёрскім складзе — гэта спектакль пра простыя чалавечыя радасці савецкіх часоў. Дзяўчаты ў інтэрнаце змяняюцца (святое месца пустым не бывае) — жыццё працягваецца, і ва ўсіх адна думка: толькі б не было вайны. Кацярына Ермаловіч, фота якой змешчана на праграмцы, быццам прадказала роляй Жэнькі свой лёс. Ці ўзбагацілася праз гэта нацыянальная культура? Адказ відавочны. Таму галоўнае пытанне, якое высвеціў фестываль, — узаемаберажлівае стаўленне адзін да аднаго: сфера мастацтва і без таго перажывае не лепшыя часы.

Тэмы ўзаемапаразумення, адказнасці за жыццё сваё і блізкіх пад тым ці іншым ракурсам узнімаліся ва ўсіх спектаклях. Не страціла актуальнасці вострасучасная “Жанна” з Наталляй Капітонавай у цэнтральнай ролі (гл. “К” № 42 за 2018 г.). Камедыя “Як важна быць сур’ёзным”, пазначаная як “легкадумная”, вабіць не толькі танцавальнымі “інтэрмедыямі”, але і лёгка выкладзенай сур’ёзнай думкай пра тое, што не імя ці месца ўпрыгожваюць чалавека, а акурат наадварот.

Калі трэба было б вызначаць лепшы спектакль фестывалю, дык ім, падобна на тое, аказалася б пастаноўка “З жыцця выкапняў”. У час яе сакавіцкай прэм’еры (гл. “К” № 15 за 2019 г.) асобным навелам цыкла бракавала акцёрскай дасканаласці. Цяпер спектакль стаў больш цэласным, у ім яшчэ больш выявілася закладзенае рэжысёрам Дзмітрыем Багаслаўскім варыяцыйна-сімфанічнае развіццё, якое ўзнікла дзякуючы купіраванню адной з частак п’есы Ф. Стропеля і перастаноўцы астатніх. Праз рэжысёрскія прыдумкі з’ядналіся паміж сабой першыя і другія часткі кожнай дзеі. А вось трэція рэзка адрозніваліся: калі антракту папярэднічала бліскучая буфанада з адценнем чорнага гумару, дык у фінале ўзнікла так званая ціхая кульмінацыя. Спектакль міжволі стаў набліжаць нас да думкі, што нават блізкія адна адной лініі развіцця могуць мець розныя вынікі. Чым не філасофія жыцця і смерці?

/i/content/pi/cult/776/16762/013.JPGКолькі ні нахвальвалі б вераснёўскую пастаноўку “Дажыць да прэм’еры”, асабіста мне цяжка пагадзіцца з надта рэалістычным прачытаннем абсурдысцкай п’есы Мікалая Рудкоўскага. Бо ўласцівыя драматургу прыёмы кінамантажу з хуткай зменай самых разнастайных месцаў дзеяння ў спектаклі вырашаюцца праз мноства побытавых рэчаў, якія перашкаджаюць гледачу ў сэнсавых пошуках. А між тым, многае ва ўбачаным павінна наводзіць на далёка не адназначныя роздумы. Да прыкладу тое, што галоўная гераіня з сімвалічным іменем Вера (Надзея Анцыповіч) паўстае як дыктатар. Захопленая хай спачатку і самай добрай мэтай, яна не бачыць вакол сябе жывых людзей, а пракладае па іх свой шлях да дасягнення задуманага. Тэма Дастаеўскага? Ды толькі вырашаецца яна тут іначай.

Спектаклю нададзена азначэнне “артхаўсная камедыя”. Але адчуванне артхаўса як інтэлектуальнага аповеду “не для ўсіх” увесь час парушаецца з-за жадання рассмяшыць, хаця насамрэч зусім не смешна. У выніку п’еса застаецца больш глыбокай, чым яе цяперашняя пастаноўка. Але дададзеныя рэжысёрам калажныя ўстаўкі з класічных п’ес аказаліся вельмі дарэчы. У драматурга такая цытата была адна. Цяпер, калі іх стала больш, атрымалася дадатковая гістарычная повязь, што здольна пашырыць тэматыку твора.

Некаторы час таму знакаміты Аляксей Дудараў напісаў новую п’есу “Пёс Белага вострава”. Яе пастаноўка ў Новым драматычным набыла відавочныя абрысы інтэрактыўнай камедыі. Рэжысёр Святлана Навуменка разам з драматургам значна перапрацавала тэкст: штосьці скарацілася, пераставілася, узніклі новыя фрагменты. Сярод іх ёсць і маналог Гамлета, якога калісьці іграў галоўны герой, і шчырыя прызнанні, а таксама шматлікія інтэрактывы памрэжа Лілі, якой у першай аўтарскай версіі не было, і лінія Еўдакіі — яшчэ аднаго дададзенага персанажа. П’еса, якую няцяжка знайсці ў Сеціве, была настальгічна-рамантызаванымі ўспамінамі-марамі, дзе Белы востраў паўставаў гэткай хай ідэалістычнай, але рэальнасцю. Усе сюжэтныя павароты былі патлумачаны абсалютна рэальнымі падзеямі, прычым адразу, нават часам з апярэджваннем падзеі. У спектаклі ж і Пёс (Арцём Пінчук), і Белы востраў аказваюцца амаль прывідамі — матэрыялізаванымі чалавечымі думкамі накшталт “Салярыса”. А фінал і ўвогуле выводзіць дзеянне кудысьці ў духоўную сферу: Белы востраў становіцца тым прыстанкам, дзе ўсе мы калісьці сустрэнемся, каб пераацаніць сваё зямное жыццё.

У адрозненне ад п’есы, вытрыманай у адной спавядальнай танальнасці, спектакль прыцягвае полістылістыкай, поліжанравасцю, нечаканымі адгалінаваннямі ў розныя бакі — ажно да гульняў з публікай. І закранае куды большае тэматычнае поле. Гэта не толькі, паводле філасофіі Ліса з “Маленькага прынца” Экзюперы, адказнасць за тых, каго мы прыручылі, але і ўласна тэатральная праблематыка, і больш яскрава прапісаныя лініі чалавечых узаемаадносін, і нават, дзесьці на ўзроўні падсвядомасці, куды больш шырока разгорнутая тэма ахвяраў — праз нумарныя азначэнні на тканіне задніка (мастак — Юрый Саламонаў).

Спектакль ідзе ў малой зале, прызначанай для эксперыментальных пастановак, гледачы змяшчаюцца ў міні-амфітэатры з трох бакоў ад сцэнічнай пляцоўкі. І гэта адсутнасць падзелу на сцэну і залу дазваляе гледачам адчуць сябе часткай тэатральнага працэсу. Спектаклі тут ставіліся і раней, але гэты — лічыце, першы, уключаны ў рэпертуар Новага драматычнага. Хацелася б верыць, далёка не апошні.

Значна пераасэнсавана і “Беспасажніца” Аляксандра Астроўскага ў спектаклі “Я рэч…” галоўнага рэжысёра Сяргея Кулікоўскага. Справа не толькі ў тым, што скарачэнне тэксту было скіравана на новыя сэнсавыя акцэнты. Гэта пастаноўка абсалютна лагічна, нават з відавочнай сцэнаграфічнай спасылкай, працягнула лінію Астароўскага — Чэхава, заяўленую ў ранейшых спектаклях “Калі б ведаць…” паводле “Навальніцы” і “Тры сястры”. Чым не трылогія?

Карандышаў, які звычайна трактаваўся як нікчэмны чалавек, ператварыўся ў інтэлігента, знешне чымсьці падобнага да Чэхава (Арцём Пінчук). Ён дорыць Ларысе раманс — мяркуючы па манеры выканання, уласна напісаны. З уласцівай людзям творчага складу жыццёвай наіўнасцю і непрыстасаванасцю да жорсткіх рэалій, ён лёгка паддаецца падману. Гэтак жа лёгка яго можна падпаіць, бо ён не такі бравы “выпівоха”, як іншыя. А вось Ларыса (Надзея Анцыповіч) — чалавек выключна эмоцый, якія перашкаджаюць ёй хаця б калісьці ўключаць розум. І эгаізму, які не дазваляе ёй падумаць пра навакольных. Скінуўшы маску сціплай, выхаванай дзяўчыны (а менавіта так яна ахарактарызавана ў праграмцы), яна б’е ўпаўшага Карандышава нагамі, бы ў баі без правілаў. Сцэну яе смерці мы не бачым. Чуем толькі стрэл у закуліссі, які вымушае дадумваць іншы фінал — з самазабойствам Карандышава, у якога таксама рухнулі ўсе мары: Ларыса, якую ён абагаўляў, аказалася ўсяго толькі прыгожай. Унутры — пустэча. Ключом для такога прачытання становіцца і азначэнне, вынесеная ў назву.

Спектакль як нельга лепей праецыруецца на становішча культуры і інтэлігенцыі ў любую эпоху, калі грамадствам пачынаюць кіраваць найперш грошы. І калі прыгажосць, якая здаўна была адным з сінонімаў мастацкасці і павінна была выратоўваць чалавецтва, ператвараецца ў свой эрзац — тую штампаваную прыгожасць, што лёгка купляецца-прадаецца, ды не выратоўвае нікога. Таму адно тое, што ў сённяшніх складаных умовах Новы драматычны тэатр не ідзе толькі за касай, а імкнецца пашыраць рэпертуар удумлівымі пастаноўкамі і праводзіць свой фестываль, заслугоўвае павагі.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"